Наверх
Слоним
пасмурно
-1 °C
Зельва
пасмурно
-1 °C
Волковыск
пасмурно
-0 °C
Мосты
пасмурно
-1 °C
Дятлово
пасмурно
-1 °C
Барановичи
пасмурно
-2 °C
EUR 2.4919
USD 2.4151
RUB(100) 3.9946
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 483,17 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 339,83 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 32 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

Страчаная спадчына Слонімшчыны. Могілкі

21 июля 2015 8:58
Поделиться:
Адзін з самых прыгожых краявідаў Слоніма адкрываецца з боку Ружанскіх могілак. З гэтага ўзвышша позіркам можна ахапіць абрысы старога горада, адчуць само яго ўвасабленне ў фізічнай форме гістарычнай забудовы. Тыя, як на далоні, расцягнуліся ламанай лініяй, прытуліліся на скрыжаваннях важнейшых дарог, паабапал якіх несупынна цячэ жыццё.

Фота. Краявід Слоніма з боку Ружанскіх могілак (пач. ХХ ст.)

Фота. Краявід Слоніма з боку Ружанскіх могілак (пач. ХХ ст.)

Жыццё на касцях

І хоць напаўненне гэтых вуліц неаднаразова змянялася пад уплывам шматлікіх войнаў і пажараў, але вобраз Слоніма да гэтага часу застаецца непаўторна захапляльным сваім жыццёвым зместам у спалучэнні з яго запоўненай халодным каменем архітэктурных формаў прасторай, вытрыманай у часе і абставінах.
Дзясяткі пакаленняў слонімцаў на працягу ледзь не тысячы гадоў прайшлі сваё жыццё тымі ж шляхамі, па якіх сёння вандруюць, не задумваючыся нават на тое, іх нашчадкі. І спачываюць яны вечным сном у месцах, дзе ў большасці выпадкаў сёння пабудаваныя хаты, школы, магазіны, вядзецца актыўны гандаль, як на слонімскім кірмашы за сінагогай (тэрыторыі былых габрэйскіх могілак), ездзяць аўтамабілі і аўтобусы.
У даўнейшыя часы, напоўненыя рознымі хваробамі і эпідэміямі, могілкі ўладкоўвалі на самым ускрайку паселішча, з улікам перспектывы яго росту. Прычым месца гэта абіралі на ўзвышшы.

Самыя старажытныя могілкі

Прыклад таму — Ружанскія могілкі, адны з самых старажытных у Слоніме. Тут спрадвеку хавалі памерлых слонімцаў. Ружанскія могілкі станавіліся апошнім прытулкам усіх тых, каму было наканавана загінуць на нашай зямлі ў выніку шматлікіх войнаў. Будзь гэта нямецкі ці рускі салдат часоў Першай сусветнай вайны ці жаўнер польскай арміі Юзафа Пілсудскага, ці ўдзельнік вайны з бальшавікамі.
Горад хутка рос паабапал Шчары і развіваўся. Таму ўзнікла патрэба ў з’яўленні яшчэ адных могілак, на правым беразе ракі, на Замосці. Яны размясціліся на ўзвышшы пры колішняй Віленскай вуліцы, сённяшняй Баграціёна. Магчыма, менавіта яны былі першымі гарадскімі могілкамі, але сёння пацвердзіць гэта вельмі цяжка, паколькі ў выніку будаўніцтва Баранавіцка-Беластоцкай лініі чыгункі праз Слонім у 1885-1886 гадах гэтае ўзвышша было зрэзана. Тады на глыбіні двух метраў будаўнікі знайшлі рэшткі цагляных сцен, каля якіх было мноства шкілетаў, каменных пліт, пярсцёнкаў і іншых прадметаў.

Малюнак. Ружанскія (уніяцкія), лютэранскія і габрэйскія могілкі на карце 1823 года

Малюнак. Ружанскія (уніяцкія), лютэранскія і габрэйскія могілкі на карце 1823 года

Уніяцкія могілкі

У канцы XV стагоддзя на Замосці разам з праваслаўнымі пачалі хаваць і першых хрысціян каталіцкага веравызнання, якія пасля Крэўскай уніі 1385 года паступова распаўсюджваліся ў Заходняй Беларусі. Ружанскія ж могілкі працягвалі заставацца выключна праваслаўнымі.
У 1596 годзе ў Брэсце была заключана рэлігійная ўнія паміж праваслаўнай царквой Вялікага княства і каталіцкім касцёлам. Утварылася новая плынь хрысціянства — уніяцтва, да якога далучыліся праваслаўныя святары Слоніма, а Ружанскія могілкі сталі месцам пахавання ўніятаў. І заставаліся такімі да моманту ўз’яднання ўніяцтва з праваслаўем у 1839 годзе.

Малюнак. Рымска-каталіцкія могілкі побач з Пятралевічамі на карце 1823 года

Малюнак. Рымска-каталіцкія могілкі побач з Пятралевічамі на карце 1823 года

Каталіцкія могілкі

На правым беразе Шчары побач з праваслаўнай царквой знаходзіліся яшчэ адны могілкі. Там каля 1490 года на сродкі ўладара Вялікага Княства Літоўскага Казіміра Ягелончыка быў пабудаваны першы ў горадзе драўляны касцёл, на месцы сённяшняга касцёла Святога Андрэя. Праз сто гадоў, у канцы ХVI стагоддзя, слонімскі стараста Леў Сапега за ўласны кошт фундаваў на Замосці будаўніцтва каменнага касцёла замест ранейшага драўлянага і далучыў да яго кавалак замкавай зямлі “на могілкі, школу, шпіталь”. Кароль Жыгімонт ІІІ у 1595 і 1608 гадах пацвердзіў атрыманыя слонімскім касцёлам уладанні, у тым ліку і перадачу яму вёскі Пятровічы (цяперашнія Пятралевічы — у межах Слоніма), побач з якой з’явіліся могілкі, на гэты раз выключна каталіцкія.

Працяг будзе

Наш канал в Telegram