Погода в Слониме:Погода на неделю:
+2..+4
EUR - 2.049 BYN
USD - 1.88 BYN
RUB - .03317 BYN
АИ-92 — 1.11 руб.
АИ-95 — 1.19 руб.
ДТ — 1.23 руб.
Газ — 0.62 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 174.52 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 16%
Проблема
475

Прырэчную вуліцу пляжаць танкі

15.03.2017 «Змяніце танкавы маршрут», — просяць улады жыхары Прырэчнай вуліцы і 1-га Прырэчнага завулка ў Слоніме.

Слонімскія танкі на маршы

Слонімскія танкі на маршы. Фота з архіва «ГС»

— Толькі за апошні месяц танкі разы чатыры пляжылі сваімі гусеніцамі дарогу на нашай вуліцы, — расказвае жыхар прырэчнай вуліцы Фёдар Петухоў. — Пасля кожнага іх праезду дарога нагадвае танкадром, па якім вымушаны перасоўвацца на сваіх дваіх і на ўласным транспарце мясцовыя людзі. А цяпер, пасля дажджоў, тут сапраўднае балота. Калі настойліва патрабаваць, то грэйдар пусцяць падраўняць крыху дарогу. Пасля нашага звароту да ўладаў толькі святладыёдны ліхтар на слуп павесілі. Як бачыце, ні тратуараў тут, ні добрай дарогі няма. Дый які сэнс рабіць тыя ж тратуары, калі іх усё адно танкі спляжаць? Мы не разумеем, чаму нельга змяніць танкавы маршрут і накіраваць баявыя машыны ў абыход жылой гарадской зоны?.. Я сам распрацаваў і прапанаваў уладам схему руху танкаў, каб яны не былі для нас праблемай. Дык адкінулі мае прапановы!

Фёдар Петухоў (злева), Іосіф Мацюкевіч

— А якія аргументы прыводзілі ўлады, чаму нельга змяніць танкавы маршрут?

— А вось чытайце, што нам адказалі на наш зварот з упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскага аблвыканкама яшчэ ў кастрычніку 2014 года:
«...Па інфармацыі Слонімскага райвыканкама, сваім рашэннем ад 29 снежня 2006 года №1013 «Аб прадстаўленні зямельных участкаў для дзяржаўных і грамадскіх патрэбаў» зямельны ўчастак плошчай 1318 га прадстаўлены ў пастаяннае карыстанне Дзяржаўнай установе «Баранавіцкае эксплуатацыйнае ўпраўленне Узброеных сіл» для ўтрымання і абслугоўвання аб`екта «Прагоны тэхнікі». У сувязі з выдзяленнем зямельных участкаў, прылеглых да горада Слоніма, для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, прапанаваная Вамі схема руху гусенічнай тэхнікі з`яўляецца непрымальнай, паколькі на выез­дзе з горада новы маршрут будзе праходзіць уздоўж раёна прыватнай забудовы. Акрамя таго, пры змяненні маршрута неабходна будаваць новы мост праз Шчару, што патрабуе значных фінансавых сродкаў...» — так вось улады адказалі на маю прапанову.

— Ці зрабілі за гэты час мясцовыя ўлады хоць нешта, каб палепшыць ваша жыццё тут побач з танкамі?

— Нічога яны не зрабілі. Хіба толькі ліхтары дзе-нідзе на слупы павесілі, — уключыўся ў размову Іосіф Мацюкевіч, з якім мы прыехалі сюды з рэдакцыі. — Я звяртаўся з гэтай праблемай і да старшыні райвыканкама Алега Таргонскага, і да ягонага намесніка Ула­дзіміра Ката ў 2015 годзе. Яны мне сказалі, што рашэнне прынятае, маршрут узгоднены і змяніць яго яны не могуць. Але такога не можа быць! Гэта гарадская зямля, і толькі гарадскія ўлады павінны дамаўляцца з вайскоўцамі і распрацаваць іншы танкавы маршрут... Абяцалі, што дарогу пасля праезду танкаў будзе раўняць ДЭП і што з часам ад Чырвонаармейскай вуліцы да 1-га Прырэчнага завулка, дзе я жыву, зробяць тратуары. Дык тратуары да гэтай пары робяць, а дарогу пасля кожнага прагону танкаў даводзіцца самому рукамі раўняць, каб даехаць на машыне да хаты ці выехаць у горад... Два гады прайшло з моманту апошняга нашага звароту да ўладаў, а тут, самі бачыце, ні прайсці і ні праехаць нармальна нельга... Напішыце пра гэта ўсё ў газеце, можа, хоць крыху добраўпарадкуюць дарогу, калі не хочуць змяніць танкавы маршрут.

Ісці па сухім можна толькі каля платоў. Абяцаны ў 2014 годзе ўладамі тратуар тут так і не пабудавалі

З адказу ўладаў «Пра вынікі разгляду звароту»

«З мэтай прадухілення разбурэння асфальтабетоннага пакрыцця ў месцах перасячэння тэхнікай вуліц з цвёрдым пакрыццём воінскай часткай выкарыстоўваюцца ахоўныя маты. Сіламі дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Слонімскага ГУП ЖКГ у верасні 2014 года ўсталяваны дадатковыя ліхтары вулічнага асвятлення на ўчастку ад Чырвонаармейскай вуліцы да завулка 1-ы Прырэчны і выкананы работы па прачыстцы водаадводнай канавы ад Чырвонаармейскай вуліцы да павароту да ТАА «Упраўляючая кампанія холдынгу «Зодчы». Работы па рамонце адрэзка дарогі ад Чырвонаармейскай вуліцы да 1-га Прырэчнага завулка з уладкаваннем тратуара ўключаны Слонімскім ГУП ЖКГ у перспектыўны план добраўпарадкавання горада Слоніма і Слонімскага раёна на 2015 год. Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі ў Слонімскім райвыканкаме...» — чытаем у лісце Фёдару Петухову з упраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама ад 29.10.2014 года.

Як бачым, хутка два гады ўжо райвыканкам «кантралюе» пытанне добраўпарадкавання танкавай дарогі ў горадзе, але ад гэтага яна не лепшае. А людзі, якія там жывуць, спадзяюцца, што мясцовая ўлада аднойчы ўсё ж павернецца да іх тварам. А пакуль чакаюць, раўняюць дарогу пасля танкаў, як Іосіф Мацюкевіч, ды мыюць свой плот каля хаты, як Фёдар Петухоў.

Фота аўтара і з архіва «ГС»

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments