Наверх
Слоним
пасмурно
-2 °C
Зельва
пасмурно
-1 °C
Волковыск
пасмурно
-1 °C
Мосты
пасмурно
-1 °C
Дятлово
пасмурно
-1 °C
Барановичи
пасмурно
-2 °C
EUR 2.4919
USD 2.4151
RUB(100) 3.9946
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 483,17 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 339,83 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 32 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

Хто абароніць паштальёнаў?

23 ноября 2011 9:41
Поделиться:
Мне трапілі на вочы матэрыялы ў “Народнай волі” ад 01.11.11 і 18.11.11, звязаныя з дзейнасцю пошты. Зазірнуў у Інтэрнэт і выявіў, што першапачаткова артыкул Леанарды Юргілевіч “Здзек” быў надрукаваны ў “Газеце Слонімскай” 19.10.11. Паводле адукацыі я палітолаг і перакладчык (скончыў ЕГУ), да 1 лістапада гэтага года працаваў паштальёнам па дастаўцы пісьмовай карэспандэнцыі і СМІ. За два гады на пошце наглядзеўся рознага і маю што дадаць. Вольф Рубінчык,Мінск, 20.11.11

— Ва ўсім вінаватыя паштальёны і лыжнікі.
— А чаму лыжнікі?
З падслуханага

У грамадстве склаўся стэрэатып: на газеты цяпер мала хто падпісваецца, а значыць, паштальёнам жывецца лёгка. Прызнацца, і ў мяне былі такія думкі… пакуль не ўладкаваўся на “Белпошту” ўвосень 2009 года. Быццам бы не гультай, але да таго часу пяць гадоў не меў сталай працы, і калі знайшлося месца ў суседнім паштовым аддзяленні, быў дужа рады, нават калі высветлілася, што працаваць прыйдзецца на падмене, г. зн. абслугоўваць не адзін, а пяць участкаў.
Што такое ўчастак? Не ведаю, як у сельскай мясцовасці, а ў горадзе гэта больш як 20 шматкватэрных дамоў; некаторыя з ліфтамі, некаторыя — без. Ліфты, здараецца, адключаюць на прафілактыку або мяняюць, і тады заказныя лісты, урадавыя пісьмы, пенсіі даводзіцца цягнуць пешшу аж да 9-га паверху. Як насіць пошту ў прыватныя хаты, я таксама ведаю — у літаральным сэнсе на сваёй скуры. Аднойчы пад Новы год сабака сарваўся з ланцуга і ўкусіў за нагу, дзякуй, што не шалёны.
У сярэднім гарадскі паштальён, калі ён (яна) працуе паводле правілаў, удзень мусіць прайсці 10 кіламетраў. Рух — гэта жыццё? А вы паспрабуйце ў дождж ці снег пагойсаць па гразі і зазвычай цёмных пад’ездах (галалёд — асобная “песня”). Не забудзьцеся, у торбе — самавітыя пачкі газет, пісьмаў, паўкілаграмовых часопісаў і каталогаў (плюс заказныя бандэролі, якія, бывае, важаць па 1-2 кг).
Часам “Мінская пошта” дамаўлялася з фірмамі аб распаўсюдзе рэкламы. Рэкламныя лісткі даводзілася раскідваць па паштовых скрынках зноў-такі нам — без дадатковай аплаты. Газет некалі выпісвалі больш, затое ў XXІ ст. штогод расце колькасць заказных і ўрадавых пісьмаў, якія вымагаюць асабістага ўручэння. А чаго вартыя хвалі судовых павестак…
Пенсіі мы насілі таксама. На кожным участку — свае тонкасці. Калі коратка: вельмі цяжка дагадзіць усім і кожнаму. Начальства кажа нам: уручайце пенсіі толькі асабіста пенсіянерам або па выпісанай імі даверанасці. Асобныя кліенты просяць аддаваць грошы членам сям’і (без даверанасці) ці нават пакідаць суседзям. Парушаў інструкцыю і я, але не таму, што хацелася паздзекавацца. Проста імкнуўся палегчыць жыццё і сабе, і людзям.
Трапляюцца “апазіцыянеры”, якім паштальён бачыцца ўвасабленнем антыгуманнай дзяржаўнай улады. Я б параіў ім паглядзець на рэчы больш цвяроза. Паштальёны належаць да катэгорыі рабочых і фармальна ніякай улады не маюць. Іншая справа, што з-за ціску начальства, пра які ніжэй, некаторыя мае калегі раз-пораз выплюхвалі эмоцыі на кліентаў, у тым ліку і на пенсіянераў. Хто з кліентаў быў смялейшы — даваў адпор, часам скардзіўся начальніцы аддзялення. Тая рабіла падначаленым заўвагі, тыя прымалі іх да ведама… і ўсё, здаецца, ішло далей сваёй хадою. “Камусьці ж трэба працаваць на пошце…”

Ціск начальства выяўляўся — і выяўляецца — перш за ўсё ў давядзенні “планаў па падпісцы”. Ёсць агульны план, а ёсць т. зв. кантраляваныя выданні — “СБ”, “Рэспубліка”, “Звязда”… Штоквартальна калегі хапаліся за галаву, даведаўшыся, колькі лухты трэба выпісаць на сваіх участках. Хадзілі па хатах пасля працы, тэлефанавалі… Калі загітаваць кліентаў не ўдавалася, выпісвалі пэўную колькасць выданняў самі. Мая пазіцыя была такая: а) што на ўчастку папросяць выпісаць, тое і выпішу; б) ніякіх прывілеяў для “СБ” і інш. быць не павінна, адмыслова нікога ўгаворваць не стану. Адпаведна, планы я не выконваў, за што, здаралася, караўся зніжэннем прэміі (“прагрэсіўкі”). Было даволі непрыемна. Рэч у тым, што аклады на пошце нізкія, і ад прэмій (40-90% ад акладу) шмат у чым залежыць паштальёнскі дабрабыт, каб не сказаць — выжыванне.
Існуе яшчэ план па продажы марак і канвертаў, але ён адносна ліберальны (у параўнанні з газетным). Калі на ўчастку ёсць салідныя арганізацыі, можна дамовіцца з сакратаркамі і неабходную колькасць марак яны набудуць.
Пасля першага году працы мой аклад павысіўся на 10%; здаўшы на другі клас, я атрымліваў яшчэ невялікі прыварак. І ўсё адно — удавалася зарабіць у эквіваленце 100-120$. У вёсцы за тыя ж грошы прыйшлося б, мабыць, і плату за паслугі прымаць, і лекі прывозіць… Ці шмат ахвотных знойдзецца? Пытанне рытарычнае. Некалі вылучалі для паштальёнаў службовыя кватэры, цяпер — не.
Амаль ва ўсіх маіх былых калегаў — нейкія хранічныя балячкі, але бальнічныя бяруць неахвотна, бо за дні хваробы прэмія не выплачваецца. З сумам успамінаю леташнюю гісторыю з Л., якая адпрацавала паштальёнкай 20 гадоў. Апошнія месяцы ёй дапамагаў насіць пошту муж — і ўсё адно яе праца скончылася тым, што адмовілі ногі. Мусіла зволіцца — а адміністрацыя з прафкамам не далі ёй нават ільготнай пуцёўкі ў санаторый, усё спасылаліся на беднасць паштовай службы. Вось і ў гэтую восень не па паўмільёна атрымалі нашыя работнікі “на гародніну”, а па 70 тыс. рублёў.
Пад “выбары” 19 снежня прывезлі нам з “Белпошты” каляровыя ўлёткі за аднаго з кандыдатаў, загадалі раскідаць па скрынках, як тую рэкламу. Мае калегі пабурчалі і згадзіліся, я адмовіўся. Начальніца правяла са мною “выхаваўчую гутарку”, ды ніякіх санкцый не ўжыла. Так што не ўсе на пошце спяць і думаюць, як бы прэзідэнта падтрымаць.
Смешна было чытаць параўнанне паштальёнкі з ідэолагам (Л. Юргілевіч, “Газета Слонімская”, 19.10.11): “раённую газету яна разносіць кожнаму два разы на тыдзень. А як жа, людзі павінны чытаць і ведаць, як яны добра жывуць”. Па-мойму, гэта цалкам нармальна — як мага раней даставіць газеты падпісчыкам. Асабіста я амаль штодня насіў і “СБ”, і “Народную волю”, ды не пераняў погляды ні Якубовіча, ні Сярэдзіча.
Як працуе “пані Ганчарук” з Валожынскага раёна, якую аўтарка “ГС” абвінаваціла ў здзеку з пенсіянераў, я не ведаю. Дапускаю, што пасля дзесяцігоддзяў малаўдзячнай працы характар у яе сапсаваўся, што свае абавязкі яна выконвае без энтузіязму. Аднак я ўпэўнены: не з паштальёнаў трэба пачынаць выпраўленне грамадства, дый нават не з начальнікаў паштовых аддзяленняў — “рыба гніе з галавы”. І ў кожным разе, не мае былыя калегі адказныя за тое, што ў краіне нізкія пенсіі.
Пакуль прагрэсіўныя журналісты шукаюць стрэлачнікаў, што застаецца паштавікам, якіх расчараваў прафсаюз работнікаў сувязі? Хіба самім сябе бараніць. На жаль, на пошце замнога людзей ціхіх, каб не сказаць, баязлівых. Аднак прэцэдэнт ужо быў: у 2010 годзе 6 з 7 паштальёнаў нашага аддзялення падпісалі зварот на “Белпошту” з патрабаваннем падвысіць заробак на 30% — каб ён забяспечваў годнае існаванне работнікаў і іх сем’яў, прадугледжанае арт. 42 Канстытуцыі. Начальства пайшло на дробныя саступкі, якія хутка зжэрла інфляцыя. Чамусьці здаецца, што калі б нам рэальна дапамаглі “дэмакраты”, імёны якіх не сыходзяць са старонак недзяржаўнай прэсы, мы б дабіліся не “існавання”, а годнага жыцця.

Наш канал в Telegram