Погода в Слониме:Погода на неделю:
около 0
EUR - 2.403 BYN
USD - 2.034 BYN
RUB - .03461 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Слоним
150

Пісьменнік-фантаст патапіў зомбі ў канале Агінскага

13.11.2016 Міхал Клеафас Агінскі — знакаміты дзяржаўны дзеяч і кампазітар. У маладосці Міхал Клеафас часта бываў у Слоніме ў свайго дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага, дзе атрымліваў першыя музычныя ўражанні ад тэатра еўрапейскага ўзроўню, на сцэне якога ішлі лепшыя оперы і балеты таго часу. І вось зусім нядаўна Міхал Клеафас Агінскі стаў яшчэ і супергероем. Амаль як Супермэн ці Капітан Амерыка.

Уладзімір Садоўскі

А ўсё таму, што ён стаў галоўным героем першай беларускай зомбі-хорар-аповесці «1813», якая ўжо выклікала немалую цікавасць у беларускім сегменце інтэрнэту. Зазначым, што сродкі на яе выданне сабралі з дапамогай краўдфандынгу (то бок калі ў аўтара праекту няма сродкаў, яму праз інтэрнэт збіраюць сродкі ўсе ахвотныя).

Гэта далёка не першы выпадак у сусветнай літаратуры, калі знакаміты дзеяч мінулага становіцца барацьбітом з пачварамі ў фантастычных аповедах. Самы яскравы таму прыклад — амерыканскі раман «Аўраам Лінкальн — паляўнічы на вампіраў», дзе галоўны герой — былы прэзідэнт ЗША.

У «1813» Агінскі абараняе родны край і змагаецца з арміяй зомбі, якія складаюцца з непахаваных жаўнераў французскага войска Напалеона. А французы сталі зомбі з-за таго, што патурбавалі злосны прывід у маскоўскім Крамлі, калі захапілі Маскву.

Як правіла, у многіх аповесцях ёсць працяг. А што, калі ў новым апавяданні галоўным героем стаў бы не Міхал Клеафас, а Міхал Казімір Агінскі? Пра гэта ўсё мы даведаемся ў аўтара «1813» пісьменніка Уладзіміра Садоўскага:

— Думкі наконт працягу ў мяне ўжо ёсць. І калі галоўным героем стане Міхал Казімір, то прыйдзецца перанесці час з`яўлення зомбі на гадоў сорак назад, у 1780-я гады ў Слонім. То бок зрабіў прыквэл «1813». Думаю, што было б вельмі цікава. Мяркую, галоўнай фішкай у змаганні з зомбі ў Міхала Казіміра было б прымяненне інжынерных збудаванняў. Прыкладам, з дапамогай канала (цяперашняга канала Агінскага) затапіў бы частку тэрыторыі, запоўненай мерцвякамі. Актораў свайго знакамітага тэатра ён таксама абавязкова пачаў бы выкарыстоўваць у вайне з зомбі. Артысты слонімскага тэатра маглі б пераапранацца ў зомбі, каб праходзіць праз запоўненую мерцвякамі мясцовасць у пошуках падмогі. Таксама, як вельмі практычны чалавек, ён мог бы некалькі паланёных зомбі выкарыстаць у якасці бясплатнай працоўнай сілы на адной са сваіх слонімскіх фабрык.

— А як у Вас увогуле ўзнікла ідэя падобнага зомбі-хорару?

— Узнікла праз збег абставінаў. Я хадзіў у літаратурны гурток у нас у Маладзечне, і нас фонд Агінскага папрасіў што-небудзь напісаць пра земляка: паэму ці які пафасны аповед. Мне такі фармат быў нецікавы, і я падумаў, што калі і напішу пра Агінскага, то гэта будзе нешта фантастычнае. У мяне ён не будзе музіцыраваць, а будзе біцца з зомбі, напрыклад. Затым я зацікавіўся гісторыяй нашага горада і даведаўся, што ў Агінскіх тут былі ўладанні. Таксама ўзгадаў, што каля мястэчка зімой 1812 года адбылася адна з апошніх бітваў напалеонаўскіх войск і што тады шмат засталося непахаваных салдат. І тут усё склалася ў адзіную карціну — забітыя салдаты паўсталі як зомбі, а Агінскі, які апынуўся ў радавым замку, вымушаны з імі змагацца.

— Вы раней публікавалі свае творы?

— Так, мае апавяданні выходзілі ў часопісах «Маладосць», «Дзеяслоў», у газеце «Літаратура і мастацтва». Нядаўна выйшаў міжаўтарскі зборнік «Мой дзень пачынаецца» выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе таксама ёсць мае два апавяданні.

— Быў ужо, напрыклад, амерыканскі фільм-фэнтэзі «Аўраам Лінкальн — паляўнічы на вампіраў». Як думаеце, калі-небудзь можа з`явіцца фільм «Aгінскі супраць зомбі»?

— Я мару пра гэта. Калі я пісаў твор, то ўяўляў яго ў выглядзе фільма жахаў.

— Якія Вашы любімыя фільмы, літаратурныя творы?

— Адна з маіх любімых кніжак — гэта антыўтопія «1984» Оруэла. З фантастыкі апошняга дзесяцігоддзя вельмі спадабаўся раман Пітэра Уотса «Несапраўдная слепата». З фільмаў, дарэчы, ёсць шмат добрых зомбі-жахаў, з якіх я таксама браў натхненне. Гэта «Праз 28 дзён», «Золак мерцвякоў» Рамэра, «Сусветная вайна Z» і іншыя. Мне падабаюцца розныя фільмы. З любімых — «Касмічная адысея 2001» Кубрыка, «Форэст Гамп» Зэмекіса, «Выратаваць радавога Раяна» Спілберга. Таксама вельмі падабаецца беларусьфільмаўскі «Ідзі і глядзі».

— І апошняе пытанне. Плануеце зарабіць грошай на «1813» ці гэта была творчасць, як кажуць, для душы?

— Ужо тое, што сабраў грошы на выданне кнігі пры дапамозе краўдфандынгу і неабыякавых да тэмы людзей, мяне цешыць. Калі кола аматараў зомбі-тэматыкі пашырыцца, я буду толькі рады. Зрэшты, зарабляць толькі літаратурай я пакуль не планую, дый і цяжка гэта рабіць у нас.

Фота з уласнага архіва Уладзіміра Садоўскага

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments