Погода в Слониме:Погода на неделю:
+0..+2
EUR - 2.042 BYN
USD - 1.882 BYN
RUB - .03315 BYN
АИ-92 — 1.11 руб.
АИ-95 — 1.19 руб.
ДТ — 1.23 руб.
Газ — 0.62 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 174.52 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 16%
Літаратура
41

Галінка вярбы

21.02.2017

Малюнак Яўгена ІВАНОВА

Наша вёска Гуцянцы ў тыя далёкія гады мела сорак тры двары, і ў кожным трымалі кароў. Памятаю, аднойчы вясной на пашу ганяць было складана, бо абапал дарогі расло азімае жыта. Кожны гаспадар ці гаспадыня мусілі браць сваю карову на повад і весці да месца амаль за два кіламетры. Мой муж Анатоль працаваў трактарыстам і ішоў з дому вельмі рана. Яно і зразумела: спачатку — нарад, потым — у поле. Я была настаўніцай, заняткі ў школе пачыналіся а дзявятай га­дзіне, і таму ўсе гаспадарчыя клопаты ляжалі на мне.

Тая вясновая раніца была такая чароўная, што хацелася ўсміхацца проста ад таго, што ты жывеш на свеце, што бачыш гэту прыгажосць. Ля дарогі, па якой я вяла сваю Чарнаўку, рос куст вярбы. Некалі яго хацелі выкарчаваць, але вясковыя кабеты, даведаўшыся, што куст маюцца знішчыць, пайшлі да старшыні калгаса Івана Гузоўскага і папрасілі:

— Загадайце, няхай не чапаюць вярбу. І так ужо ўсё наўкола павыкарчоўвалі, павялічваючы пасяўныя плошчы. А гэты куст няхай бу­дзе. Спакон вякоў на Вербніцу мы зразаем з яго галінкі, каб занесці пасвянціць у касцёл ці царкву. Не збяднее калгас, а нам добра.

— Скажу, — паабяцаў ён. — Няхай паслужыць вярба святой справе.

Я пусціла карову пасвіцца, а сама, скруціўшы повад, ішла дадому. Ззаду пачуліся крокі, і да маёй шчакі дакрануліся пяшчотныя лісточкі.

— Дару вам на памяць, — працягнуў галінку вярбы Сяргей Сабалеўскі, што ра­зам з бацькамі і жонкай Алесяй жыў у сярэдзіне вёскі.
— Дзякуй, — прамовіла сарамліва. — Яшчэ хто ўба­чыць, то па вёсцы пойдуць непатрэбныя размовы...
— Размовы? Пра што? Пра гэты нявінны жэст увагі?

Ён ішоў побач і ўсміхаўся сваёй белазубай усмешкай, высокі, загарэлы. Сяргей быў такі прыгожы, што мой твар заліла чырвань. Хацелася глядзець на яго бясконца. Закрыла галінкай вярбы твар і больш не магла прамовіць ні слова.

— О-о, бачу, вам ніколі не дарылі кветак, калі так расчуліла гэта сціплая галінка...
— Некалі, у юнацтве, калі вучылася ў педагагічным інстытуце, адзін хлопец дарыў ружы, але гэта было так даўно...
— І дзе цяпер той хлопец?
— Не ведаю... Пасля вучобы ён ажаніўся з маёй аднакурсніцай, і абое некуды паехалі па размеркаванні.
— А муж?

— Муж не дорыць. Ён лі­чыць гэта глупствам, непатрэбшчынай.
— Дарэмна. Жанчына і кветкі — гэта непадзельнае. Я вам калі-небудзь падару. Якія найбольш любіце?
— Вы што, Сяргей, хочаце звесці мяне са свету?! Як толькі хто ўбачыць, бяды не абярэмся.

Я была такая збянтэжаная, што яму стала смешна. Лавіла на сабе позірк карых вачэй і не ведала, куды па­дзецца.

— Даўно мне падабаецеся, мілая Паліна, — прамовіў нейкім глухім голасам. — Чуў, што ў вашай сям`і няма ладу, што муж нават б`е вас... Я таксама са сваёй жонкай не жыву, а мучаюся.

Мы спыніліся на дарозе, прапускаючы ўперад вясковых жанчын, якія таксама вярталіся, падагнаўшы кароў.
— Паліна, — працягваў Сяргей, апусціўшы галаву, — я не ведаў, як прызнацца ў сваіх пачуццях, а тут такі выпадак... Галінка вярбы прыдала смеласці. Яна нібы талісман.

— Ніколі больш не будзем пра гэта гаварыць, чуеце?! Нас жа засмяюць. Я настаўніца, вы — сакратар парткама. Не толькі ў вёсцы, але і ў раёне месца не будзе!
— А я гатовы кінуць усё: і работу, і жонку! Навошта сябе мучыць, калі няма жыцця? Сем гадоў, як пажаніліся з Алесяй, а дзяцей так і не нажылі. Ды і разумення між намі няма. Ды і ў вас з Анатолем дзяцей няма. Дык што нас трымае?

Я ледзь не подбегам кінулася ў вёску. Сэрца стукала ажно ў вушах. Тую дарагую галінку вярбы паклала між лістоў часопіса «Работніца і сялянка».
— Засушу, будзе памяць навек. Яна мне даражэйшая за ўсякія ружы, — шаптала дрыготкімі вуснамі.

Клопаты па гаспадарцы і ў школе закружылі, не давалі вольнай хвіліны. Але што б ні рабіла, куды б ні ішла, у душы цёплым праменьчыкам жыла радасць ад Сяргеевых слоў, ад яго такога нечаканага і жаданага прызнання.

Што грэх таіць, падабаўся ён мне, як ніхто на свеце. Ужо даўно вочы шукалі яго і на вуліцы, і ў клубе, куды з мужам час ад часу хадзілі ў кіно. І калі, бывала, убачу, свет рабіўся чароўным, радасным. А тут гэтая галінка вярбы, гэтая шчырая прапанова...

«Звар`яцела! — дакарала сябе. — Пра што толькі думаеш? А яго Алеся? А мой муж? Не, дзеўка, не да кахання ўжо...»
І раптам як тапелец за саломінку ўхапілася за думку: «Паеду адсюль! Закончыцца навучальны год, звольнюся і паеду».

Я пазбягала Сяргея як магла. Калі муж клікаў у кіно, адмаўлялася па розных прычынах. Калі выпадкова сустракаліся на вуліцы, старалася хутчэй размінуцца, спасылалася на неадкладныя справы.

Як закончыўся навучальны год, напісала заяву на звальненне і, нічога нікому не кажучы, паехала ў Віцебск, дзе жылі мае бацькі. Хацела абарваць такую шчымлівую, такую балючую любоў раптам, як усё адно сякерай адсекчы...

Муж даведаўся, дзе я, і некалькі разоў прыязджаў, прасіў вярнуцца, але не для таго ўцякала, каб варочацца.
Праз тры гады выйшла замуж за дырэктара школы, дзе працавала, нарадзіла сына. Выгадавала, ужо маю ўнукаў...

Жывем мы з мужам ціха, роўна, без сварак. Але і без радасці. А часам надыхо­дзяць такія горкія хвіліны! І я дакранаюся губамі да засохлай галінкі вярбы, як да гаючай крынічкі. Берагу яе як самае дарагое, як памяць аб той далёкай вясне...
З пашанай, Паліна Кірылаўна.

Да друку падрыхтавала Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments