Погода в Слониме:Погода на неделю:
около 0
EUR - 2.364 BYN
USD - 2.008 BYN
RUB - .03416 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Спадчына
131

Памешчыца-забойца

11.07.2017 Працяг. Пачатак тут


Янка
Янка спалоханым позіркам глядзеў сабе пад ногі, побач з якімі праменьчыкамі разляталіся парцалянавыя кавалкі яшчэ імгненне таму прыгожай талеркі з любімага сервіза Пані. «Як маё жыццё», — толькі і паспеў падумаць хлопчык перш чым адчуць моцны ўдар па галаве, які нанесла яму Стоцкая: «Усыпце яму дваццаць бізуноў. Мо стане больш уважлівы». «Сёння Пані добрая. Талерка ж такая прыгожая. Была. Я заслужыў больш» — казаў Янка Кастану, якому было загадана выканаць пакаранне. За два гады службы на фальварку Зялёны Дворык 13-цігадовы Янка Каваль змірыўся са сваім лёсам і бізуны прымаў як належнае. Напачатку моцна плакаў, клікаў матулю, пакуль Аўдоцця не навучыла яго мастацтву забыцця.

Месцам яго паратунку стаў бярозавы гаёк за Рэмезамі, побач з якім Янка калісьці пасвіў кароў і ў якім гуляў з дзецьмі ў бэрака. Менавіта туды накіроўваўся хлопчык у сваіх думках, каб не адчуваць цяжкіх удараў бізуна.

Праўда, ад фізічнага болю летуценні яго не пазбаўлялі. Але падчас самога пакарання ён перастаў прасіць аб дапамозе, і таму расчараваная Пані звычайна моцна яго не катавала, а Кастан імкнуўся ўсялякімі спосабамі заняць хлопчыка працай, каб той не трапляў гаспадыні на вочы. Дваццаць бізуноў Янка нават не заўважыў. Але пасля бізуноў заўсёды хіліла да сну, хацелася абмыць шнары, схавацца ў якім кутку, як тая мыш. Не, няма часу на адпачынак.

Пані загадала падаць вады. Апынуўшыся каля калодзежа, Янка ўжо набраў цяжкое вядро і гатовы быў цягнуць яго ў пакоі гаспадыні. «Коней напаі», — загадаў Кастан. Хлопчык не стаў пярэчыць любімаму служку Пані. «Я калісьці таксама буду, як Кастан». Коні павольна цадзілі ваду. Янка разглядаў магутныя фігуры жывёл, зайздросціў іх моцы. Хлопчык дачакаўся пакуль коні дап`юць, і толькі цяпер спахапіўся: яшчэ не занесена вада да Пані. Ён пабег з цяжкім вядром праз увесь надворак. Спіна непрыемна ныла. Дабегшы да ганка, Янка аступіўся і ўпаў, заліўшы ўсю лесвіцу вадой. Хлопчык зноў вярнуўся да калодзежа і ў другі раз напоўніў вядро.

У пакоі Пані не было. Янка ціхенька паставіў вядро на падлогу і збіраўся ўжо ісці дапамагаць Аўдоцці праціраць залітую вадой лесвіцу. Але Пані яго запыніла на парозе: «Што ты ёлупень зусім не шавелішся? Чуеш, што кажу? Ці зусім глухі стаў? Я табе зараз пакажу, як мяне не слухаць!» Яе вочы гарэлі жудасным полымем. Яна ў два крокі апынулася побач з Янкам і з усяе сілы ўдарыла яго па галаве. Хлопчык, аслабелы пасля ўдараў бізуном, паваліўся на падлогу. Пані пачала біць яго нагамі. Янка спачатку намагаўся ўхіляцца і неспадзявана перавярнуў толькі што прынесенае вядро з вадой. Стоцкая біла яго па ўсяму целу: нагах, галаве, руках, якія імкнуліся прыкрыць галаву, жываце і збітай бізунамі спіне. Уся кашуля і нагавіцы былі мокрыя ад разлітай па падлозе халоднай вады.

Раптам Стоцкая спынілася, хвіліну пераводзіла дых. Апусцілася на калені і пачала гладзіць Янку па галаве, паклаўшы папярэдне тую сабе на калені: «Чаму ты мяне ніколі не слухаеш». Янка паспрабаваў узняцца, але не змог, адчуўшы моцны боль у левым баку. Пабачыўшы цяжкі стан хлопчыка, памешчыца загадала вызваліць яго ў гэты дзень ад працы і паставіць яму пяць п`явак.

Хлопчык ляжаў у невялікім пакоі, прызначаным для служкаў. Было цёмна і непрыемна пыхкала вераснёўскай волкасцю. Некалькі разоў заходзіла Аўдоцця, мяняла кампрэс на левым баку, але боль не знікаў. Янка адчуваў, што ўнутры быццам нешта падралася, зламалася. Уставаць ён больш не мог, хацелася толькі спаць. У адным са сноў хлопчык узгадаў, як яго малога забіралі з бацькоўскай хаты на службу да Пані. Тая асабіста прыехала на яго паглядзець. Маці не магла стрымаць слёз, а Янка ў глыбіні душы радаваўся, што будзе служыць гэтай прыгожай жанчыне, уяўляў, як выслужыцца ў яе і зможа дапамагчы сваім родным. Не атрымалася. І вось цяпер ён зноў праваліўся ў бяспамяцтва. Янку ўявіўся яго любімы бярозавы гаёк за вёскай, дзе ён з дзецьмі гуляе ў бэрака.

Цела Янкі Каваля, памерлага 20 верасня 1846 года, праляжала ў хаце Стоцкіх тры дні, пакуль па загаду памешчыцы не было ноччу вывезена на могілкі і таемна пахавана. Аб здарэнні ў Мазырскі земскі суд паведаміў святар праваслаўнай Рэмезаўскай царквы Якаў Радзевіч.

Аўдоцця
Боль у жываце не даваў спакою Аўдоцці ўвесь тыдзень. Нягледзячы на гэта, яна працягвала пакорліва прымаць штодзённыя трохразовыя пакаранні, якія сталі асабліва жорсткімі пасля знікнення Янкі. Тыя часам даходзілі да 200 удараў вымачанага ў салёнай вадзе бізуна. Пры гэтым Аўдоцця прывязвалася па руках і нагах палкамі, каб не мела магчымасці прыкрыць лупцаваныя месцы. За пакору і моцную цягавітасць шаснаццацігадовая дзяўчына ўжо даўно зрабілася любімай служкай Пані Стоцкай. Без Аўдоцці яна не абыходзілася ні хвіліны.

Шэсць гадоў таму Аўдоцця паступіла на службу да ўжо састарэлай Тэклі Багушовай, уладальніцы паезуіцкага маёнтка Рэмезы. Але сапраўднай гаспадыняй тут была яе дачка — Ганарыта, жонка памешчыка Бернарда Стоцкага. Сяляне паміж сабой казалі, што ў якасці гасцей на іх шлюбе прысутнічалі нячысцікі з усёй ваколіцы, а саюз маладых з самага пачатку быў паяднаны непераадольнай прагай крыві. Пасля таго, як здароўе канчаткова стала падводзіць Тэклю Багушову, заступніцу ўласных сялян, тым не засталося паратунку ад яе дачкі і зяця.

Як на ліха, кудысьці збег Янка, якога шукалі па ўсёй ваколіцы. Хадзілі нядобрыя чуткі, быццам бы гаспадыня яго забіла, але Аўдоцця ў гэта не верыла. Дзяўчына, якая выконвала ролю пакаёўкі пры Стоцкай, заўсёды была побач з памешчыцай, каб прыйсці на дапамогу ў часы асабліва моцных прыступаў, якія яе апаноўвалі.
Адзіным сябрам для Аўдоцці цяпер заставаўся Кастан. Ён умеў і выслухаць, і моцна сціснуць у абдымках, і прыкласці адвар да асабліва балючых ран на галаве.

ўдоцця як нішто іншае ў свеце любіла дотыкі яго моцных шурпатых далоняў да яе яшчэ дзіцячага твару, які, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, захоўваў сваю прыгажосць. І нават Пані не дазваляла сабе біць па гэтаму тварыку, толькі часам перад асабліва жорсткімі катаваннямі мякка цалавала дзяўчыну ў лабок.
Ужо некалькі дзён Аўдоцця назірала, як Пані мяняецца, б`ецца ў душэўных пакутах, маркоціцца. Дзяўчына спрабавала падысці да яе, прапаноўвала дапамогу, падстаўляла спіну пад удар бізуна. Але Стоцкая не чапала яе, падыходзіла, хвіліну стаяла побач, быццам вагаючыся, і адыходзіла ў бок, адпраўляючы пакаёўку выконваць чарговае заданне. Затое з Кастанам адносіны сталі як ніколі блізкія.

Аўдоцця ў глыбіні душы марыла пра простае дзявочае шчасце, што за бездакорную працу і пакору Пані адпусціць яе разам з Кастанам і за ўсё яе трыванне падорыць невялічкі кавалак хоць бы і пясчанай зямелькі дзе-небудзь на ўскрайку Рэмезаў...

Дзяўчына спахапілася пасярод ночы. За ёй прыйшоў сам Кастан і халодным голасам, быццам і не было нічога між імі, запатрабаваў прайсці ў пакоі Пані. Аўдоцця не супраціўлялася, разумеючы, што так і трэба. Перад уваходам у пакой гаспадыня загадала амаль цалкам распрануцца, пакінуўшы адну кашулю. Затым Кастан правёў дзяўчыну ў пакой, пра існаванне якога яна, прапрацаваўшая тут столькі часу, нават і не здагадвалася.

Памяшканне было халодным і цёмным. У самай сярэдзіне да столі і падлогі былі прымацаваныя жалезныя кольцы. Паступова цікавасць перарастала ў страх, які яшчэ больш узмацніўся, калі Аўдоцця заўважыла як Кастан выйшаў і вярнуўся з вялізным бярэмем вымачаных у салёнай вадзе бізуноў, пах якіх адразу запоўніў усю прастору. Толькі цяпер Аўдоцця ўбачыла Паню, якая стаяла на ўскрайку знічкавага святла, у самым яго ценю.

— Падвядзі яе да мяне, — амаль шэптам загадала Стоцкая свайму любімаму служку.
Калі Аўдоцця, па скуры якой ужо паспела прабегчы хваля дрыжыкаў, падышла бліжэй, Пані ласкава і далікатна пагладзіла яе па галаве, узяла за шчочку, дакранулася да падбародка і, лёгкім казытаннем, да грудзей, у якіх толькі-толькі пачынала адчувацца жаночая моц. Затым Ганарыта Стоцкая апусцілася на калені перад сваёй пакаёўкай, пры гэтым не адпускаючы руку дзяўчыны. Аўдоццю ахапіла моцнае пачуццё жалю да сваёй гаспадыні і яна таксама апусцілася побач на калені. Халодныя мокрыя пальцы Пані непрыемна адгукаліся на цёплай, усё яшчэ амаль дзіцячай скуры, але Аўдоцця гэтага не заўважала. Яна ўзяла і па-матчынаму, абняла дарослую жанчыну. Спачатку Стоцкая маўчала, але паступова яе ціхі, пакорлівы голас запоўніў цёмнае памяшканне, у якім дзесьці ў куточку з ног на нагу перакочваліся два мужчынскія цені.

Працяг будзе

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments