Погода в Слониме:Погода на неделю:
около 0
EUR - 2.364 BYN
USD - 2.008 BYN
RUB - .03416 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Літаратура
118

Сіняя сумка

10.10.2017

— І куды іх нясе? — бубніла сабе пад нос тоўстая, як цэбар, Ліда Гаршкевіч, прабіраючыся па праходзе мінскага аўтобуса, застаўленага сумкамі і бауламі. — Раніца, будні дзень, а народу — не павярнуцца. Я-то да сястры еду, а яны ўсе куды?

Нарэшце знайшла вольнае месца амаль у самым канцы аўтобуса. Дакладней, вольных было два, але на тым, што ля акна, стаяла сіняя мужчынская сумка. Ліда села, паставіла ля ног свой вялікі, напакаваны ўсякай усячынай пакет. «Дзе ж гэта сусед цягаецца? — падумала. — Задрамала б, але ж як прыйдзе, то разбудзіць, шыючыся на сваё месца».

Але не паспеў аўтобус крануцца, як заснула. І не дзіва, бо рана ўстала і шэсць кіламетраў пешшу дабіралася да райцэнтра, каб хаця паспець на гэты рэйс.
Прачнулася, калі праехалі добрую сотню кіламетраў, ужо мінулі два гарадкі. Здзівілася, што гаспадара сіняй сумкі так і няма.

«А можа, каб мяне не будзіць, сеў на іншае месца?» — азірнулася па баках, але нічога такога не заўважыла. Пасажыры драмалі.
Лідзіны вочы як магнітам прыцягвала сіняя сумка. «А калі там бомба? Цяперашнім светам усяго можна чакаць. Вунь у Мінску ў метро час ад часу па радыё папярэджваюць, маўляў, калі ўбачыце якую сумку ці пакет без гаспадара, то не чапайце, а паклічце міліцыю. Хіба шафёру сказаць?»
Паслухала, можа, цікае ў сумцы бомба? Не чуваць. «Ат, адчыню і пагляджу, што там, бо нагнала на сябе страху».

Рука сама пацягнулася да замка. Зверху былі мужчынскія сарочкі, пад імі — электрабрытва ды розная іншая драбяза, без якой мужчыны ў дарогу не выбіраюцца. У бакавой кішэні намацала кашалёк. Асцярожна выцягнула. Жаночая цікаўнасць зашкальвала, і Ліда пакруціла зашчапку. Акрамя розных паперак, відаць квітанцый, тут былі грошы. І беларускія, і еўра, і долары. Словам, шмат грошай.

«Цёпленькі мужчынка! — падумала з зайздрасцю. — І чаму ён пакінуў такое багацце? А можа, усё гэта крадзенае? Можа, у Мінску на вакзале гэты аўтобус ужо чакае міліцыя і мяне схопяць разам з крадзенай сумкай?!» — сэрца ў кабеты моцна закалацілася.

Азіраючыся, нібыта яна і сапраўды была злодзеем, пасунула руку на самае дно і спрабавала выцягнуць нейкую кніжачку ў цвёрдых вокладках, няйначай пашпарт. Але тут аўтобус нечакана спыніўся, і ў салон увайшлі кантралёры — дзве дзябёлыя цёткі з бэйджыкамі на грудзях.
— Пасажыры, падрыхтуйце білеты для праверкі! — загадала тая, што была старэйшая.

Ліда пакінула валэндацца з чужой сумкай і пачала калупацца ў сваёй, каб знайсці білет. Ад хвалявання і нейкага дурнога страху выпусціла білет на праход, пасля ледзь вышчамілася з сядзення, каб падняць яго. Пакуль уладкавалася на месца, над ёй ужо гарой узвышалася старэйшая кантралёрка.

— Жанчына, чаго гэта вы тут мітусіцеся? — падазрона спытала. — Паказвайце білет! А чыё гэта месца? — надарваўшы яго, строга нахмурыла густыя чорныя бровы.

Чортавы кантралёркі, так бы мовіць, сапсавалі Лідзе ўсю маліну. Яна ўжо думала, раз у сумкі няма гаспадара, то можна будзе ўзяць з кашалька крыху грошай. Не абяднее той невядомы мужчына. А тут на табе!

— А гэта... мужа майго! — выпаліла нечакана для сябе.

— А муж дзе?

— Адстаў ад аўтобуса. Пайшоў піва папіць, а я заснула. Ну, ён і адстаў. Адна вось да Мінска еду...

Кантралёрка праверыла ў вадзіцеля дакументы. І сапраўды, на гэтае месца быў прададзены білет.

— Трэба пільна сачыць за мужам, а то і наогул збяжыць, — параіла на развітанне.

— Дык збег ужо, — прабубніла сабе пад нос Ліда. — Чорт яго ўпільнуе, як наважыўся. — Яна мела на ўвазе свайго мужа Яўхіма, які чатыры гады таму ўцёк да Надзькі Бародзічавай з суседняга аграгарадка. І самае прыкрае, людзі кажуць, што жывуць добра.

Нарэшце кабета выцягнула на божы свет дакумент у цвёрдай вокладцы. Гэта і сапраўды быў пашпарт. І якое ж было яе здзіўленне, калі на фотакартцы ўбачыла фізіяномію свайго Яўхіма. Так і напісана было: Альбарэвіч Яўхім Сымонавіч. Пагартала далей. Штамп аб разводзе з ёй і штамп аб рэгістрацыі шлюбу з Надзькай Бародзічавай. Усё як мае быць.

«Ну, цяпер-то ён мяне пашукае, папросіць, каб вярнула сумку! Не аддам без выкупу!» — падумала зларадна.

Калі аўтобус падыходзіў да мінскага аўтавакзала, прашчамілася наперад і сказала вадзіцелю:

— Як часам муж будзе пытаць, то вось адрас, а то ён, такая разява, можа, і забыўся. — Паклала на шчыток прыбораў запіску са сваім вясковым адрасам.
— О, добра-добра! — не гледзячы на тую запіску, прамовіў вадзіцель. — А то мне ўжо з Мельнікоўскай аўтастанцыі званіў мужчына, той, што адстаў, прасіў сумку забраць.

— Яна будзе ў мяне, — прамовіла Ліда, ступаючы на мінскі асфальт...

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments