Погода в Слониме:Погода на неделю:
-2..-4
EUR - 2.46 BYN
USD - 1.972 BYN
RUB - .03511 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 197.81 руб.
Минимальная з/п: 305.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 33.00 руб.
Базовая величина: 24.50 руб.
Ставка рефинансирования: 11%
Войди в историю своего города
403

Гарошак пад ютубаўскім соусам

11.02.2018 Не так даўно ў Слонім завіталі ютуберы — рэжысёрка Наста Грышчук і аператар Генадзь Заяц з канала Haroshak. Менавіта ў Слоніме яны здымалі новую серыю пазнавальнага шоу пад назвай «Рукі ў ногі». Наста Грышчук на правах рэжысёра адказала на некалькі пытанняў карэспандэнта «ГС».

Наста Грышчук і Генадзь Заяц у Слоніме

Наста Грышчук і Генадзь Заяц у Слоніме

— Наста, крыху раскажыце пра сабе і пра Генадзя.

 — Я з Лепельшчыны. Такім чынам, "панаехаўшая". Генадзь — мінскі, але сам ён гэтае азначэнне не любіць, кажа, "з прысталічных сялян". Я журналіст. Скончыла Інстытут журналістыкі БДУ.  Гадоў пяць працавала ў газеце "Літаратура і мастацтва", вяла аддзел крытыкі. Уласна да праекта толькі і займалася літаратурай: "ЛіМ", Саюз беларускіх пісьменнікаў, рубрыка "Варта" на "Свабодзе" — усё такое.

Генадзь — аператар, працуе з беларускімі і замежнымі СМІ. Нейкі час здымаў "Падарожжы дылетанта", у той самы перыяд, калі ТБ "ласкава папрасіла" спадара Жыгамонта.

Перадача "Ногі ў рукі" — толькі частка праекта Haroshak.by. Мы выпускаем яшчэ і "Знакамітых беларусаў", вось-вось запусцім праект "Тры пытанні" — усё на канале YouTube.

Першым у праект прыйшоў Генадзь. Мы знялі выпуск пра Лепель, дзе я была героем, і пасля таго засталася ў праекце.

— Калі выйшаў першы выпуск "Рукі ў ногі"?

— Першы выпуск здымаўся яшчэ ў 2016 годзе: Андрусь Такінданг (афрабеларус, вядомы музыка і тэлевядоўца. — Заўвага аўтара) распавядаў пра Верхні горад у Мінску. Уласна праект стартаваў летась, у траўні, калі запусціліся суполкі ў сацсетках і YouTube-канал. А "Ногі ў рукі" пайшлі 1 чэрвеня.

— Якая галоўная мэта праекта і яго аўдыторыя?

— Прыехаць у горад і ўбачыць усё на свае вочы. Тут якая штука: адны праекты арыентаваныя на гісторыю, калі ж размова ідзе пра сучаснасць — закранаецца сацыялка. Але жыццё любога горада — гэта і гісторыя, і сучаснасць. Не злабадзённасць, а менавіта сучаснасць. Чым тут людзі жывуць? Што робяць? Дзе адпачываюць? Звонку ты бачыш адно, а мы хочам, каб горад сказаў сам за сябе. Таму кожны выпуск "Ног у рукі" мае новага героя — гэта мясцовы жыхар ці, прынамсі, чалавек, які з таго горада паходзіць. І што самае крутое, мы ўжо не шукаем герояў: людзі самі запрашаюць нас, хочуць паказаць сваё. Аўдыторыя — неабмежаваная. Нядаўна, напрыклад, нам напісала жанчынка, што выпуск пра Жодзіна глядзелі ўсёй сям`ёй. Фішка ў тым, што героем выпуску можа стаць любы — незалежна ад узросту, мовы, прафесіі і г.д. А значыць, і аўдыторыя кожны раз будзе новая.

— Колькі часу займае падрыхтоўка аднаго выпуску "Рукі ў ногі"?

— Дзень на здымкі, дзень на адбор матэрыялаў, гук-мантаж — за тры дні можна зрабіць гатовы выпуск. Але мы працуем адразу з некалькімі праектамі. Дый кожны дзень выезд не зробіш. Летам працавалі ў паскораным тэмпе, узімку — лайт-рэжым.

— У якіх гарадах ужо пабывалі і дзе Вам асабіста спадабалася больш?

— Ужо выйшлі выпускі пра Мінск, Віцебск, Лепель, Полацк, Маладзечна, Рагачоў, Бабруйск, Заслаўе, Мазыр, Мядзел, Докшыцы, Смаргонь, Івацэвічы, Ваўкавыск, Жодзіна і Радашковічы. Адзнятыя Труханавічы (спецвыпуск пра радзіму пісьменніка Янкі Скрыгана, прычым герой перадачы — яго дачка), Барысаў і, вядома, Слонім.

Я закахалася ў Бабруйск, у вялікай меры, дзякуючы людзям. Гаворка і гумар бабруйчан — гэта космас. Генадзю спадабаўся Ваўкавыск. Увогуле, пасля кожнай паездкі наноў здзіўляемся з таго, якія ў нас людзі: прадпрымальныя, смелыя, вясёлыя... І ўсё глыбейшае неразуменне, адкуль бярэцца панылы вобраз правінцыі. Правінцый жа не існуе! Яны толькі ў галовах. Вось Смаргонь — вельмі прадпрымальная, Ваўкавыск — моцны энергетычны, Мядзел — казачная атмасфера, Докшыцы — утульныя, Мазыр увогуле асобная рэспубліка. (Смяецца.) Мне здаецца, трэба да ўсяго дайсці самому і вобраз краіны ў тваёй галаве зменіцца. На тое і працуем.

— У чым асаблівасць слонімскай серыі?

— У Слоніме з`яўляюцца некалькі герояў: арганізатар музычных дзвіжаў, знаўца гісторыі і нават школьніца, чый дом знаходзіцца недалёка ад Сынковіцкай царквы.

Падчас здымак «Рукі ў ногі» ў Альбярціне

— А Вы раней бывалі ў Слоніме?

— Як ехалі ў Ваўкавыск, заўважылі здаля вежы касцёла, вырашылі спыніцца. Так і завіслі на некалькі гадзін. Канчаткова нас скарыла слонімская сталоўка ў цэнтры. А яшчэ — таямніца Эйфелевай вежы: што яна тут робіць?

— Дзе-небудзь Вы сутыкаліся з негатыўнай рэакцыяй ці агрэсіяй на вашы здымкі?

— Агрэсія — не зусім тое. Хутчэй нейкая абарончая рэакцыя. У людзей склалася ўражанне, што калі ты не з дзяржаўнага ТБ, то будзеш здымаць усякую "гадасць". Знойдзеш праблему, раскалупаеш яе і абвесціш на ўвесь свет, што "всё очень плохо". Мы такімі спекуляцыямі не займаемся. Жыццё складаецца не толькі з праблем, хопіць рабіць з сябе вечна няшчасных, шэрых і ўбогіх.

У Смаргоні, напрыклад, жанчынка нейкая крычала, што забараняе здымаць яе дом, а мы проста на вуліцы стаялі. У Радашковічах не дазволілі зняць крамку керамічных вырабаў, бо да нас там былі нейкія журналісты, якія знялі, а потым так паказалі, што дырэктар крамкі ўсыпаў бедным прадавачкам. Нам адгукаецца негатыў, пасеяны некім іншым.

— Наста, якое Ваша ўлюбёнае ютуб-шоу ці блог?

— Да праекта я ўвогуле не сядзела на ютубе. Цяпер гляджу ўкраінскія шоу, даследую працу з людзьмі, скажам так. Генадзь — фанат аўтамабільных блогераў. Маніякальная проста страсць.

— Ваша меркаванне, ці пераможа ютуб ТБ?

— Гэта пытанне з шэрагу "ці памруць кнігі пасля электронных чыталак". Ютуб — чарговы канал для рэтрансляцыі жыцця, як і кнігі, і тэатр, і кіно, і друкаваныя СМІ. А ТБ будзе жыць, прынамсі, да таго часу, пакуль будзе мець аўдыторыю. То бок доўга.

спасылкі на перадачы пра суседнія Ваўкавыск і Івацэвічы

 

https://www.youtube.com/watch?v=Wuy6zLO3vZ4&t=79s

Фота аўтара і з сайту Haroshak.by

Фота аўтара

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments