Адны з іх падзялілі лёс Хатыні, некаторыя былі затоплены, калі ўтваралася Вілейскае вадасховішча, а большасць — проста апусцелі.
Падобныя помнікі могуць быць устаноўлены ў кожным раёне Беларусі. Бо такі лёс напаткаў тысячы беларускіх вёсак у ХХ стагоддзі, у тым ліку і вёскі нашай Слонімшчыны.
Пра зніклыя слонімскія вёскі ХХ стагоддзя і лёс іх жыхароў можна напісаць і выдаць шмат тамоў кніг. Гэтым трэба спецыяльна заняцца, каб сабраць матэрыял па кожнай зніклай вёсцы, па тых людзях, якія там жылі і працавалі. Такі матэрыял можа быць проста унікальным. Большасць зніклых паселішчаў сёння засталіся хіба ў памяці старэйшых людзей. Вялікі пералік ужо саміх тыпаў зніклых паселішчаў. Гэта маёнткі, фальваркі, засценкі, хутары, калоніі ці таварыствы, леснічоўкі, чыгуначныя або шасэйныя будкі, асады, вадзяныя млыны і г.д.
Знікалі і вялікія вёскі. Напрыканцы 1930-х гадоў было ліквідавана паняцце такога буйнога населенага пункта не гарадскога тыпу, як мястэчка. Існуе некалькі прычын знікнення нашых шматлікіх паселішчаў, і амаль ва ўсіх выпадках прысутнічае чалавечы фактар: людзі выбіралі па сваёй і не па сваёй волі ці праз збег абставін новае месца жыхарства. Шмат шкоды нашым вёскам і мястэчкам, хутарам і фальваркам нанеслі калгасы. Менавіта калгасы знішчылі тысячы хутароў.
Далёка не будзем хадзіць, давайце паглядзім на мапу нашай Слонімшчыны і падлічым, колькі паселішчаў знікла за апошнія 40 гадоў. Пачнем з таго, што вёскі Вялікая Кракотка і Малая Кракотка аб’ядналіся ў адну вёску Вялікая Кракотка. Вёскі Вялікія Шылавічы і Малыя Шылавічы аб’яднаны ў адну вёску Вялікія Шылавічы. Альбярцін, Лабазоўка, Цывіншчына, Рышчыцы ўключаны ў склад Слоніма. Да Жыровічаў былі далучаны вёскі Стайкі і Волька. А жыхары вёсак Гумнішчы і Краўцэвічы пераселены ў іншыя вёскі Слонімшчыны. Грыбава далучылі да Чамяроў, Прусоўшчыну — да Русакова.
З 1964 да 1970 года з раённай мапы Слонімшчыны зніклі дзесяткі населеных пунктаў. Найбольш на тэрыторыі Паўлаўскага сельскага Савета. Няма ўжо там такіх вёсак і хутароў, як Акольна, Барсукоўшчына, Верашоўшчына, Вербы, Волька, Выбар, Гарадок, Глінішча, Залессе, Зарэчка, За Рэчкай, Касцінагаць, Малінаў Груд, Нівішчы, Падзадвор’е, Чудоўскае, Сервітут, Студзенка, Чарахоўшчына, Пацяробы, Перадзел, Селішча, Правароцце, Пузавічы, Кабылка, Пад Дубішчамі і іншых.
Даўно няма на Слонімшчыне такіх населеных вёсак, як Баяры, Госціна, Тартакі, Чмялец, Янава, Траццякі, Басіны, Завепраўка, Бор і г.д.
У 1964 годзе вёску Кабакі перайменавалі ў вёску Прырэчча, вёску Трыбушкі — у Мірную, Пляшкі — у Партызанаўку…
На адным з валуноў помніка вёскам каля Вілейкі напісаны словы: «Дакраніся і рукой, і сэрцам да гэтых камянёў, і няхай душа твая напоўніцца любоўю да роднай вёскі, роднай сядзібы і хаты, якія знёс бязлітасным подыхам няўмольны час…» Сапраўды, час не пашкадаваў і нашы вёскі. А колькі іх у бліжэйшыя дзесяцігоддзі яшчэ знікне?!.