Погода в Слониме:Погода на неделю:
+13..+15
EUR - 2.337 BYN
USD - 1.945 BYN
RUB - .0339 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Блоги
339

Маёўка

28.04.2017 Быліца

— Марыя! Марыя, сука, дзе ты?! — з дзяцінства захавала памяць гэты покліч Рыгора Дзмітрыевіча да сваёй Марыі Юр'еўны падчас калгаснай маёўкі ў бярозавым гаі за шашой каля Вострава.

Тады нашы востраўская васьмігодка і калгас "Рассвет" дружна жылі — разам і на працу, і на святы траплялі. Летам, на канікулах, пачынаючы пасля пятага класа, мы хадзілі на калгасную працу "ў брыгаду". І на полі, і на сенажаці, і на сіласнай яме, і на збожжатаку — усюды знаходзілася праца для дзяцей. А ўжо восенню, калі ішлі ў школу, само сабой чакала ў полі вучняў калгасная бульба, не кажучы ўжо пра прышкольныя грады.

Святы пачыналіся, як і навучальны год, таксама восенню, калі выбіралі ўвесь ураджай на  калгасных палетках. Тое свята так і называлася — свята ўраджаю. Тады калгас купляў і дарыў вучням розныя падарункі "за добрасумленную працу": шкатулкі, розныя гліняныя ці драўляныя сувеніры і падобнае, але найчасцей дарылі кнігі з надпісам за ўсё тую ж добрую працу. Праўда, аднойчы мне падаравалі папяльнічку ў выглядзе чобата — зусім не дзіцячы падарунак, які, аднак, ужо ў 9-м класе я выкарыстоўваў па прызначэнні — тушыў у ёй цыгарэтныя бычкі.

Святы ўраджаю праходзілі ў школе і заканчваліся звычайна танцамі, як і іншыя вечарыны. Нічога асаблівага.

А вось маёўкі, якія для калгаснікаў некалькі разоў арганізоўвалі ў лесе пры ўдзеле школьнікаў, запомніліся.

На лясной паляне з кузава грузавой машыны з адкрытымі бартамі ладзілі сцэну. З той сцэны начальства віншавала калгасных працаўнікоў са святам ды ўручала граматы і прэміі лепшым (на думку таго ж начальства) калгаснікам.

Пасля афіцыйнай урачыстай часткі мясцовыя культработнікі разам са школьнікамі давалі сельскім працаўнікам канцэрт з імправізаванай на кузаве грузавіка сцэны. На маёўку выязджалі таксама мясцовыя крамы з асартыментам "выпіць і закусіць". Таму пасля канцэрта альбо і раней пачыналася самае цікавае. Людзі купкамі разыходзіліся ды рассаджваліся пад бярозкамі частавацца, адзначаць Першамай. Віно і гарэлка прадаваліся проста на месцы да таго часу, пакуль падыходзілі пакупнікі.

Тут спяць землякі вечным сном

Мы, дзеці, таксама спачатку сядалі са сваімі бацькамі і сваякамі за лясны стол, елі, частаваліся цукеркамі, а потым ішлі гуляць. Але ні мяч, ні хованкі тады не цікавілі нас так, як паводзіны п`яных дарослых. А паназіраць было за чым і за кім.

П`яныя мужчыны абдымаліся ды запэўнівалі адзін аднаго ў сваім непарушным сяброўстве, мужыкі прызнаваліся жанкам у сваім вялікім да іх каханні. І за ўсё гэта і не толькі сяляне пілі і пілі. І калі градус канчаткова затуманьваў мазгі, а іх уладальнік не паспяваў заснуць, з яго вуснаў пачыналі гучаць адборныя мацюкі і праклёны. Зноў жа — на адрас найлепшых сяброў і каханых жанок ды яшчэ хіба калгаснага начальства.

Дзеці хадзілі ад адной кампаніі да другой, слухалі і назіралі, дзе што адбываецца, пра што гавораць ды аб чым спрачаюцца п`яныя дарослыя. У адным месцы ў такой колькасці іх п`янымі, мабыць, больш і не даводзілася бачыць.  

На той маёўцы за шашой я ўпершыню, здаецца, усвядоміў і зразумеў, што і настаўнікі нашы школьныя не святыя, што яны такія ж п`янтосы і мацюкальшчыкі, як і нашы бацькі-механізатары.   

Той покліч у беразняку п`янага настаўніка беларускай мовы і літаратуры Рыгора Дзмітрыевіча да настаўніцы матэматыкі Марыі Юр'еўны, яго жонкі, застаўся ў маёй памяці назаўсёды. Як і яго разгублены ды разбэрсаны выгляд, калі прачнуўся п`яны пад бярозай, а жонкі побач не знайшоў.

У тыя часы з маёўкі ў лесе, як і з калгасных дажынак, некаторыя прыходзілі дамоў толькі назаўтра. А бывалі выпадкі, што хтосьці не вяртаўся зусім. Каго гарэлка "спаліла" на месцы нядаўняга свята.

Ды сёння ўжо і Рыгор Дзмітрыевіч, і Марыя Юр'еўна, і бацька мой, і дзядзька, і цётка, і шмат-шмат яшчэ землякоў — удзельнікаў той і іншых маёвак другой паловы 70-х гадоў ХХ стагоддзя дагналі адышоўшых раней землякоў, знайшлі вечны спачын пад бярозкамі на мясцовых могілках.

Фота аўтара

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments