Погода в Слониме:Погода на неделю:
+22..+24
EUR - 2.173 BYN
USD - 1.934 BYN
RUB - .03257 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Літаратура
290

Нечаканая сустрэча

14.03.2017

Малюнак Яўгена ІВАНОВА

Адразу пасля новага года мароз узяўся такі, што проста не выйсці на вуліцу, а мне па службовых справах трэба было ехаць у абласны цэнтр. Пачакаў дзень-другі з надзеяй на пацяпленне, ды так і не дачакаўшыся, выправіўся ў дарогу. А была яна няблізкая: без малога трыста кіламетраў. Добра, што машына мая на бензіне, а каб на салярцы, то і думаць пра паездку не варта было б.

На дарозе, так бы мовіць, ні машын, ні людзей. Калі праехаў суседні раён, мяне абагнаў чырвоны легкавік, за якім рынуліся жвавыя клубы снегу. А яшчэ ўбачыў, што, выбегшы з аўтобуснага прыпынку, легкавіку прагаласавала нейкая кабета. Толькі вадзіцель не звярнуў на яе ўвагі.

Калі прыблізіўся, жанчына стала махаць рукой і мне.
— Не пакідаць жа чалавека на такім марозе, — падумаў са шкадаваннем і, ўзяўшыся да бардзюра, спыніўся.

Адразу кінулася ў вочы, што мая пасажырка вельмі лёгка і бедна апранута: чорнае дэмісезоннае палітко добра-такі паношанае, шэрая вязаная шапачка таксама, ві­даць, дрэнна сагравала. Чорныя боты, якія ў народзе называюць прашчайкамі, можна было насіць толькі восенню, а не такім лютым марозам.
Кабета спачатку паставіла на задняе сядзенне нечым напакаваную велікаватую сумку, а потым села побач са мной на пярэдняе.

— Дзякуй вам, — прамовіла пасінелымі губамі, якія, ві­даць, слаба слухаліся. — Каб не спыніліся, то і не ведаю, што са мной было б. Машын сёння мала, і тыя праносяцца міма.

— І куды ж гэта вас лёс выгнаў у такое надвор`е? — пытаю.
— Праўда, што лёс, ды яшчэ які злы... — з яе вачэй нечакана пасыпаліся слёзы, і яна, зняўшы чорную рукавічку, пачала выціраць іх вузкай худой далонькай. — Сын мой ляжыць у абласной бальніцы. Думала, паеду, як атрымаю пенсію, але сэрца па ім так баліць, што не дачакалася: пазычыла ў суседкі грошай і выбралася ў дарогу.

— Што-небудзь сур`ёзнае?
— У Афганістане ваяваў, быў паранены. Спачатку нібыта і зажыла тая рана, а потым пачала гнаіцца. Ужо дзве аперацыі зрабілі, цяпер маюцца рабіць трэцюю. Дактары ўсё хочуць адратаваць нагу, каб не аднімаць, але, мусіць, наўрад ці ўдасца.

З-за гэтага калецтва і не ажаніўся. Перад арміяй была ў яго дзяўчына, але як вярнуўся паранены, то і кінула, за другога замуж пайшла. А мой Толя піць пачаў з такой гаркоты... Можа, і зусім спіўся б, але старшыня нашага калгаса Міхась Іванавіч Жукоўскі — добрая душа — паслаў на курсы бухгалтараў. Цяпер працуе, і работа падабаецца. Дык вось жа хвароба...

Жанчына падсунула пад шапачку пасму русых, кранутых сівізной валасоў і зірнула на мяне поўнымі слёз сінімі вачамі. І гэты рух, і позірк прыгожых, як жнівеньскае неба, вачэй узварушылі ў маім сэрцы валун памяці. Верыў і не верыў.

— Як вас завуць? — спытаў ахрыплым ад хвалявання голасам.

— Таня Сіманенка... Цяпер Таццянай Казіміраўнай усе клічуць, бо гады маю немалыя, у Дубровіцкай школе ўрокі працы вяду. А чаму вы пытаеце?
Мае рукі задрыжалі, і я спыніў машыну ля ўзбочыны, павярнуўся да яе.

— Таня, а мяне ты не пазнала?!

— Вось цяпер пазнала! Васіль ты... Васілёк...

— Скажы, пасля таго, як мы рассталіся, ты хутка замуж выйшла?

— Я замужам ніколі не была. Толя — твой сын... Як ты мяне кінуў і пайшоў да Веркі Танюкевіч з суседніх Макараўцаў, я была цяжарная.

— Цяжарная?! А чаму не сказала?!

— Ну, уся наша вёска тады гаварыла, што ў вас такое вялікае каханне. Я не хацела перашкаджаць... Ды хіба сілай утрымаеш?

— З Веркай мы і года не пражылі, як цяпер кажуць, не сышліся характарамі. Як усё хутка пачалося, так і закончылася. Я нават не ведаю, дзе яна цяпер. Людзі казалі, што нібыта ў Мінску жыве, замуж выйшла... Ды мне гэта ўсё роўна...

Памаўчалі.
— Скажы, а Толя ведае, хто яго бацька?

— Ведае. Я расказвала, што быў чалавек, якога я вельмі любіла, а ён сышоўся з другой жанчынай і пакінуў мяне. А яшчэ сказала, маўляў, не ведаў, што ў яго будзе сынок. Магчыма, каб ведаў, то ўсё было б інакш. Як Толя быў маленькі, то казаў: «А я ўсё роўна люблю яго, свайго татку. Як вырасту, то абавязкова знайду». А потым гэтая праклятая вайна, калецтва... Усё закруцілася ў тугі клубок гора.

— Танечка, перш-наперш паедзем у бальніцу. Усе свае справы зраблю потым, а спачатку хачу ўбачыць сына, павініцца перад ім...
— Ён так да цябе падобны, ну проста копія! Сам убачыш.

Як прайшлі ў бальніцу, Таня пазваніла па мабільніку, і неўзабаве я ўбачыў у калідоры высокую худую постаць маладога чалавека. Ён ішоў, левай рукой абапіраючыся на падлакотны кастыль, а правай час ад часу падгортваў русыя валасы. Убачыўшы нас, усміхнуўся адкрытай прыгожай усмешкай, якая выцяла на шчоках мілыя ямачкі.

— Татачка! Ты сам знайшоўся! Я цябе пазнаў бы і сярод натоўпу...

З пашанай, Васіль Тадэвушавіч
Да друку падрыхтавала Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments