Погода в Слониме:Погода на неделю:
около 0
EUR - 2.364 BYN
USD - 2.008 BYN
RUB - .03416 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Спадчына
214

Адкуль пайшлі назвы ўрочышчаў каля Азярніцы

21.05.2017 Частка лексічнай сістэмы — мікратапаніміка (назвы лугоў і палёў, сенажацяў і гаёў, выганаў і ўрочышчаў) — дасталася нам у спадчыну ад мінулых пакаленняў. Яны цесна звязаны з жыццядзейнасцю людзей, і ў кожнай назвы свая гісторыя ўзнікнення. Гэтыя назвы дапамаюць лепш разумець мінулае, асаблівасці жыцця продкаў, іх звычкі і норавы. На жаль, большасць з назваў страчваецца ў плыні часу. Аднак ёсць і сёння неабыякавыя людзі, якія карпатліва, па крупінцы, збіраюць гэты скарб, каб перадаць яго сваім нашчадкам.

Сёння “ПраМОВА” знаёміць са слоўнічкам мікратапанімічных назваў, а дакладней, назваў урочышчаў, якія знаходзяцца каля вёскі Азярніца Слонімскага раёна. А склаў слоўнічак жыхар гэтай вёскі Міхал Шуляк пераважна на аснове расповедаў свайго бацькі і дзядулі. Наогул урочышчаў вакол Азярніцы намнога больш, чым той дзясятак, пра якія раскажа аматар-краязнаўца. Спынімся на асноўных з іх.

Пуховая гара
Вельмі складана зараз прасачыць умовы з'яўлення назвы гэтага ўрочышча. Магчыма, нашыя продкі ў мінулым заўважылі, што на гары вельмі мяккая глеба. Але таксама нельга выклю­чаць сувязь назвы ўрочышча з выказваннем "зямля пухам," што можа ўскосна ўказваць на знаходжанне там старажытных могілак.

Казлінка
Лес, у якім калісьці вадзілася вельмі многа казуль.

Бікевічы
Урочышча называецца так таму, што калісьці ў гэтым месцы знаходзіўся аднайменны фальварак Бікевічы.

Ад сталых мясцовых жыхароў Азярніцы можна пачуць гумарыстычную гісторыю пра пана, які жыў у гэтым фальварку.
У пачатку мінулага стагоддзя ў Азярніцы два разы на год ладзіліся вялікія кірмашы. Людзі з’язджаліся туды з усёй акругі. Тут можна было набыць усё: ад бакалеі да свойскай жывёлы.

Спатрэбілася пану з Бікевіч купіць на кірмашы яек. Доўга хадзіў ён паміж радамі, разважаў, прыцэньваўся і нарэшце абраў. Пан падышоў да гандляра і загадаў пра­даць яму 100 яек. Мужык адразу працягнуў пану загадзя прыгатаваны кошык, у якім якраз была патрэбная колькасць. Але пан абвінаваціў гандляра ў хлусні і заявіў, што яйкі будзе пералічваць. Далей загадаў мужыку трымаць перад сабою дзвюма рукамі край апранутай кашулі і, перакладваючы туды з кошыка яйкі, пачаў гучна, ва ўвесь голас, лічыць: “Адзін, два, тры…” — і так да сотні. Ад гэтага вакол пана і гандляра назбіралася вялікая колькасць разявак. Усім было цікава, чым гэта ўсё скончыцца. Мужык не падмануў, яек было роўна сто. Ён стаяў каля пана пасміхаючыся, трымаючы перад сабою ў падоле кашулі яйкі і гучна пытаў: “Ну што, пан? Чыя праўда?” Пан згадзіўся: “Канешне, твая, але прабач мне”.

Гандляр крыху збянтэжыўся і запытаў: “За што пан просіць у мяне прабачэння?” — “Вось за што”, — сказаў пан і, нахіліўшыся, распусціў у мужыка на портках папружку. Штаны ўпалі ніжэй кален. Натоўп з рогатам паваліўся на зямлю. Былі чутны выкрыкі, што яек не сто, а нават на адну пару больш. Толькі збянтэжаны гандляр так і стаяў, не ведаючы, што рабіць: і яйкі не кінеш, і порткі не нацягнеш. Абставіны пагаршала тое, што ў той час мужчынская ніжняя бялізна ў асяроддзі вяскоўцаў практычна не выкарыстоўвалася.

Пан быў справядлівы. Насмяяўшыся, ён купіў у гандляра яйкі і заплаціў за іх у пяць разоў больш, чым пытаў мужык.

Вялікае поле
Назва гэтага ўрочышча гаворыць сама за сябе. Раней дзеля таго, каб распрацаваць пад сельскагаспадарчую дзейнасць надзел зямлі, трэба было выразаць і выкарчаваць лес або высекчы хмызняк, а ў гэтым месцы, хутчэй за ўсё, было чыстае вялікае поле, якое можна было адразу выкарыстоўваць ў сельскай гаспадарцы.

Татарская гара
Сярод мясцовых жыхароў бытуе меркаванне, што ў тым урочышчы знаходзяцца старажытныя татарскія могілкі, але адносна назвы ёсць яшчэ адно вельмі прыгожае паданне.

Падчас мангола-татарскага нашэсця, перад вырашальнай бойкай, спыніўся ў гэтых мясцінах разам са сваім войскам мангольскі хан. Пасля адпачынку ён загадаў кожнаму свайму ваяру набраць поўны шалом зямлі і высыпаць у адным месцы. Хутка там з`явілася вялікая гара. Скончыўшы справу, хан з войскам накіраваўся на бойку, у якой неўзабаве пацярпеў паразу. Вяртаючыся той жа дарогай назад, ён загадаў, каб кожны ацалелы ваяр забраў з гары па поўным шаломе зямлі. Гара значна паменшылася, але ўсё роўна велічна ўзвышалася над полем.

Ацаніўшы страты, хан з войскам рушыў на ўсход, а Татарская гара так і засталася тут як помнік вялікай паразы мангольскага войска.
На самай справе гэта проста прыгожае паданне, так як, паводле археалагічнай разведкі гісторыка Васіля Супруна, Татарская гара з`яўляецца гарадзішчам абарончага тыпу сярэдзіны першага тысячагоддзя, а мангола-татарскае нашэсце адбылося толькі ў пачатку другога.

Пуза
Назва гэтага ўрочышча паходзіць ад своеасаблівага ландшафту мясцовасці. Вельмі доўгі і пакаты схіл вяршыні ўтварае падобную да пуза крывізну. Быццам стомлены велікан, прылёгшы трошкі адпачыць, выставіў пагрэць на сонейка свой жывот і заснуў так моцна, што ўжо стагоддзі нішто не можа яго пабудзіць.

Каля Анатоля
Назва гэтага ўрочышча паходзіць ад імя чалавека, які жыў паблізу ад гэтага месца.

У першай палове ХХ стагоддзя паміж вёскамі Азярніца і Клепачы прасціралася прыгожае возера. На яго беразе, недалёка ад вады, жыў дзядзька Анатоль. Ён быў вельмі добры, бескарыслівы чалавек. Асабліва яму былі ўдзячныя мясцовыя рыбакі, так як кожны з тых, хто меў човен, пакідаў яго пад наглядам Анатоля. Такім чынам, каля дзядзькавай хаты неўзабаве збіралася цэлая «флатылія». Анатоль ніколі нікому не адмаўляў, за свае паслугі нічога не пытаў. Так і завялося ў мясцовых рыбакоў дамаўляцца аб сустрэчы каля Анатоля.

Возера асушылі падчас меліярацыі, ад яго засталася невялікая сажалка, каля якой, як і раней, збіраюцца мясцовыя рыбакі, каб палавіць рыбу Каля Анатоля.

Жабаркі
Гэтая назва ўзнікла адносна нядаўна, у 20-30-я гады, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. У гэтым урочышчы было шмат хутароў, але людзі, якія там жылі, былі вельмі беднымі. У Польшчы ў той час насельніцтва абкладалася шматлікімі падаткамі. Адным з іх быў падатак, які браўся з кожнага коміна. Для таго, каб не плаціць падатак з коміна, жыхары гэтага ўрочышча паразбіралі свае каміны. Дым з печаў выходзіў проста праз дзірку ў даху. Пасля гэтага ўчынку ўсе людзі пачалі называць жыхароў урочышча жабракамі, што паступова пераўтварылася ў жабаркі.

Вярхі
Назва ўрочышча паходзіць ад асаблівасцей рэльефу мясцовасці. Урочышча размешчана на ўзвышшы і знаходзіцца вышэй за вёску.

Малева
Назва гэтага ўрочышча ўзнікла дзякуючы маляўнічым мясцінам, якія знаходзіліся вакол гэтай мясцовасці.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments