EUR - 2.403 BYN
USD - 2.034 BYN
RUB - .03461 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Войди в историю своего города
109

«І там, дзе стукае сэрца, кашуля сохне хутчэй»

12.03.2017 Нядаўна ў Слонім пачытаць свае вершы завітаў вядомы паэт, а таксама старшыня беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Карэспандэнт «ГС» паразмаўляў з творцам.

— Андрэй, Вы раней бывалі ў Слоніме?

— Так, я раней быў у Слоніме. Я калісьці прывозіў сюды дзетак у дзіцячы летнік, займаўся культурнай праграмай. Мы валанцёрамі пару дзён працавалі ў Жыровічах, таксама наведвалі Сынковічы. Потым дзень блукалі па Слоніме, і, памятаю, што начаваў у вашым гатэлі «Шчара». Цяпер Слонім выглядае прыгажэйшым, нейкім такім адрамантаванейшым. Але ж, на жаль, сінагога як выглядала тады, так выглядае і цяпер, ніхто да розуму яе не давёў. А так мне вельмі падабаецца ў Слоніме.

— Вы прыехалі, каб пачытаць дзеткам і моладзі вершы. Якія Вашы адчуванні пасля выступу?

— Такое адчуванне, што адбылося сапраўды свята. Такое адчуванне, што гледачоў гэта ўцягнула і яны суперажывалі. Тым больш я прыехаў сюды ў файнай кампаніі (паэткай Дашай Бялькевіч і Віталем Рыжковым, музыкам Яўгенам Барышнікавым. — Заўв. аўтара), тым больш свята было ў добрым сэнсе пафаснае — Дзень роднай мовы. Я думаю, мы паказалі дзецям, што мова жыве, што на ёй пішуць нешта сучаснае, што можа хваляваць і хлопчыкаў, і дзяўчынак.

— Параўнайце сітуацыю з беларускай мовай цяпер і, напрыклад, дзесяць гадоў таму.

— І 10 гадоў таму, і цяпер адбываецца адзін працэс. У Беларусі няма ўцямнай праграмнай культурнай палітыкі. Гэта праблема ёсць не толькі ў нас. Мой украінскі калега Сяргей Жадан гаворыць, што ў іх тое самае. Я заўважыў, канешне, што ў апошнія пару год пачалася так званая «мяккая беларусізацыя», з`явіліся білборды па-беларуску, сацыяльная рэклама. Але пакуль гэта вельмі павярхоўна.Трэба, каб гэтага было нашмат болей, каб штосьці зрушыць.

— Вы таксама з`яўляецеся старшынёй беларускага ПЭН-цэнтра. Што ўваходзіць у Вашы абавязкі?

— У мае абавязкі ўваходзяць рэчы, звязаныя з абаронай правоў літаратара, свабоды слова і думкі, са змаганнем з цэнзурай, асабліва з самацэнзурай. З іншага боку, мы нібыта ўсе імкнёмся ў цывілізаваную Еўропу, але яна ж пачынаецца не толькі з правоў, а яшчэ і з адказнасці. Зразумела, мы з калегамі часам збіраемся і прымаем заклікі, звароты, пратэсты. Але ёсць адчуванне, што гэта мы робім перш за ўсё таму, што інакш зусім маўчаць і нічога не гаварыць было б сорамна.

Андрэй Хадановіч чытае вершы ў Слоніме

Андрэй Хадановіч чытае вершы ў Слоніме

— Якая сітуацыя з цэнзурай у Беларусі ў апошнія гады?

— Такая, як заўсёды. Улада перыядычна робіць выгляд нейкай «лібералізацыі». Пару гадоў таму, у дзень сустрэчы прэзідэнта з літаратарамі, ім было шмат чаго паабяцана з боку ўладаў. А рэальную кніжную прэзентацыю ў Гродне Віктара Марціновіча забаранілі. Альбо, напрыклад, чальцоў Саюза беларускіх пісьменнікаў, як і маіх калег па ПЭН-цэнтры, прызналі так званымі дармаедамі. Але я б пратэставаў не супраць таго, што пісьменнікі ёсць у спісе дармаедаў, а супраць у прынцыпе гэтага недэмакратычнага, несучаснага і абсурднага закона, які падзяляе людзей на дармаедаў і недармаедаў.

Мне адразу ўспамінаецца Іосіф Бродскі, якога савецкі суд фармальна судзіў за дармаедства, а суддзя пытала: «Молодой человек, а кто вам сказал, что вы вообще поэт?» Бродскі разгубіўся і не знайшоў іншых слоў, як адказаць: «Я думал, это от Бога». Вось, я думаю, на жаль, да гэткай ступені абсурду мы сёння і даходзім.

— Андрэй, як Вы думаеце, беларуская мова ў такіх неспрыяльных умовах, як цяпер, усё ж выжыве?

— У мяне склалася дваістае адчуванне. Мне вельмі шкада, што беларуская мова амаль памерла ў традыцыйнай сферы свайго бытавання, у вёсцы. Але разам з тым паралельна, а можа быць, насуперак гэтаму у расейскамоўных гарадскіх сем`ях раптам з`яўляюцца юнакі, якія засвойваць мову і пераходзяць на яе, хоць іх і не вучылі гэтаму бацькі. Што гэта? Гены бабуль і дзядуляў? Грамадзянская пазіцыя? Ці сацыяльнае разуменне, калі чалавек разумее, што калі ты гэта не зробіш, то ўжо ёсць небяспека, што мова памрэ наогул? Раней мне расказвалі мае старэйшыя калегі, што калі ідзеш па Менску, чуеш беларускую мову, паварочваешся, а там знаёмы, бо было вузкае кола яе носьбітаў.

Цяпер бачыш шмат абсалютна незнаёмых маладых дзяўчат і хлопцаў, якія гавораць па-беларуску. Гэта я вам кажу са сваёй менскай званіцы. Але беларускую мову можна пачуць і ў Ракаве, і ў Горадні, і часам нечакана ў Гомелі можна пачуць адказ на беларускай мове. Але супакойваць сябе не варта, бо, зразумела, статыстычна справа глыбока запушчана.

Падводныя сны

Твой горад кідае сёння то ў
зьліву, то ў сьпёку.
Кашулі ад поту й дажджу на
целах вісяць, як анучы.
А ты прытулілася да мяне
з самага мокрага боку
і пільна глядзіш у вочы,
таемныя думкі скануючы.

І ўсё, што наўме —
на твары,
і ўсё, што на твары, — наўме.
І думкі відаць наскрозь, бы
рыбкі ў акварыюме, —
падводныя адысеі, што, пера
блытаўшы жанры,
шукаюць корму і дыхаюць
зьлівай праз жабры.

А ты скануеш так пільна,
што разумею — труба.
І зьліва зь Менску кропля па
кроплі выціскае раба.
Падводныя адысеі зь цябе
ня зводзяць вачэй,
І там, дзе стукае сэрца,
кашуля сохне хутчэй.

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments