Слоним
weather
25
Зельва
weather
25
Волковыск
weather
27
Мосты
weather
27
Дятлово
weather
27
Барановичи
weather
24
EUR 2.3272
USD 1.9984
RUB(100) 3.1481
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Па-суседску з Пеляніцыным

16 апреля 2018 9:40
516
Поделиться:

Пеляніцын на трыбуне падчас адкрыцця СПТВ-5 1 верасня 1969 года

Слонімец Генадзь Дзядзечкін на 20 гадоў маладзейшы за колішняга легендарнага старшыню Слонімскага гарвыканкама Васіля Пеляніцына. Пеляніцыну сёлета ў сакавіку споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Дзядзечкіну ў гэтым годзе будзе 80.

Генадзь Паўлавіч працяглы час жыў з Васілём Іванавічам па суседстве і расказаў карэс­пандэнту «ГС», якім ён запомніў той далёкі ўжо час і гэтага чалавека.
— Мы пазнаёміліся на вуліцы. Я тады жыў на вуліцы Гагарына, а Пеляніцын на 1-м Пераездзе. Нашы хаты стаялі на адлегласці не большай за 50 метраў. Там і пазнаёміліся. Пра яго нельга было сказаць, што гэта чыноўнік у сённяшнім разуменні, — пачынае расказваць Генадзь Дзядзечкін.
— Генадзь Паўлавіч, а якім Вы помніце Пеляніцына?
— Чалавечным. Ён заўсёды вітаўся з суседзямі, падвозіў на службовай машыне. Па-суседску Васіль Іванавіч неаднойчы запрашаў нас з жонкай у госці. Мая Броня з яго Марыяй сябравалі. Можна сказаць, мы сябравалі сем`ямі. У жыцці так атрымалася, што Пеляніцын забіраў на машыне маю Броню з малодшай дачкой Ленай з раддома. Я тады быў у камандзіроўцы ў Германіі. Васіль Іванавіч паабяцаў, што паклапоціцца пра жонку, пакуль мяне не будзе. І слова сваё стрымаў. Ён заўсёды трымаў слова. Хоць чакаць маіх каля раддома яму прыйшлося тады гадзіны паўтары, а можа і больш. Дактары нешта наблыталі з дакументамі. Жонку доўга не выпускалі. Увесь гэты час Пеляніцын стаяў і чакаў. Не пайшоў разбірацца, хоць быў кіраўніком горада. Такі быў чалавек. Ніхто ад яго дрэннага слова не чуў.
— А якім Вам запомніўся Пеляніцын як кіраўнік?
— Чалавекам справы. Давайце зараз узгадаем, што Пеляніцын зрабіў для Слоніма. Камвольна-прадзільную фабрыку, новыя цэхі КПЗ, райбальніцу, новы Дом культуры, СПТВ №5, Лабазоўскае возера, гарадскую лазню, гарадскі парк адпачынку, дзе былі танцавальная і валейбольная пляцоўкі, граў духавы аркестр, а на набярэжнай канала Агінскага, якая захавалася яшчэ ад «польскага часу», адкрыў лодачную станцыю, дзе за капейкі можна было браць напракат лодкі. Пры ім паўсюдна асфальтаваліся гарадскія вуліцы, а да хат слонімцаў пачалі падводзіць прыродны газ. Васіль Іванавіч казаў, што на другім беразе Альбярцінскага возера пабудуе для слонімцаў дом адпачынку. Там жа такія маляўнічыя мясціны… Не паспеў. Ён вельмі шмат зрабіў, я тут далёка не ўсё ўспомніў. Але і планы ў яго былі, што патрэбна рабіць у горадзе. Гаспадар Слоніма быў.
— Генадзь Паўлавіч, можаце параўнаць Слонім часоў Пеляніцына з цяперашнім часам?
— Сёння Слонім не адпавядае часу, у якім існуе. Наш горад быццам завіс паміж мінулым і будучыняй. Калі, напрыклад, параўноўваць гарадскі парк часоў Пеляніцына (1965-1975 гады) з нашым часам, то ў тыя часы жыццё ў парку кіпела штодзень і штовечар. А сёння што?.. Паставілі танныя спартыўныя трэнажоры ды радуюцца. Набярэжную нармальную ніяк не могуць зрабіць. Затое рэкламную тумбу, якая столькі гадоў стаяла ў парку, прыбралі… І так ва ўсім.
— Дык чаго, на Вашу думку, сёння не хапае Слоніму, каб квітнеў, як у часы Пеляніцына?
— Пеляніцына не хапае. І не толькі гораду, а ўсёй Беларусі не хапае такога Пеляніцына…
— Генадзь Паўлавіч, людзі пасля вайны жылі бедна, але… Працягніце фразу, як?
— Бедна — не тое слова. Мы з маці прыехалі ў Слонім у 1946 годзе. Бацька мой загінуў на фронце ў 1942 годзе. Дык вось на першы Вялікдзень у Слоніме ў нашай сям`і была вялікая скрыня — гэта стол і дзве маленькія, якія служылі крэсламі. На той стол маці паклала пяць вараных бульбін і пучок зялёнай цыбулі. Так і святкавалі. У тыя часы і лебяду мы елі, і крапіву. Але жылі з надзеяй на лепшае. У 16 гадоў пайшоў я працаваць, вядома, не ад добрага жыцця. І тады толькі мяса калі-нікалі пачало з`яўляцца на стале. Я ў маладосці працаваў і вучыўся завочна. І тэхнікум, і інстытут так скончыў. У арміі служыў. Усё жыццё імкнуўся нечага дасягнуць. І дасягаў. Займаўся любімай справай. Заўсёды хацелася быць лепшым у вачах маёй любай жонкі… Я быў шчаслівым чалавекам. Мой брат, які захварэў адразу пасля заканчэння медінстытута, хварэў усё жыццё, але прайшоў усе ступені ў сваёй прафесіі, стаў прафесарам, доктарам медыцынскіх навук, вынаходнікам новай медыцынскай тэхнікі. Я гэта кажу цяпер не для пахвальбы — мы так жылі. Спачатку было вельмі цяжка, але з кожным годам мы тады рабілі сваё жыццё лепшым.
— А сёння?
— Сёння мы ўсе ў такім загоне, што выбрацца з яго не зможам доўгія гады. Пакуль з даўгамі не разлічымся… І ўсім нам сёння не хапае Пеляніцына.

Scroll Up