Слоним
weather
25
Зельва
weather
25
Волковыск
weather
27
Мосты
weather
27
Дятлово
weather
27
Барановичи
weather
24
EUR 2.3272
USD 1.9984
RUB(100) 3.1481
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Рапуха. Апавяданне

15 апреля 2018 11:37
228
Поделиться:

Мянушку гэтай няшчаснай кабеце, з якой паздзекавалася прырода, злыя людзі далі проста абразлівую. У яе былі выпуклыя вочы, тонкія губы, над якімі навісаў тоўсты нос. Постаць невысокая, нязграбная, нібыта зроблена з гліны няўмелым скульптарам. Ішла як падскоквала на кароткіх таўсматых нагах. Яна з`явілася ў Дзьму­хаўцах прыгожай летняй парой, калі на другім беразе рэчкі Кавенькі зацвіталі травы. Недзе апоўдні падышла да хаты Сымона Кубліцкага, які разам са сваёй кабетай ужо даўно спачываў на мясцовых могілках і, патаптаўшыся на ганку, піхнула дзверы, што ніколі не былі замкнёныя. Няпрошаную госцю ўбачыла са свайго надворка суседка Вікця Дуброўка.
— Гэй, ты чаго там лазіш? Хто дазволіў? — крыкнула праз плот.
— Старшыня сельсавета дазволіў, бо мне няма дзе жыць. Хат жа пустых у вас вунь колькі, але ў некаторых ёсць спадкаемцы, а гэта, кажа, нікому не патрэбна. Жыві, пакуль што якое…
— А што якое? — дапытвалася цікаўная Вікця, але прышлая кабета не адказала, пасунулася ў хату.
— Прывалаклася невядома адкуль і будзе жыць па суседстве, — жалілася вясковым бабам Вікця. — Можа, якая бандытка ці зладзейка, хто ведае. Старая ўжо, гадоў за шэсцьдзесят, а дабра не нажыла. У невялікім вандзэлку прынесла нейкія рэчы, можа, апранатка. Дзіўна ўсё гэта… А каб вы паглядзелі, бабачкі, якая страшная! Чыста жаба-рапуха. Проста нейкае насланнё, дый годзе! Каб якой бяды на нашу вёску не навалакла…
— Якой бяды, курыца ты рабая?! — не сцярпеў дзед Кастусь Мяшчэрскі, які чуў іхнюю размову. — Замест таго, каб паспагадаць кабеце, асуджае, абзывае. На сябе спачатку паглядзі, прыгажуня такая. Работы табе няма, толькі плёткі разносіць.
Вікцю нібы шылам укалолі. Ужо што-што, а рабой курыцы стрываць не магла. Ведала, што так яе называюць усе ў вёсцы за вастраносы твар, густа ўсеяны рабаціннем. Дык жа за вочы, а гэты трухлявы пень проста ў вочы назваў, ды яшчэ пры бабах! А тыя і рады: пасміхваюцца, прыкрыўшы шчарбатыя раты далонямі ды ражкамі хусцінак.
Вікця адразу пераключылася на дзеда, ахарактарызавала і яго, і дзяцей, і ўсю радню. Той завярнуўся і пайшоў, а яна ўсё лямантавала наўздагон, забыўшыся пра чужую кабету, што магла наклікаць на вёску бяду.
Лета, увабраўшыся ў сілу, не давала вяскоўцам перадыху, бо на пяты сенаванню наступала жніво, а ў лесе паспелі ягады, пайшлі грыбы, так што ўсе былі заняты.
Вясковыя кабеты так і не дадумаліся спытаць у старшыні сельсавета пра чужаніцу, але ў іхніх галовах Вікця пасеяла непрыязнасць да яе. Усе сачылі за ёй, прыглядваліся. Бывала, разам здавалі ягады нарыхтоўшчыку, які праз дзень прыязджаў у вёску. Здавала і чужынка, бо, не маючы ніякага занятку, штодзень хадзіла з вядром у лес. Не ведаючы яго, ніколі не заблудзілася і ні разу не прынесла нарыхтоўшчыку менш, чым тое дванаццацілітровае вядро.
— Замову нейкую ведае, няйначай! — шапталіся бабы. — Каб у чужым лесе ды столькі назбірваць!
Бяда ў вёску накацілася як гром з яснага неба: не прыйшла з пашы карова Сцяпана Мірановіча. Алесь Кубелька, які ў той дзень адпасваў чаргу, выпіў пасля абеду віна і заснуў, паклаўшы галаву на купіну. Калі прачнуўся, то ўбачыў, што ўвесь статак пасецца ў грэчцы. Ледзь выгнаў. Ён і не заўважыў, што адной каровы няма. Як зайшло сонца, пагнаў рагуль у вёску.
Сцяпан, як і ўсе ў Дзьмухаўцах, чакаў карову ля варот. Яе не было. Ужо ўвесь статак прапыліў міма і пыл развеяўся…
— Дзе мая Стрэлка?! — накінуўся на пастуха.
— А я ведаю? Усе ж былі…
— Усе былі, а маёй няма!
Пачуўшы лямант, на вуліцу павыходзілі людзі і дружна накіраваліся ў поле. Шукаць. Бедная жывёліна ляжала ў грэчцы. Убачыўшы людзей, ціха замычэла.
— Усё, жыць не будзе, — агледзеўшы карову, вынес прысуд стары Кастусь, які некалі працаваў у калгасе ветэрынарам. — Трэба горла перарэзаць, то, можа, хоць мяса ўдасца прадаць, як ветэрынарны кантроль дазволіць.
Гаспадар хуценька збегаў дадому і прынёс касу. Дзед Кастусь перарэзаў карове горла.
— Гэта ўсё прышлая вінавата! — дзерлася на ўсё поле Вікця. — Гэта яе варожкі. Ніколі ж такога ў вёсцы не было на маёй памяці!
І хоць выявілася, што карова разам з травой праглынула шыпуль ад калючага дроту, словы дурной бабы запалі вяскоўцам у памяць. Ніхто не адказваў на прывітанні чужанкі, глядзелі скоса не толькі кабеты, але і некаторыя мужчыны. Людзі нібыта аглухлі і анямелі.
А час бег. Ужо і зіма заступіла на дзяжурства, змяніўшы гнілую восень. Ледзь не кожны дзень прышлая кабета хадзіла ў лес і валакла на плячах вязанку сухога галля. І ў той дзень яна таксама сунулася з вязанкай, як раптам убачыла, што на рэчцы праваліўся ў палонку нейкі хлопчык. Дзеці, якія коўзаліся разам, сыпанулі на бераг і крычалі, клікалі на дапамогу. Кабета скінула з плячэй вязанку і разам з ёй папаўзла да палонкі. Схапіла хлопчыка і пасунулася да берага. А тут ужо і вяскоўцы набеглі…
Адразу і не падумалі пра выратавальніцу, не ўбачылі, што ляжыць яна ля берага на лёдзе. А калі ўбачылі, было позна.
— Сэрца спынілася… — сказаў фельчар з ФАПа.
Пахавалі кабету на вясковых могілках. Крыж паставілі. Старшыня сельсавета сам напісаў прозвішча, імя і імя па баць­ку, бо меў яе пашпарт. Галко Марфа Патапаўна… Сказаў, што яна з Украіны, уцякла ад вайны…
Вяскоўцы разыходзіліся з могілак апусціўшы галовы, бо вочы еў пякучы сорам…

Малюнак Яўгена Іванова

Scroll Up