Погода в Слониме:Погода на неделю:
-1..-3
EUR - 2.437 BYN
USD - 1.984 BYN
RUB - .03507 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 183.00 руб.
Минимальная з/п: 265.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 31.00 руб.
Базовая величина: 23.00 руб.
Ставка рефинансирования: 13%
Войди в историю своего города
142

Мастак Мікола Бушчык у Слоніме: «Культура павінна быць стрыжнем самой ідэі і ідэалогіі горада»

23.12.2017 Таленавітыя людзі, як правіла, стараюцца з`ехаць са Слоніма ў Мінск ці за мяжу, каб развівацца далей. Але ёсць і выключэнні. Восенню 2017 года ў Слонім са сталіцы Беларусі пераехаў знакаміты беларускі мастак Мікола Бушчык.

Спадар Мікола адразу ўліўся ў культурніцкае жыццё горада і ўжо стаў генератарам новых ідэй. Напрыклад, мастак распрацаваў праграму развіцця мастацкай інфраструктуры Слоніма і выслаў гэтую праграму ў Міністэрства культуры Беларусі, а адказы з Міністэрства былі накіраваныя ў Гродзенскі аблвыканкам і Слонімскі райвыканкам.

Карэспандэнт «ГС» з гэтай нагоды пазнаёміўся і паразмаўляў з Міколам Бушчыкам.

— Я вельмі хачу разгарнуць працу з уладамі Слоніма, каб у горадзе ўтварыць гарадскую карцінную галерэю. Пакуль згода ёсць фактычна ўмоўная. Улады спасылаюцца на тое, што няма на гэта магчымасцяў і сродкаў. Спадзяюся, што з наступнага года з галерэяй штосьці зрушыцца, бо ў бок мастацтва ўлады нармальна глядзяць. Цяпер у нас ствараецца таварыства мастакоў «Слонім-ART» — праходзім інстанцыі на зацвярджэнне свайго статуса. Тут можна зрабіць усе ўмовы, каб праводзіць мясцовыя і рэспубліканскія пленэры. Таксама я планую право­дзіць міжнародныя пленэры, бо ў мяне шмат сяброў-мастакоў з розных краін свету, якія і цяпер згодныя сюды прыехаць папрацаваць і ўславіць малую маю радзіму. Таму з часам можна тут стварыць карцінную галерэю і сабраць творы слонімскіх і іншых беларускіх, а таксама замежных мастакоў. Галерэя прыцягвала б да сябе ўвагу і мясцовага насельніцтва, і турыстаў, была б такім файным культурніцкім месцам у цэнтры Слоніма. Ужо цяпер у мяне ёсць такое пагадненне пра галерэю з Алегам Мечыслававічам Таргонскім. Трэба чакаць, калі фактычна гэта зладзіцца, бо ўсё адразу не бывае.

— Які яшчэ плён можа даць галерэя ў Слоніме?

— Я лічу, што на базе гэтай галерэі трэба будзе ўтварыць мастацкую школу, бо тыя мастацкія гурткі, што існуюць разрознена ў Слоніме, фактычна не даюць мэтанакіраванай навуковасці ў гэтай галіне. Маленькі мастак павінен набы­ваць свае веды метадычна з дапамогай прафесіяналаў, каб шлях у мастацтва ў яго потым быў вольны і прыгожы. Ёсць планы ладзіць тут розныя выставы і імпрэзы і зрабіць Слонім такой тэрыторыяй, дзе мастацтва ў пашане і мастакі ў павазе. Менавіта культура павінна быць стрыжнем самой ідэі і ідэалогіі горада. Я спадзяюся, што ў гэтым накірунку атрымаецца ўсё належным чынам, і ўлады падтрымаюць, і грамадства зразумее.

— Раскажыце калі ласка, як Вам пасля сталіцы было вярнуцца на Слонімшчыну?

— Гэта мае родныя мясціны. Я родам з Дзераўной, што каля Слоніма. Калі я жыў у Мінску, тут жыў мой бацька, які быў вельмі светлым чалавекам. Цяпер у Слоніме жыве мая старэнькая цётка Стася, сваякі. Мне тут камфортна. Тым больш тут я магу стварыць майстэрню адразу ў сваім доме. Я і купляў у Слоніме прыватны дом дзеля гэтага. Таксама мы разам з жонкай і дачкой вельмі любім ездзіць у Дзераўную, дзе дагэтуль стаіць мая родная бацькоўская хата.

— Спадар Мікола, хоць Вам ужо і 69 гадоў, Вы з`яўляецеся маладым бацькам.

— Так, маёй дачушцы Паўлінцы пяць гадкоў. Дачушка для мяне — гэта як новы подых жыцця, яна ўліла ў мяне новыя сілы, здароўе і радасць. Бо калі бачыш сваё маленькае, забываешся пра ўсе нягоды і зноў адчуваеш сабе 30-40-гадовым чалавекам. Я заўсёды здзіўляюся свабодзе разумення маленькага чалавека, яго адчуванням і поглядам на жыццё. Гэта станоўча для мяне — як першы снег, як вясновая вясёлка. Гэта шчасце ды ўсмешкі.

— Раскажыце, калі ласка, пра Вашых старэйшых дзяцей.

— Мой старэйшы сын жыве ў Пецярбургу, з`яўляецца чэмпіёнам свету і Еўропы па лацінаамерыканскіх танцах. Шмат перамяшчаецца па свеце, і я нават не ведаю, напрыклад, дзе ён цяпер. Другі сын жыве ў Канадзе. Ён таксама, як і я, мастак. Працуе ў канадскай філіі Галівуда. Справа ў тым, што здымаць кіно танней у Канадзе, чым, напрыклад, у Каліфорніі.

— Якім Вы бачыце Слонім праз 10 гадоў, калі Вашы культурніцкія планы здзейсняцца?

— Вельмі прывабным турыстычным месцам. Бо, на мой погляд, па турыстычным патэнцыяле Слонім, не пабаюся гэтага сказаць, не саступае Варшаве.



Фота аўтара

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments