EUR - 2.403 BYN
USD - 2.034 BYN
RUB - .03461 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Беларусь
104

Ці лёгка шчыраму беларусу ў Беларусі?

12.08.2017 На маю думку, шчыры беларус не толькі ведае мову, але і карыстаецца ёю, прапагандуе яе.


Ці лёгка шчыраму беларусу ў Беларусі?

1967 год. Пасля заканчэння СШ №4 горада Слоніма я паступіў на філалагічны факультэт беларускага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У той год упершыню ад старшакурснікаў пачуў пра ня­згодную з савецкай уладай групу Іскрыка, Белавуса, якую ў 1964 годзе выявілі на нашым філалагічным факультэце.
А ў 1968 годзе на факультэце адбылася падзея, якая ўзбударажыла ўвесь універсітэт. Студэнты-старшакурснікі Алесь Разанаў, Віктар Ярац арганізавалі на сваім курсе збор подпісаў, каб грамадска-палітычныя дысцыпліны чыталіся па-беларуску.

Філалагічны факультэт (а тады толькі на нашым курсе было больш чым сто студэнтаў) гу­дзеў як патрывожаны вулей. Мы падтрымлівалі Алеся і Віктара, спачувалі ім. Калі б мне на той час прапанавалі паставіць пад іх петыцыяй адпаведны подпіс, па­ставіў бы не вагаючыся. А потым, як звычайна адбывалася ў Савецкім Саюзе, пачалося асуджэнне арганізатараў петыцыі. Хлопцаў абвінавацілі ў нацыяналізме і пакаралі, выправіўшы з БДУ. Неўзабаве да нас прыслалі намеснікам дэкана, як многія казалі, палкоўніка КДБ, каб пільна сачыў за нацыянальна настроенымі студэнтамі. Шчыра скажу, асабіста мне нічога кепскага ён не зрабіў. Аднаго разу нават па-баць­коўску, не патрабуючы аніякай узаемнасці, падтрымаў у цяжкую хвіліну.

Праз нейкі час я вярнуўся на Слонімшчыну і стаў працаваць у школе, а потым і актыўна ўдзель­нічаць у грамадска-палітычным жыцці, у прыватнасці, працягваць справу старэйшых братоў-беларусаў — змагацца за нацыянальнае адраджэнне, за мову. Менавіта ў гэты перыяд і адчуў, якая цяжкая мая ноша.

Прывяду некалькі канкрэтных прыкладаў. З мэтай прапаганды беларускай мовы пры «Газеце Слонімскай» мы вырашылі стварыць літаратурнае аб`яднанне. Каб надаць яму юрыдычны статус, я пайшоў на прыём да тагачаснага намесніка старшыні Слонімскага райвыканкама. Пачуўшы пра літаратурнае аб`яднанне, ён ускочыў з крэсла і стаў што ёсць сілы крычаць на мяне. Я таксама ўскочыў і стаў крычаць на яго. Так, крычучы, мы абодва вываліліся з шыкоўнага кабінета (невядома, хто каго выпіхаў). Нейкі чалавек, які ў той час сядзеў у прыёмным пакоі, усхапіўся і ўцёк (мабыць, не захацеў быць нявольным сведкам нашага канфлікту). А на мяне ў школе пачаліся ганенні. Думаю, што з падачы намесніка, хоць пазней, калі той быў ужо на пенсіі, такі факт ён катэгарычна адмаўляў. Я гэтаму не здзівіўся, бо ведаў: магнаты ад улады, калі ім прыходзіцца няпроста, або кладуцца ў бальніцу, або прыкідваюцца дурнямі.

Другі выпадак. Часы перабудовы. Ад імя настаўнікаў Слонімскага раёна мне даручаюць з высокай трыбуны павіншаваць маладых настаўнікаў на жнівеньскай нарадзе педагогаў. Падрыхтаваўся як след, павіншаваў эмацыянальна, ад душы на мове (тады магнаты ад улады калі не тварам, то бокам павярнуліся да яе) і пад гучныя воплескі пайшоў у залу. Прэзідыум, бачу, усміхаецца, задаволены. А пасля асноўнага даклада я выступіў зноў, ужо з месца, падняўшы праблемы беларускай мовы, якія гадамі не вырашаліся ў раёне. На гэты раз прэзідыум скрывіўся, быццам праглынуў горкую пілюлю (глыбінныя праблемы мовы ён не збіраўся выра­шаць), а ў мяне, як звычайна, зноў пачаліся непрыемнасці.

Трэці выпадак. Неяк сустрэў адзін з кіраўнікоў (тады я працаваў у Касцянёўскай школе і на працу дабіраўся з горада спачатку пяшком ад СПТВ, а потым на веласіпедзе з дому) і папярэдзіў: «Не садзіся ў спадарожную легкавушку, калі ўбачыш, што там маладыя хлопцы».

Гэтае папярэджанне я ўспрыняў сур`ёзна, зразумеў, што да таго кіраўніка дайшла невядомая мне чорная інфармацыя.
Трэці і чацвёрты выпадкі, падобныя адзін на аднаго, як браты-блізнюкі.

Аднаго разу ехаў пасля працы з Касцянёў на веласіпедзе і ў раёне камвольнай фабрыкі ўбачыў, што з запраўкі выязджае бензавоз. Інтуіцыя падказала мне, каб насцярожыўся і збавіў ход, што мяне і выратавала. Замест таго, каб павярнуць направа ці пераехаць на процілеглы бок шашы, бензавоз на вялікай хуткасці паехаў налева, проста на мяне, насустрач. Я націснуў на педалі і, перасекшы шашу, уцёк ад яго.

Падобнае здарылася і пазней. Тады раніцай ехаў у Касцяні, на працу. Адзінокі грузавік, які рухаўся з боку СПТВ, нечакана стаў ехаць пасярод шашы, а за колькі метраў да мяне панёсся мне насустрач. Разам з веласіпедам я кінуўся ў кювет. Потым нейкі час стаяў і глядзеў услед грузавіку. А ён пераехаў на правы бок дарогі і накіраваўся ў горад.

Прыведзеныя прыклады яскрава сведчаць, што нялёгка, часам невыносна жыць шчыраму беларусу ў чужым яму рускамоўным асяроддзі. Тут ён часта адчувае сябе як іншаземец. Так было, так ёсць і, напэўна, так яшчэ доўга будзе.

«Что не смог сделать русский штык, доделает русская школа... Тот житель этого края (Беларуси. — А. Я.), кто не захочет преобразиться в русского, будет считаться иностранцем и должен оставить его навсегда», — у 1864 годзе пісаў «генерал-губернатор Северо-Западного края Михаил Муравьёв».
Стагоддзямі знішчалася панамі з усходу і захаду і іх памагатымі мова, а яе носьбіты аб`яўляліся ворагамі, злачынцамі, іншаземцамі на сваёй зямлі.

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments