Погода в Слониме:Погода на неделю:
+12..+14
EUR - 2.091 BYN
USD - 1.859 BYN
RUB - .03322 BYN
АИ-92 — 1.11 руб.
АИ-95 — 1.19 руб.
ДТ — 1.23 руб.
Газ — 0.62 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 180.10 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 15%
Спадчына
317

Развіццё Слонімшчыны ў часы Другой Рэчы Паспалітай

19.02.2017 Згодна з заключанай 18 сакавіка 1921 года ў Рызе мірнай дамовай паміж Савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай, каля 113 тысяч км2 Беларусі з насельніцтвам звыш 4 млн. чалавек перайшлі ва ўладанне польскай дзяржавы. Анексіраваная тэрыторыя была падзелена на ваяводствы, паветы і гміны.

Польскія жаўнеры на роварах, Слонім

Польскія жаўнеры на роварах, Слонім

У склад адноўленага 4 лютага 1921 года згодна з гістарычнай традыцыяй Навагрудскага ваяводства ўвайшоў Слонімскі павет, які адпавядаў тэрыторыі даваеннага Слонімскага ўезда.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны

У часы Расійскай імперыі Слонімскі ўезд займаў плошчу ў 7138 км2, дзе ў 1912 годзе пражывала 291 тысяча чалавек (41 чал/км2), з якіх каля 23 тысяч жылі ў Слоніме. Паводле дадзеных перапісу 1897 года, 10% жыхароў павета былі каталікамі, 74% — праваслаўнымі, а 15% — габрэямі. Павет вылучаўся сваімі памешчыцкімі маёнткамі (36 з 1000 дзесяцін), вакол якіх канцэнтравалася 40% ворыўнай зямлі.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Слоніме існавалі шэраг прадпрыемстваў, на якіх працавалі каля 4 тысяч чалавек: 4 лесапільныя заводы, 2 паравыя млыны, 2 суконныя фабрыкі, 2 фабрыкі фіранак, 7 гарбарань, 2 фабрыкі цвікоў, фабрыка сельскагаспадарчых машын, фабрыка запалак, пергаменту, мыла, 2 фабрыкі дражджэй, 2 цагляныя заводы.

У горадзе з 1896 года дзейнічаў водаправод, які належаў заможнаму прадпрымальніку Хершу Куніцу. У 1897 годзе ўзнікла пажарная ахова. Дзейнічалі жаночая гімназія, рэальная школа, бібліятэка, асветніцкае таварыства.

Пасля польска-савецкай вайны

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны вёскі павета былі спустошаны, а ў Слоніме засталося ўсяго каля 500 гарадскіх пабудоў. У той жа час было разбурана 59 мураваных і 798 драўляных будынкаў, пашкоджаны ўсе масты, вуліцы і дарогі. Праязджаючых праз горад падарожных уражвала карціна комінаў, якія гля­дзелі ў неба і былі падобныя на надмагіллі перапоўненых за гады вайны могілак.

Ваенныя знішчэнні, спыненне гандлю з традыцыйнымі цэнтрамі на ўсходзе, дзе паўстала Савецкая Беларусь, выклікалі скарачэнне колькасці насельніцтва павета да 116 151 чалавека (24,8 чал/км2), у выніку чаго Слонім, у якім на 1921 год пражывалі 9 643 чалавекі, захаваў толькі лакальнае значэнне.

23 770 жыхароў краю былі каталікамі, 76 791 — праваслаўнымі, 15 318 — старазаконнікамі і 272 — іншых веравызнанняў. Большасць насельніцтва павета жыло за кошт сельскай гаспадаркі (96 746 чалавек) і промыслаў (7 798). 3 566 чалавек займаліся гандлем. 1 790 чалавек з`яўляліся служачымі, сярод якіх 516 працавалі ў сферы адукацыі. 51% насельніцтва павета не ўмелі чытаць (60 181 чалавек), сярэдні ўзровень адукацыі мелі толькі 236 чалавек (198 мужчын і 38 жанчын), вышэйшы — 119 (101 мужчына і 18 жанчын).

У 1921 годзе Слонімскі павет складаў пятую частку Навагрудскага ваяводства і займаў плошчу ў 4 689,9 км2, саступаючы толькі Лідскаму (5 723,8 км2). Павет дзяліўся на 18 гмін, на яго тэрыторыі размяшчаліся 1 002 населеныя пункты, прычым 166 з іх былі незаселенымі. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1928 года са складу павета былі выключаны 4 гміны, якія адышлі да Баранавіцкага (Дабрамыская і Моўчадская) і Навагрудскага (Дварэцкая і Здзі­таўская).

Слонімскі павет да 1939 года ўключаў у сябе наступныя гміны: Быценьская, Дзераўноўская, Дзявяткавіцкая, Дзярэчынская, Жыровіцкая, Казлоўшчынская, Кастровіцкая, Курылавіцкая, Міжэвіцкая, Раготнаўская, Старасельская, Чамяроўская, Шылавіцкая і Слонім (як гміна).



Аднаўленне эканомікі і інфраструктуры

Першыя пасляваенныя гады (1921-1924 гг.) былі часам аднаўлення эканомікі і інфраструктуры краю. У гэты перыяд былі адбудаваныя большасць знішчаных дамоў, працоўных майстэрань і гандлёвых пляцовак. У Слоніме было адбудавана 63 мураваныя і 547 драўляных будынкаў.

Паступова павет вяртаўся да нармальнага жыцця. Былі адноўленыя 5 лесапільных заводаў, 8 млыноў, фабрыка абутку.

З тэрыторыі Савецкай Расіі на Слонімшчыну накіроўваецца хваля рэпатрыянтаў, якія вярталіся ў свае родныя мясціны і садзейнічалі матэрыяльнаму аднаўленню зруйнаванай за гады вайны тэрыторыі Слонімскага павета. Слонімскім землякам вялікую дапамогу аказвалі амерыканскія габрэі, дзякуючы чаму паступова стаў развівацца гандаль і рамёствы.



Дыслакацыя польскіх вайскоўцаў і арганізацыя адміністрацыі ў горадзе

На пачатку 1922 года ў Слонім прыбыў 79-ы полк пяхоты Слонімскіх стральцоў, які падчас вайны называўся Беластоцкім, і 80-ы полк пяхоты Навагрудскіх стральцоў. Яны размяшчаліся ў горадзе да лета 1939 года.

З`яўленне гэтых палкоў, з аднаго боку, садзейнічала ажыўленню грамадскага жыцця, але ў той жа час прывяло да «рэнесансу польскасці». Своеасаблівая сітуацыя ў павеце, якая выдзяляла яго на агульным фоне Заходняй Беларусі і Другой Рэчы Паспалітай у цэлым, прывяла да таго, што ваенныя з першых дзён зарэкамендавалі сябе як актыўная частка грамадства. У той жа момант першапачаткова ў большасці сваёй жаўнеры нічога агульнага са Слонімам і паветам не мелі, адасобіўшыся ад гараджан пражываннем ў спецыфічным «гета» побач з казармамі, пабудаванымі яшчэ ў 1901 годзе.

Два палкі жаўнераў са сваімі сем`ямі, якія з`яўляліся асноўнай часткай каталікоў павета, змянілі рэлігійную сітуацыю ў горадзе: у 1931 годзе ў Слоніме з 16 282 чалавек насельніцтва 23% з`яўляліся каталікамі, 11% праваслаўнымі, 2% мусульманамі і 64% габрэямі. У адным з казарменных будынкаў захавалася зала, у якой жаўнеры ставілі аматарскія тэатральныя спектаклі, арганізоўвалі балі і паказы, апелюючы да традыцый часоў Агінскага. Гэта садзейнічала збліжэнню ваенных з мясцовым гарадскім насельніцтвам.

Слонімцы, 1933 год

Слонімцы, 1933 год

15 ліпеня 1923 года 79-му палку Слонімскіх стральцоў жыхары горада падчас урачыстага мерапрыемства ўручылі штандар. Ганаровае грамадзянства Слоніма было нададзена палкоўніку Мар`яну Туркоўскаму, камандзіру палка, сябру слонімскага аддзела ПКТ. У 1918-1920 гадах ён кіраваў батальёнам Беластоцкага палка стральцоў, традыцыі якога пераняў 79-ы пяхотны полк. У Слоніме дзейнічалі арганізацыі жаўнераў: Саюз падафіцэраў рэзерву і Саюз вайсковых сем`яў.

Пасля заканчэння вайны распачалася арганізацыя польскай адміністрацыі, якая завяршылася ў 1923 годзе. У кароткі тэрмін шляхам выбараў з ліку мясцовых жыхароў былі створаны вясковыя і гарадскія рады. Дэлегаты гмінных і гарадскіх радаў утваралі павятовы сеймік, кіраўніком якога з`яўляўся стараста, які адначасова спалучаў дзяржаўную ўладу з самакіраўніцтвам.

Акрамя тэрытарыяльнага, узнікалі прафесіянальныя самакіраванні для гандлю, рамёстваў і промыслаў, арганізацыі тыпу прафесійных саюзаў, культурна-асветніцкіх, спартыўных і іншых аб`яднанняў. Гэтыя мерапрыемствы садзейнічалі арганізацыі прац па матэрыяльным аднаўленні тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.

Асаблівасць Слоніма

Асаблівасцю Слоніма была наяўнасць у ім моцнай татарскай абшчыны. Нездарма першым бурмістрам горада стаў татарын па паходжанні палкоўнік польскай арміі Байрашэўскі, афіцэр царскай арміі, стваральнік у 1919 годзе ў Гродне палка татарскіх коннікаў, з дачкой якога ў 1931 годзе ажаніўся вядомы слонімскі археолаг І.І. Стаброўскі.

У 1867 годзе ў горадзе пражывалі 362 мусульманіны, у 1878 годзе — 492, у 1938 го­дзе — 413, што з`яўлялася чацвёртым паказчыкам ва ўсёй Другой Рэчы Паспалітай, дзе налічвалася 6 006 мусульман (766 чалавек у Навагрудку, 483 — у Мураўшчызне-Іўі, 460 — у Докшыцах). Да сённяшняга часу за пяць кіламетраў ад горада захаваўся мусульманскі мізар (могілкі), якому звыш двухсот гадоў, дзе пахаваны не толькі мясцовыя мусульмане, але і жаўнеры-мусульмане часоў Першай сусветнай вайны з Уфімскай, Казанскай і Самарскай губерняў. З адстаўных мусульманскіх салдат у Слоніме быў створаны атрад стралкоў пад камандаваннем маёра Давіда Яновіч-Чаінскага.

Дамы на вуліцы Даватара, 1925 год

Дамы на вуліцы Даватара, 1925 год

У Слоніме дзейнічала Мусульманскае культурнае таварыства, татарская абшчына заснавала бібліятэку і дзіцячы ансамбль. Сваёй дзейнасцю вылучаўся настаўнік Давід Мількамановіч. Муадзім Слонімскай мячэці Сулейман Шчэнсновіч вучыў дзяцей рэлігіі.

Развіццё гаспадаркі і сусветны эканамічны крызіс

У 1924 годзе падчас паездкі па Крэсах Усходніх Слонімскі павет і горад наведаў прэзідэнт Рэчы Паспалітай Станіслаў Вайцэхоўскі. Гэтая падзея сімвалічна засведчыла аднаўленне пасляваеннага жыцця краю.

У параўнанні з даваенным часам значна змянілася інфраструктура горада, была пашырана водаправодная сетка, якая на пачатку 30-х гадоў налічвала каля 8 км, перабудавана энергетычная сістэма, пабудаваны 2 шпіталі (дзяржаўны і камунальны), некалькі амбулаторый. Развіццю сельскай гаспадаркі садзейнічалі Сельскагаспадарчая ізба, Арганізацыя сельскагаспадарчых гурткоў, Гурток вясковых гаспадынь і сельскагаспадарчыя школы ў Грыбаве і Жыровічах. Але ў асноўным сяляне карысталіся традыцыйнымі спосабамі апрацоўкі зямлі і прыладамі працы, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Слонімскі павет быў сельскагаспадарчым рэгіёнам з нізкарэнтабельнай гаспадаркай. Сярэднія надзелы сялян складалі 5-6 га з балотамі, непрыгоднымі нарэзамі (імхі, пясчаныя пусткі) і ўраджайнасцю 4-6 ц/га.

Слонім у лічбах

У 1924-1928 гадах назіраецца рост эканомікі павета, але эканамічны крызіс прывёў да рэзкага яе спаду. У параўнанні з 1924 годам, да 1933 года значна змянілася гаспадарчая карціна павета, патэнцыял якога зменшыўся на 11%.

Былі ліквідаваны многія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх цагельня. Зменшылася дзейнасць шэрагу рамесных майстэрань і гандлёвых пляцовак.
У 1931 годзе ў Слоніме было зарэгістравана 619 беспрацоўных. Завяршаецца фарміраванне дрэванарыхтоўчай спецыялізацыі павета, што адпавядала агульнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, якая пераўтваралася ў сыравінны прыдатак Другой Рэчы Паспалітай.

У 1933 годзе ў горадзе існавалі 6 вялікіх лесапільных заводаў, 25 малых і 7 буйных фірмаў па эксплуатацыі лясоў. Слонімскі лес экспартавалі ў Францыю, Англію і Германію. Дробныя сялянскія гаспадаркі чэрпалі дадатковы заробак за кошт транспарціроўкі лесу.

У 1931 годзе ў Слонімскім павеце плошчаю 3 068 км2 пражывала 126 510 чалавек (41,2 чал/км2). Паводле веравызнання 23 817 чалавек з`яўляліся каталікамі, 877 — грэка-каталікамі, 88 847 — праваслаўнымі, 12 344 — іудзеямі, а 308 чалавек былі «іншыя нехрысціяне». Большасць насельніцтва сваёй роднай мовай лічыла беларускую мову (62 434), на другім месцы па распаўсюджанасці знаходзілася польская (52 313), прычым больш за палову слонімцаў падавалі яе за сваю родную (8 452), у той жа час гэтая частка насельніцтва «штодзённа часцей ужывае беларускую мову, аднак іх моваю культуры, якою карыстаюцца ў асноўным падчас малітвы, абслугоўвання, у школе, з`яўляецца толькі польская». Паводле другога перапісу жыхароў Рэчы Паспалітай, у Слонімскім павеце была вялікая група людзей, якія карысталіся «жыдоўскай» (9 193, з іх 5 927 у Слоніме) і «габрэйскай» мовамі (865, з іх 756 у горадзе). Асноўная частка жыхароў павета займалася сельскай гаспадаркай (96 390), гандлем толькі 3 946. У павеце налічвалася 2 153 служачыя, з іх 519 паліцэйскіх, 807 спецыялістаў сферы адукацыі, 468 медыцынскіх супрацоўнікаў.

Падчас эканамічнага крызісу ў Слоніме адбыліся буйныя забастоўкі рабочых сталярных майстэрняў (1929), будаўнікоў электрастанцыі (1931) і забастоўка на лесараспрацоўках (1934).

Новы рост эканомікі

Пасля сусветнага крызісу, які прывёў да рэгрэсу эканомікі павета, у 1933 годзе пачынаецца паступовы рост. Былі створаны 12 малых гарбарань, 1 фабрыка мыла, 1 фабрыка па вытворчасці свечак, 2 — па вытворчасці алею, 3 кафлярні, 4 — па вытворчасці бетону, 2 цагельні, 3 — па вытворчасці ліманаду, 1 трыкатажная фабрыка, 2 паравыя млыны і 1 прадзільня воўны ды кардонна-папяровая фабрыка ў Альбярціне.

Аднак на прамысловых прадпрыемствах Слоніма ў 1933-1934 гадах было занята ўсяго каля 450 працоўных, а ў 1938 годзе — каля 900.

Грамадскія і прафесійныя арганізацыі ў горадзе

У гэты час у Слоніме дзейнічала вялікая колькасць арганізацый: Саюз габрэйскіх купцоў, Саюз дробных купцоў, Таварыства ўзаемадапамогі ўласнікаў нерухомасці, Таварыства габрэйскіх рамеснікаў, Таварыства хрысціянскіх рамеснікаў і цэхі сталяроў, мяснікоў, муляраў, фрызёраў, пекараў, маляроў, аб`яднаны цэх шаўцоў, рымараў і гарбароў. Існавалі Саюз супрацоўнікаў гандлю і бюро, Саюз польскага настаўніцтва, прафесійны саюз гарадскіх рабочых, прафесійны саюз дзяржаўных служачых, прафесійны саюз супрацоўнікаў лясной прамысловасці і некваліфікаваных рабочых, прафесійны саюз настаўнікаў габрэйскіх сярэдніх школ.

Аднак наяўнасць рознага кшталту аб`яднанняў не давала магчымасці рэалізацыі дэклараваных правоў для развіцця беларускай культуры, мовы і асветы. Гэта выклікала незадаволенасць сярод вясковага насельніцтва Слонімскага павета, што вылілася ў хуткі рост палітычнай актыўнасці сялянства і стварэнні беларускіх палітычных арганізацый і партый. Актывізацыі гэтага руху садзейнічала дзейнасць створанай у лістападзе 1922 года ў польскім Сейме Беларускай нацыянальнай фракцыі.

У 1922 годзе ў Слоніме была арганізавана камуністычная група, якая ў 1926 годзе налічвала некалькі сотняў членаў і пачала сваю дзейнасць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя.

Партызаны і беларускія арганізацыі

У 1924-1925 годзе на тэрыторыі павета дзейнічала некалькі ўзброеных партызанскіх груп пад кіраўніцтвам Сяргея Радкевіча, якія 3 лістапада 1924 года спынілі цягнік ля станцыі Лясная і раззброілі афіцэраў і паліцыю, што ехалі на ім.

У 1925 годзе ў Слонімскім павеце пачала дзейнічаць Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая ставіла на мэце стварэнне ўмоў для дэмакратычнага развіцця свабоднай беларускай нацыі, разумеючы пад гэтым барацьбу за незалежнасць, культуру, школы, роўнасць і дабрабыт народа. У 1927 годзе арганізацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвала 18 павятовых камітэтаў і каля 120 тысяч сяброў, з якіх 15 тысяч знаходзіліся ў Слонімскім павеце і былі аб`яднаны ў 167 гурткоў. У ліпені 1926 года павятовы камітэт БСРГ правёў у Слоніме дэманстрацыю і мітынг, на якім прысутнічала каля 600 чалавек. Арганізацыя была афіцыйна забаронена 21 сакавіка 1927 года.

Актывізавала сваю дзейнасць Таварыства беларускай школы (ТБШ). У 1926-1927 гадах Слонімскаму павятоваму школьнаму інспектарату было пада­дзена 1 106 заяў з просьбай адкрыць 65 беларускіх школ. У выніку былі адчынены тры беларускамоўныя школы.
У 1928 годзе гурткі ТБШ налічваліся ў 54 вёсках павета. Былі створаны грамадскія бібліятэкі ў Востраве, Вялікай Кракотцы, Чамярах. Аднак у лютым 1928 года ў Слонімскім павеце пачаліся арышты актывістаў ТБШ, што прывяло на пачатку 30-х гадоў да спынення яе дзейнасці. Афіцыйна арганізацыя была забаронена ў 1936 годзе.

Камуністы ў павеце
На тэрыторыі павета актывізавала сваю працу Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, два ўдзельнікі якой (Ігнат Дварчанін і Павел Крынчык) сталі дэпутатамі Сейма і ў лютым 1929 года ўвайшлі ў Беларускі пасольскі клуб «Змаганне». Аднак у верасні 1930 года фракцыя была забаронена.
У 1933-1935 гадах камуністычнае падполле ў павеце было разгромлена, а 150 яго актывістаў былі арыштаваныя.

Адукацыя
У 1933 годзе ў горадзе існавалі 4 дзяржаўныя пачатковыя школы, 2 настаўніцкія семінарыі, 1 гімназія сумеснага навучання, 3 дзіцячыя сады, 10 габрэйскіх школ, 1 габрэйская гімназія, 1 талмудычная навучальная ўстанова Jeszywa і 1 мусульманская школа. Працавалі 3 бібліятэкі (каля 700 чытачоў).

Такая сітуацыя была да 1939 года. Пасля школьнай рэформы 1935 года была ліквідавана настаўніцкая семінарыя. У адпаведнасці з новай сістэмай узнікла адна гімназія і ліцэй агульнага навучання імя Т. Касцюшкі. Жаночая настаўніцкая семінарыя сясцёр-непакалянак таксама была ператворана ў жаночую гімназію.

У Слонімскім павеце да 1939 года дзейнічалі 127 пачатковых школ, у якіх вучыліся каля 12 тысяч дзяцей і працавалі 185 настаўнікаў. Аднак не ўсе мелі магчымасць скончыць 7 класаў, большасць вучняў завяршалі навучанне пасля чатырох гадоў вучобы. Сярэднія школы былі платныя і даступныя не ўсім. Існавалі таксама спецыялізаваныя школы, як, напрыклад, сельскагаспадарчая школа ў Грыбаве або сярэдняя сельскагаспадарча-лясная школа ў Жыровічах, якія рыхтавалі кадры для працы ў лясніцтве і сельскагаспадарчым надзоры.

Для моладзі, якая рыхтавалася для рамесных прафесій, існавала прафесійная школа пры асноўнай школе №2 на Замосці, без заканчэння якой вучань не мог атрымаць пасведчанне чалядніка. У сярэдзіне 30-х гадоў узнікла прафесійная школа для дзяўчат.

У асяродках польскай вучнёўскай моладзі дзейнічалі Саюз польскіх харцэраў Sokół. Сярод габрэйскай моладзі дзейнічалі скаўцкая арганізацыя Haszomer-Hacair, маладзёжны легіён Hechalne-Pionier, таварыства Makabi, а таксама рознага кшталту сіянісцкія арганізацыі, такія як Frajhajt, Poalej Syjon, Bejtar і іншыя.

Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі падчас умуроўкі краевугольнага  каменя ў будынак гімназіі ў Слоніме, кастрычнік 1929 года

Прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі падчас умуроўкі краевугольнага каменя ў будынак гімназіі ў Слоніме, кастрычнік 1929 года

Дзяржаўныя ўстановы, сядзібы і камунікацыйныя прадпрыемствы

У Слоніме знаходзіліся сядзібы:
— павятовага староства;
— гарадскі суд і сядзіба судовага следчага і віцэ-пракурора;
— павятовая камендатура дзяржаўнай паліцыі;
— аддзяленне і скарбавая каса, установа дзяржаўных акцызаў і манаполій;
— павятовая камендатура дапаўненняў, вайсковы раённы суд і камендатура гарнізону;
— школьная інспекцыя, кіраўніцтва лясніцтва, земскае ўпраўленне, установы дарог і водных шляхоў;
— паштова-телеграфная ўстанова;
— аддзел агульнага страхавання прадпрыемстваў;
— аддзел грамадскага страхавання (каса хворых).

Гарадскою маёмасцю кіраваў магістрат, які выбіраўся праз гарадскую раду і складаўся з 24 чалавек. У валоданні горада быў лес плошчаю 2 694 га і 400 га размешчаных на перыферыі Слоніма зямельных плошчаў, перададзе­ныя каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Аўгустам. Гораду належалі электрастанцыя, бойня, водаправод, амбулаторыя, шпіталь на 30 ложкаў і ўласны парк. Тут знаходзіліся 3 паштова-тэлекамунікацыйныя аддзяленні, якія злучалі Слонім з усім светам.
Камунікацыі павета дапаўняліся аўтобуснымі лініямі да Ружанаў, Дзярэчына, Баранавічаў, Навагрудка і Ваўкавыска. Праз горад праходзіла чыгунка, якая мела непасрэднае злучэнне з Варшавай.

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments