Погода в Слониме:Погода на неделю:
+5..+7
EUR - 2.046 BYN
USD - 1.876 BYN
RUB - .0331 BYN
АИ-92 — 1.11 руб.
АИ-95 — 1.19 руб.
ДТ — 1.23 руб.
Газ — 0.62 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 180.10 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 15%
Блоги
168

Вялікдзень

14.04.2017 Пах цыбульніку ў вядры пасля фарбавання яек і націранне на тарцы свежавыкапанага хрэну, які выядае вочы так, што слёзы коцяцца градам — асноўныя сімвалы і пахі майго Вялікадня. Вялікадня часоў дзяцінства, калі гэты дзень быў сапраўдным святам.

Перавалоцкая Свята-Міхайлаўская царква

Вялікдзень у нашай сям`і заўсёды святкавалі. І ў царкву на ўсяночную брала мяне баба Маня, матчына маці, калі крыху падрос і ўжо мог сам прайсці тыя некалькі кіламетраў дарогі.

Паміж бясконцых малітваў, шматлікіх жаночых хусток і рэдкіх мужчынскіх галоў самым цяжкім было мне ў дзяцінстве ў велікодную ноч чакаць, пакуль бацюшка пасвянцае пасху. А тое адбывалася ў нашай вясковай Свята-Міхайлаўскай царкве заўсёды ўжо пад раніцу. Затое потым дахаты ішлі з бабуляй — як на крылах ляцелі. Дома разгаўляліся — і адпачываць. Але спалася нядоўга. Бо патрэбна было з хутара спяшацца ў вёску, несці пасху маёй сям`і сям`і цёткі Ніны.

У бабулі былі дзве дачкі, Ніна і Таня. Дык бабуля і ў старэйшай Ніны падыме чарку за свята ды здароўе гаспадароў, і ў малодшай Тані. А мы, дзеці, добра пад`еўшы са святочнага стала, валачобнымі біліся — у каго яйка апынецца мацнейшае — той і перамог. Яйкамі чырвонымі, фарбаванымі ў цыбульніку, дзяцей тады частавалі ўсе, хто ні сустрэне на Вялікдзень.

Абавязковыя пірагі ды яйкі, адмыслова зваранае мяса, дамашняя каўбаса, нарэзкі паляндвіцы і кумпяка, хрэн — гэтыя харчовыя атрыбуты майго вясковага Вялікадня найчасцей будуць згадвацца ў савецкім войску. І асабліва востра захацелася такога свята аднойчы дэмбелеўскай вясной 1986 года. Але замест свята тады мяне чакаў месяц паездак у 30-кіламетровую радыяцыйную зону вакол Чарнобыля.

Напэўна, з той вясны 1986 года недзе глыбока ўва мне пачало паціху тухнуць адчуванне свята Вялікадня. Пасля войска, калі вучыўся ва ўніверсітэце і калі працаваў ужо настаўнікам у школе, заўсёды яшчэ прыязджаў на Вялікдзень дамоў. Спачатку ехаў да маці, бацькі і бабулі, потым — ужо толькі да маці. І з кожным годам усё менш заставалася ў маёй душы дзіцячай велікоднай радасці ды большала дарослай горычы.

Да маці (якая, дзякуй Богу, яшчэ жыве) я перастаў прыязджаць на Вялікдзень, калі з`явілася ўласная сям`я. Пасля жаніцьбы святкаваў Вялікдзень спачатку з жонкай, яе бацькамі і раднёй. Потым да гэтай кампаніі дадалася мая маленькая дачка, але вельмі хутка сышлі з жыцця жончыны бацькі.

Бабуля з унукам на вясковых могілках у памінальную нядзелю

У наступны пасля смерці цесця і цёшчы год я не знайшоў у сабе і крупінкі дзіцячага адчування свята на Вялікдзень. Мой Вялікдзень-свята тады скончыўся назаўсёды. А ў сваё Вострава я штогод еду да маці праз тыдзень пасля Вялікадня — у памінальную нядзелю. Тады мы з маці, а часам і з маімі сёстрамі і іх дзецьмі, адзначаем пасху мёртвых. Але перад тым я штогод прыбіраю іх магілы.

З жонкай, дачкой і жончынай раднёй мы традыцыйна адзначаем Вялікдзень і надалей. Таксама традыцыйна ходзім у царкву пасвянцаць пасху. А калі жонка традыцыйна фарбуе ў цыбульніку яйкі, я ўжо ведаю, што праз тыдзень абавязкова паеду ў сваё Вострава прыбірацца на могілках. Пасха мёртвых чакае.

Фота з архіва аўтара

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments