Погода в Слониме:Погода на неделю:
+0..+2
EUR - 2.042 BYN
USD - 1.882 BYN
RUB - .03315 BYN
АИ-92 — 1.11 руб.
АИ-95 — 1.19 руб.
ДТ — 1.23 руб.
Газ — 0.62 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 174.52 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 16%
Літаратура
67

Баласт

07.03.2017

Малюнак Яўгена ІВАНОВА

У пачатку мая Тамару Сідаровіч з Малых Карпушанкаў зваліў інсульт. Яны разам з дачкой Валяй, што прыехала з Маладзечна ў водпуск, садзілі грады. І раптам нібы хто піхнуў у спіну. Кабета павалілася проста тварам у зямлю.

— Цяжкі выпадак, — сказаў доктар у раённай бальніцы, куды яе прывезлі. — Тут нібыта рана рабіць якія прагнозы, але думаю, што ваша мама больш ніколі не будзе хадзіць і гаварыць наўрад ці зможа. Пакуль будзе ляжаць у бальніцы, ля яе патрэбна каму-небудзь сядзець.

— Вой, а мне ж заўтра на работу, — забедавала Валя.

— То каго з радні папрасіце.

— Брат жыве ў Мінску, і ён таксама вельмі заняты. Хіба цётка Юзэфа, маміна сястра?

— Вырашайце самі...

Юзэфа прыехала ў бальніцу адразу, як толькі даведалася, што з сястрой бяда. Жыла яна ў недалёкіх Брыльках зусім адна, бо даўно аўдавела, а дзяцей Бог не даў.

— Цётка, як добра, што вы тут! — абрадавалася Валя. Паседзіце з мамай, бо мне ж на работу...

— А ў мяне, думаеш, работы няма? Гаспадарку — карову, свіней, курэй — пакінула на суседку. Як дагледзіць так дагледзіць... Я так і ведала, што ты і ночы тут не прабудзеш, знойдзеш тысячу прычын.

Калі на добры толк, то Валя магла б узяць другі водпуск, бо ў яе быў у запасе, але хіба лёгка сядзець у бальніцы сярод старых і нямоглых, слухаць іхнія стогны. Ды яшчэ і з маці трэба важдацца. То ўжо лепш няхай цётка.

Юзэфа была каля сястры як дзень, так ноч, бо ні Валя, ні яе брат Ігар у бальніцу не паказвалі вачэй.

— Заўтра выпісваем Тамару Антонаўну, — аднойчы пасля абходу сказаў доктар. — Мы што маглі зрабілі, а цяпер трэба спадзявацца толькі на цуд. Пазваніце пляменнікам, няхай прыязджаюць і вырашаюць, з кім жыць іхняй маме.

Колькі Юзэфа ні званіла, Валін тэлефон маўчаў. І мабільны, і хатні. А Ігар з жонкай Любай прыехалі пад вечар, але цётку не абрадавалі:
— Чаму гэта мы павінны яе браць, а не Валя? — адразу заявіла нявестка. — Маці ж хату на дачку запісала, вось няхай цяпер і даглядае.

— Ну што ты такое кажаш, якая там хата? Ды і каму яна патрэбна, у нашай глушэчы? Каб дзе ў іншай вёсцы, што не так імкліва вымірае, то, можа, хто на дачу купіў бы. А так...

Выйшаўшы у калідор, яны доўга сварыліся, і ў рэшце рэшт хворую паклалі на насілкі і павезлі. Толькі не ў сваю кватэру, а ў Маладзечна, да Валі. З дапамогай старонніх людзей паднялі на трэці паверх і пазванілі ў дзверы.
— Прымайце госцю, — з`едліва сказала нявестка. — З бальніцы выпісалі, дык мы да вас прывезлі.
Валя, што адчыніла было дзверы, хацела хуценька зачыніць іх зноў, але брат не даў.

— Што там за вэрхал? — пачуўся з глыбіні кватэры голас зяця Сяргея. Ён выйшаў у калідор у спартыўным касцюме, з пультам ад тэлевізара. — Нам не патрэбен гэты баласт! — накінуўся на швагра з кулакамі.
— А кумпякі ад мацеры цягаць-то добра было? Палову пенсіі яна кожны месяц вам аддавала. Думаеце, не ведаем? — Люба гатова была ўчапіцца Валі ў валасы.
Няшчасная Тамара ляжала на насілках на лесвічнай пляцоўцы і чакала вырашэння свайго лёсу.

— Што тут робіцца? — прыадчыніла свае дзверы суседка Каця Бурачэўская.
— Мацеру дзеляць Валя з братам, — здагадаўся яе муж Віталь, які таксама выйшаў на крык. — Не баяцца людзі граху...
— У цябе забыліся спытаць! — агрызнулася Валя. — Без вас разбяромся.
— Хутчэй разбірайцеся, а то я зараз у міліцыю пазваню.

Пасля гэтых слоў дзверы адчыніліся шырэй і Тамару ўнеслі ў кватэру. Там яшчэ доўга стаяў лямант. Нарэшце, так бы мовіць, прыйшлі да высновы.
— Ладна, месяц няхай будзе ў нас, — згадзілася Валя. — Неяк перагаруем, але потым адвязём у вашу кватэру. Дзень у дзень. Можаце не сумнявацца.
У беднай Тамары разрывалася сэрца. У памяці ўсплывалі малюнкі, як яна гадавала сваіх дзетак. Адна падымала на ногі, бо муж памёр адразу, як толькі нарадзілася малодшанькая, Валя. Старалася, каб абое атрымалі вышэйшую адукацыю. Жылы рвала, але дапамагла прыдбаць кватэры. Больш як дзесяць гадоў не купляла сабе ніякай абноўкі, перабівалася на няшчымніцы. Трымала гаспадарку і ўсё: мяса, малако, яйкі — прадавала, каб сабраць капейку. Сыну, праўда, дасталося менш, бо бацькі яго жонкі былі людзьмі заможнымі і дапамога большай часткай ішла адтуль.

Валі яна і сына выгадавала. Бывала, у школе празвініць званок на канікулы, так яго і вязуць да бабулі. І да саменькага верасня жыў у яе. І ў калгас на работу хадзіла, і гаспадарку даглядала, і Мікітку гадавала. Трэслася над ім як асінка, каб дзе не ўсунуўся ды не пакалечыўся, каб быў накормлены, абмыты.
«Можа, мяне Мікітка пашкадуе? Ён жа таксама дарослы, адукаваны чалавек. Жыве ў Віцебску, мае сваю сям`ю. От каб прыехаў!» — думала з надзеяй.
Унук нібыта пачуў яе пажаданне і аднойчы надвячоркам з`явіўся ў бацькоўскай кватэры.

— Што гэта за смурод такі ў вас? — спытаў з парога. — Проста дыхаць няма чым.

— Цёшча ж у нас, баласт гэты. У памперсах валяецца ўжо амаль месяц, — паведаміў бацька. — Але хутка яе да сына адправім, да Ігара.

— Назаўсёды?

— Не, на месяц. А потым зноў да нас...

— От, маеце клопат... Накрылі б падушкай, ды і ўсё. Хто там будзе разбірацца. Хворая была ды памерла...

Тамара чула гэта ўсё з суседняга пакоя. Ад жаху ў яе перахапіла дыханне.

А ноччу ад невыноснай крыўды і болю спынілася змучанае сэрца...

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments