Наверх
EUR 2.307
USD 2.0417
RUB(100) 3.2352
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Як пан з Бярдовічаў стаў першым брэсцкім ваяводам

18 марта 2015 11:51
378
Поделиться:
У вёсцы Бярдовічы Слонімскага павету да 1938 года жылі паны Есьманы. Род Есьманаў-Сынковіцкіх валодаў гэтай вёскай на працягу 400 гадоў. Апошні іх уладальнік — Уладзіслаў Есьман — нарадзіўся і памёр у Бярдовічах, на радзіме сваіх продкаў. У свой час адукаваны пан, які меў ступень кандыдата навук, быў першым брэсцкім ваяводам і дэпутатам трэцяй Думы.

Юначыя гады

Уладзіслаў Есьман нарадзіўся ў 1860 годзе ў родных Бярдовічах у сям’і Казіміра і Паўліны.
Уладзіслаў быў выхаваны ў патрыятычных і высакародных традыцыях. Юнак скончыў сярэднюю школу ў Слуцку. Універсітэцкую адукацыю распачаў у Кіеве, на прыродазнаўчым факультэце, а пазней, пасля закрыцця ўніверсітэта ў сувязі з акадэмічнымі беспарадкамі, спрабаваў перавесціся на медыцынскі факультэт у Варшаву. Гэта, аднак, не ўдалося, і Уладзіслаў паступіў на фізіка-матэматычны факультэт універсі-тэта ў Пецярбургу.
Калі быў студэнтам, у Слонімскім павеце разам з доктарам Навіцкім Уладзіслаў заснаваў польскую бібліятэку, якая абслугоўвала больш за 20 двароў і сядзіб.
У Пецярбургу ён зблізіўся з Язэпам Лукашэвічам, які пазней быў шлісельбургскім вязнем, а ў адроджанай Польшчы — прафесарам ўніверсітэта імя Стафана Баторыя.

Праца на чужыне

Пасля заканчэння ўніверсітэта са ступенню кандыдата прыродазнаўчых навук і праслухоўвання спецыяльнага сельскагаспадарчага курсу Уладзіслаў Есьман спачатку працаваў у сваім маёнтку. Пазней ён атрымаў пасаду чыноўніка ў міністэрстве сельскай гаспадаркі ў Пецярбургу, а адтуль адправіўся на пасаду падатковага інспектара ў Казанскай губерні.
Пасля сямі гадоў працы на чужыне, калі намаганні перавесціся ў Гродзенскую ці Мінскую губерню не прынеслі выніку, Уладзіслаў Есьман падаў у адстаўку. Пэўны час працаваў у Лібаве (Ліепай, Латвія) і ўрэшце ў 1904 годзе парваў з дзяржаўнай службаў і асеў на зямлі. Працуючы на землях свайго павету, Уладзіслаў лёгка заваяваў давер як землеўладальнікаў, так і многіх сялян.

Пан-палітык 

Сяляне і дробная шляхта прапанавалі кандыдатуру Есьмана ў першую Думу. Аднак тады ён не прайшоў, а выйграў выбары ў Думу трэцяга склікання. Ён вярнуўся ў Пецярбург, гэтым разам не як студэнт або службовая асоба, а як прадстаўнік польскага насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.
Уладзіслаў ужо меў значны досвед грамадскай і нацыянальнай працы. Ён быў ініцыятарам і заснавальнікам Таварыства сельскай гаспадаркі ў Слонімскім павеце, узорным землеўладальнікам.
Палітычная дзейнасць Уладзіслава Есьмана была нядоўгай, бо пачаліся рэакцыйныя часы. Ён зноў вярнуўся на сваю зямлю, дзе жыў да пачатку вайны. З набліжэннем немцаў ён адаслаў у Расію сваю дачку і старэйшага сына, студэнта інжынернага факультэта ў Рызе, а сам з жонкай застаўся ў маёнтку ў Бярдовічах. Ён перажыў перыяд нямецкай акупацыі і стаў абаронцам для сялян, пакрыўджаных акупантамі. У той час ён страціў жонку, якая памерла ў трывозе па дзецях.
Калі быў заключаны Брэсцкі мір, Есьман арганізаваў акцыю пратэсту, тэкст якога адаслаў канцлеру Рэчы. У снежні 1918 года быў абраны дэлегатам на з’езд прадстаўнікоў усіх раёнаў гродзенскіх зямель, прымаў актыўны ўдзел ва ўстанаўленні кантактаў з польскімі ваеннымі ўладамі. Дарэчы, пан карыстаўся павагай і ў бальшавікоў.
Падчас арганізацыі польскай адміністрацыі праз грамадзянскае кіраванне Уладзіслава Есьмана запрасілі на пасаду акруговага камісара (ваяводы) у Брэст. На той пасадзе ён вымушаны быў заснаваць цэлую арганізацыю, а пазней эвакуяваць установы.
У часе мірных перамоў у Рызе, разумеючы недасведчанасць нашых дэлегатаў у справах усходніх, пан напісаў аглядны мемарандум пра мінулае і стан нашых зямель Вітосу Скульскаму.

Вяртанне на радзіму

Пасля адмены пасады акруговага камісара Уладзіслаў Есьман вярнуўся на радзіму, стаў на чале сельскагаспадарчага таварыства і саюза зямель.
Пачаўся, бадай, самы цяжкі перыяд яго жыцця. Смерць старэйшага сына, якому ён прызначаў ролю свайго ідэйнага спадкаемца, неверагодныя эксперыменты адміністрацыйнай улады, а таксама цяжкае матэрыяльнае становішча — усё гэта прыносіла пакуты і выклікала гарачы пратэст.
Алё ён змагаўся — быў вельмі актыўным і энергічным, не баяўся ніякай працы.
Ён — першы брэсцкі ваявода — ахвотна прыняў прапанову гміны стаць войтам. Змагаўся сваімі ўчынкамі, змагаўся словам. Дасканала валодаючы пяром, ахвотна прымаў удзел у справах, якія яго проста паглыналі. На старонках польскамоўнай газеты “Слова”, якая выдавалася ў Вільні, не раз друкаваліся артыкулы Есьмана.

У гумне раней захоўвалі сена

«Умеў любіць зямлю»

Уладзіслаў Есьман памёр 5 сакавіка у 1938 годзе ў тых самых Бярдовічах, дзе і нарадзіўся.
Паводле газеты “Слова”, Уладзіслаў Есьман умеў любіць зямлю і змагацца за мір і шчасце. Ён быў будаўніком і байцом, які любіў радзіму, найбольш паслядоўным кансерватарам і цалкам сучасным чалавекам. Ён добра памятаў вопыт мінулага і ведаў, якая дарога завядзе ў ясную будучыню. Так ён, няздольны да кампрамісаў, ішоў наперад, не мінаючы перашкод. Ён мог змагацца з усім запалам, які надае глыбокая перакананасць у сваёй слушнасці, з трываласцю і напорыстасцю чалавека, народжанага на зямлі адвечнага змагання.

Лёс сына Есьмана 

Сын Уладзіслава Есьмана, Чэслаў, паляк, народжаны ў 1903 годзе, адукацыя сярэдняя, без вызначаных заняткаў, які пражываў у вёсцы Бярдовічы, быў арыштаваны 22 верасня 1939 года. Прыгавораны 25 лістапада 1940 года як сацыяльна небяспечны элемент. Быў асуджаны на 8 гадоў выпраўленчага лагеру. Тэрмін адбываў у Свярдлоўскай вобласці. Рэабілітаваны 27 верасня 1989 года. Такія звесткі прыводзіць беларускі “Мемарыял”.

Успаміны пра пана Ясьмана

Слонімец Віктар Уладзіміравіч паводле аповедаў свайго дзеда, які жыў у Бярдовічах: 

Мой дзед Цупрык (Купрыян) ведаў пана Ясьмана — менавіта так яго клікалі вяскоўцы. Па расказах дзеда, пан вельмі часта прападаў у Варшаве. Дзеду ён быў вінен грошы — ці то прапіў свае, ці то ў карты прайграў — і пазычыў у дзеда. Так і не аддаў.
Калі прыйшлі Саветы, паклікалі вяскоўцаў на сход, і кажа камісар:
—Каму што павінен быў пан? Можа, каго крыўдзіў?
Устае дзед Цупрык і кажа:
—Мне пан Ясьман павінен грошы.
У камісара палезлі вочы на лоб, ён ды і пытаецца:
—Дык што, ты быў багацейшы за пана?
У зале пачуўся шум і рогат. А дзед ціхенька сышоў.

Яўген Юльянавіч Стрык, 78-гадовы жыхар вёскі Мілаванне:

—Казалі, што Ясьман славіўся сваёй гаспадарлівасцю. Служыла ў яго некалькі парабкаў. На балоце сяляне капалі торф, казалі, што пан пабудаваў нават чыгунку і адвозіў гэты торф у ваганетках. Пасля ў ямах-сажалках, якія засталіся ад капання торфу і якія цягнуліся аж да вёскі Ярнева, разводзіў рыбу. Самога пана не помню, а сына яго бачыў — ён ездзіў праз Мілаванне ў Галынку і, калі вяртаўся п’яны, кідаў нам, дзецям, цукеркі. Дом пана спалілі, як здаецца, у 39-м годзе. У падвалах маёнтка пасля захоўвалі сілас для калгаснай жывёлы. Сам Ясьман і яго жонка пахаваны ў Бярдовічах. А за іх могілкамі даглядаў жыхар Бярдовічаў Ян Грыпіч, бацька якога служыў у Ясьмана лесніком.

Фота аўтара

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание