EUR - 2.36 BYN
USD - 2.009 BYN
RUB - .03389 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Спадчына
276

Несправядлівасць, альбо «Нашы мёртвыя нас не пакінуць у бядзе...»

13.11.2017 Так спяваў Уладзімір Высоцкі. Але гэта было толькі яго марай ці жаданнем, бо мёртвыя вельмі часта пакідалі і пакідаюць сваіх блізкіх у бядзе.

Струпаўцы

— К стенке! — крычыць. І ўцячы няма куды — за вокнамі нас чакаюць... Адным словам, сталі мы развітвацца, а ён нешта з кулямётам капаецца. Я яшчэ сказаў бацьку: «Тата, ды яны шуцяць!» — «Сынок, бандыты не шуцяць», — адказаў ён. Бацька мой гусарам быў, служыў у царскай ахове, меў тры георгіеўскія крыжы. Ён мог абараніцца і кулямёт адабраць, каб не я. Я яму перашкодзіў, калі кінуўся на шыю... Зайцаў страляў з кулямёта. Першым быў забіты бацька, пасля разрыўная куля трапіла ў галаву маме, некалькі куль увайшло ў мяне... Я не згубіў прытомнасці. Я бачыў, як яны запальвалі паперу на твары ў бацькі, як ботамі разбівалі галаву маёй маленькай сястрычцы (яна была яшчэ жывая), як дабівалі штыкамі і прыкладамі маіх братоў. Мне прыкладам дзве рабрыны зламалі. «Партызаны» былі п`яныя, інакш мяне забілі б. Пасля яны вынеслі з хаты ўсё, што можна было, і падпалілі яе знутры... Памятаю, як яны выходзілі, Зайцаў сказаў: «Пусть б... коптятся», — так расказваў гісторыку і колішняму журналісту «Газеты Слонімскай» Сяргею Яршу пра забойства сваёй сям`і 28 красавіка 1943 года ўраджэнец вёскі Якімавічы Васіль Струпавец — цытата паводле артыкула ў «ГС» №9 ад 1-7 жніўня 1997 года.

Забівалі Струпаўцоў пяць чалавек: Іван Зайцаў (камандзір атрада імя Панамарэнкі, а са студзеня 1944 года намеснік камандзіра брыгады імя Ракасоўскага), Пётр Бухарэўскі (мянушка Чубаты, начальнік штаба, працягваў «партызаніць» да 1947 года), Іван Багуслаўскі (мянушка Сібірак) і яшчэ двое, прозвішчы якіх Васіль Струпавец не ведаў.

Усяго за вайну «партызаны-зайцаўцы» (па сведчанні яшчэ аднаго жыхара Якімавічаў Сцяпана Сільвестравіча Данільчыка) забілі 45 чалавек, а немцы двух.
Васіль Струпавец пасля ранення застаўся інвалідам і ўсё жыццё дамагаўся, каб вядомых забойцаў яго сям`і судзілі паказным судом. Не дамогся. Памёр у 2000 годзе і пахаваны на якімавіцкіх могілках побач з забітымі бацькам, маці, двума братамі і сястрычкай.

Старонка «Газеты Слонімскай» №9 1997 года з артыкулам пра забойства сям`і Струпаўцоў. На фотаздымках — ахвяра і кат

Карпачы

— Рус зольдат?! — крычаў нямецкі афіцэр у твар падстрыжанаму пад «нуль» Івану Карпачу на падворку яго хутара. — К стенке! — тыцнуў потым рукой у бок хаты і пачаў даставаць з кабуры пісталет... Адбывалася тое летам 1941 года на хутары Карпачоў каля вёскі Вострава на Слонімшчыне.
Сто разоў я чуў гэтую гісторыю з вуснаў сваёй бабулі Марыі Фёдараўны, якая адмаліла ў таго немца жыццё свайму мужу.

Хутаранца Івана Карпача, як і іншых мясцовых сялян прызыўнога ўзросту, ваенныя савецкія начальнікі паспелі мабілізаваць пасля пачатку вайны ў Чырвоную Армію. Забралі ў войска толькі для таго, каб кінуць на волю лёсу недзе на фартах каля Гродна з адной вінтоўкай на дзесяцёх. Самі камандзіры з пазіцыі збеглі. Яфрэйтар, які застаўся старшым чынам у часці навабранцаў, сказаў: «Хлопцы, хто мясцовы, ідзіце дахаты. Астатнія ратуйцеся хто як зможа. Нас прадалі». Дзед Іван прыйшоў дамоў.

— Гадуй кляйн! — сказаў немец Івану і аддаў Марыі адзіны даваенны фотаздымак усёй іх сям`і. Іх маленькія дочкі Ніна і Таня былі прыкладна аднаго ўзросту з дзвюма дочкамі нямецкага афіцэра.

Усю акупацыю сям`я пражыла разам. Днём кармілі немцаў, а ноччу «партызанаў». Але выжылі. А летам 1944 года, пасля вызвалення ад немцаў, на пастой да суседзяў па хутары Рэшкаў спынілася адно з падраздзяленняў СМЕРШ. Пілі і гулялі смершаўцы ў Рэшкаў доўга. Каб адпомсціць за нешта Карпачам, Рэшчыха збрахала смершаўцам, што сусед Іван служыў пры немцах у самаахове. Ад`язджаючы, тыя вайсковыя чэкісты забралі гаспадара сям`і і бацьку маленькіх дзяўчынак з сабой. Аказалася — назаўсёды. Іншыя суседзі-хутаранцы і вяскоўцы-актывісты сведчылі, што Іван Карпач ніколі не служыў у немцаў, а ўсю вайну працаваў на гаспадарцы і пасвіў кароў. Але іх сведчанні не пераканалі п`яных савецкіх вайскоўцаў.

Марыя Карпач (справа) з дачкой Таццянай. 50-я гады ХХ стагоддзя

Каментарыі
Дзве гэтыя гісторыі аб`ядноўвае адна вельмі істотная жыццёвая катэгорыя — несправядлі­васць... Не пакаралі забойцаў сям`і Струпаўцоў. Не знайшла свайго забранага па паклёпе мужа мая бабуля і ўсё жыццё пражыла ўдавой у няведанні і чаканні, сіротамі гадаваліся ў калгаснай галечы пасля вайны маці і цётка.
А што сёння?.. Каты і забойцы не тое што не пакараны, яны паказваюцца героямі ў розных псеўдагістарычных кнігах і фільмах, архівы КДБ закрыты, а дзейсны міністр унутраных спраў суверэннай Беларусі красуецца ў форме афіцэра НКУС на Дзень Перамогі... Каго ён перамог?

Тым часам нават добрая справа ўсталявання помніка на магіле недастрэленага Іванам Зайцавым у вайну Васіля Струпаўца выклікае дзіўную рэакцыю ў некаторых нашых сучаснікаў.

«Дети умирают от онкологии, Но Масюк и Марчик (Алесь Масюк і Віктар Марчык, грамадскія актывісты, якія спрычыніліся да ўсталявання помніка. — М.К.) упорно красят оградки и поминают «усопших». Может, начнете с малого? Помогите детям, которые умирают от рака. Внесите АНОНИМНО на лечение этих детей хотя бы по 2 рубля.... без «гнилого» пиара.... или вы только можете оградки красить и заявлять о себе, как об оппозиционных структурах?» — піша на сайце gs.by свой каментарый пад нататкай пра ўсталяванне помніка нехта Вольга.
Ці не Зайцава па бацьку і дзеду прозвішча ў той Вольгі?

Фота з архіва аўтара

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments