Погода в Слониме:Погода на неделю:
-2..-4
EUR - 2.46 BYN
USD - 1.972 BYN
RUB - .03511 BYN
АИ-92 — 1.17 руб.
АИ-95 — 1.25 руб.
ДТ — 1.29 руб.
Газ — 0.65 руб.
Цены на жизнь
Бюджет прожиточного минимума: 197.81 руб.
Минимальная з/п: 305.00 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 33.00 руб.
Базовая величина: 24.50 руб.
Ставка рефинансирования: 11%
Проблема
585

Спачатку заплаці, а потым пракурор разгледзіць скаргу

13.02.2018 Слонімскі раварыст-пенсіянер Канстанцін Белуш абскарджвае ў пракуратуры папярэджанне начальніка мясцовага аддзялення ДАІ Сяргея Шэўчыка за язду на ровары па праезджай частцы ў Слоніме. Каб абскардзіць папярэджанне (якое нічога не каштуе), чалавеку патрэбна заплаціць адну базавую — 24 рублі 50 капеек.

Гісторыя пенсіянера-раварыста Канстанціна Белуша
— 30 снежня 2017 года я ехаў па Савецкай вуліцы ў Слоніме. Мінуў ужо 48-ы магазін, калі мяне дагнала машына ДАІ і інспектар Андрэй Кіган склаў на мяне адміністрацыйны пратакол за язду па праезджай частцы дарогі ў горадзе. Пры гэтым Кіган пагадзіўся, што тратуар там не прыгодны для язды на ровары. «Патрэбна было спешыцца і весці ровар у руках», — адказаў інспектар на маё пытанне, дзе мне ехаць... Пратакол гэты потым разглядаў начальнік аддзялення ДАІ Слонімскага РАУС Сяргей Шэўчык. Ён сказаў, што штрафаваць мяне ў гэтым выпадку няма за што, і вынес папярэджанне. А за што папярэджанне?.. На маю прапанову павесіць там знакі з дазволам рухацца па тратуары раварыстам Шэўчык адказаў, што знакі там вывешвацца не будуць, бо тратуары не адпавядаюць патрабаванням Правілаў дарожнага руху. Я катэгарычна не згодны з гэтым папярэджаннем і напісаў адпаведную скаргу ў абласную пракуратуру ў Гродна. З Гродна маю скаргу пераслалі ў Слонімскую пракуратуру, а тут сказалі, што мне спачатку патрэбна 1 базавую дзяржпошліны заплаціць, а потым яны разгледзяць скаргу, — расказаў сваю гісторыю ў рэдакцыі «ГС» узрушаны пенсіянер.

Каментар пракурора
Карэспандэнт «ГС» звязаўся па тэлефоне з пракурорам Слонімшчыны Віталём Зайцам і папрасіў пракаментаваць сітуацыю.

— Ёсць рашэнні, якія абскарджваюцца з дзяржпошлінай, а ёсць рашэнні, якія абскарджваюцца без аплаты дзяржпошліны. У дадзеным выпадку Падатковы кодэкс прадугледжвае аплату грамадзянінам 1 базавай велічыні для разгляду яго скаргі. Пачытайце кодэкс, — параіў пракурор раёна.

Пачыталі і працытуем вытрымку з кодэкса, якая ілюструе гэтую сітуацыю: «...пры абскарджанні пастаноў, не звязаных з вынясеннем спагнання, у тым ліку аб спыненні справы пра адміністрацыйнае правапарушэнне — 1 базавая велічыня. Пры няўплаце ўказанай дзяржпошліны па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях скаргі грамадзян не разглядаюцца».
Як бачым, пракуратура тут дзейнічае ў існуючым цяпер прававым полі. Слонімскі пенсіянер Канстанцін Белуш, у сваю чаргу, лічыць, што спачатку яму незаконна вынеслі папярэджанне, бо Правілы дарожнага руху ён не парушаў, а цяпер, каб аспрэчыць гэтае папярэджанне, дзяржава патрабуе з яго грошы.

— Я буду дабівацца справядлівасці вышэй, але плаціць ім ні за што не буду... Цяпер рыхтую скаргу ў Генеральную пракуратуру, — зазначыў у размове з аўтарам гэтых радкоў пенсіянер.

Як бараніць свае правы раварыстам?
Як у такой сітуацыі бараніць свае правы слонімцу Канстанціну Белушу і любому патэнцыйнаму раварысту, якіх па ўсёй Беларусі заганяюць штрафамі і папярэджаннямі на пешаходныя тратуары, у сваёй большасці не прыстасаваныя для язды на ровары, мы спыталі ў юрыста-праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Леанід Судаленка


— Згодна з артыкулам 12.15 ПВКоАП, адмена пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з закрыццём справы цягне за сабой вяртанне грошай, канфіскаваных рэчаў, а таксама адмену іншых абмежаванняў, звязаных з прынятай раней пастановай. Калі ж вярнуць канфіскаваную рэч немагчыма, то вяртаюць яе кошт грашыма. У дадзеным жа выпадку, калі пенсіянер заплаціць дзяржпошліну, справу перагледзяць і нават адменяць пастанову аб папярэджанні, грошы за дзяржпошліну яму ўсё адно не вернуць. Чаму? Бо ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь да цяперашняга часу не ўнеслі адпаведныя папраўкі, якія б давалі права на атрыманне па справе ўсіх без выключэння выдаткаў, у тым ліку і выдаткаў на аплату дзяржпошліны, — пракаментаваў заканадаўства Леанід Судаленка.

Як бачым, у Канстанціна Белуша выбар не багаты: альбо плаціць 24,50 рубля, каб справу перагледзела пракуратура, альбо пакінуць усё, як ёсць.
Фота з архіва «ГС»

Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Читайте также:
Комментарии / Обсудить
comments powered by HyperComments