Наверх
Слоним
переменная облачность
1 °C
Зельва
переменная облачность
1 °C
Волковыск
туман
3 °C
Мосты
туман
3 °C
Дятлово
туман
3 °C
Барановичи
переменная облачность
1 °C
EUR 2.3409
USD 2.1159
RUB(100) 3.3194
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Чалавек дзеяння Іосіф Стаброўскі — у гонар 145-годдзя з дня нараджэння

24 октября 2015 10:59
Поделиться:
У суботу, 17 кастрычніка, у Слоніме прайшло мерапрыемства, прысвечанае 145-годдзю з дня нараджэння Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага — вядомага ўраджэнца нашага краю, палкоўніка царскай арміі, беларускага археолога і заснавальніка Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея

Іосіф Стаброўскі з жонкай


Мерапрыемства распачалося ў выставачнай залі музея прызентацыяй пятага выпуску «Запісаў таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага».

У зборніку адзін з артыкулаў прысвечаны асобе Стаброўскага, пра якога распавёў аўтар тэксту Васіль Герасімчык. Амаль векавое жыццё Іосіфа Іосіфавіча — своеасаблівы зрэз цяжкага перыяду айчыннай гісторыі. Асоба гэтага чалавека ўвасабляе трагічны лёс нашага народа.

Затым пра інстытут імя Ластоўскага расказаў Анатоль Яфімавіч Тарас, вядомы аўтар кніжак па беларускай гісторыі і ініцыятар выдання серыі «100 выдатных дзеячаў». Ён адзначыў, што сёння як ніколі для беларускага народа актуальная праблема памяці. Каб лічыць сябе прыналежным да пэўнага народа, трэба ўсведамляць, што сабою народ уяўляе. У гэтым чалавеку дапамагае гісторыя. Але сёння мы грэбуем сваім мінулым, зневажаем яго, ды проста не ведаем. Дык пра якую прыналежнасць да беларускага народа можа ка­заць чалавек, які не ведае гісторыі і нават не цікавіцца ёю? Свае разважанні Анатоль Тарас падсумаваў справаздачай аб уласнай руплівай дзейнасці на беларускай ніве і заўважыў, што там, дзе дзяржава не мае сродкаў і магчымасцяў працаваць на карысць народа, ёй на дапамогу павінна прыходзіць грамадскасць. Таму яскравы прыклад — асоба Іосіфа Стаброўскага.

Гісторыкі Васіль Герасімчык (злева) і Анатоль Тарас падчас імпрэзы ў музеі


Да ўгодкаў Іосіфа Стаброўскага ў Слонімскім музеі прымеркавалі адкрыццё выстаўкі з яго ўласнымі дакументамі і фотаздымкамі. Першую экскурсію па выстаўцы правяла Ірына Рыгораўна Шпыркова, якая асабіста ведала Стаброўскага, і распавяла некалькі цікавых фактаў з яго жыцця.

Гістарычная даведка

Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 года ў сям`і Іосіфа Вікенцьевіча Стаброўскага і Людвікі з роду Масальскіх. Яго шматлікія продкі неаднаразова праяўлялі свае вайсковыя здольнасці на карысць Радзімы — спачатку Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, а затым і Расійскай імперыі. Яго бацька быў цяжка паранены падчас Крымскай вайны, дзе служыў разам з Львом Талстым. Дзед, герой войнаў супраць Напалеонаўскай Францыі, ва ўзросце 78 гадоў некалькі месяцаў правёў у Гродзенскай турме за тое, што адмовіўся выдаць расій­скім уладам у 1863 годзе аднаго з паўстанцаў. А родны дзядзька Іосіфа Стаброўскага Караль Масальскі за ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага быў пакараны смерцю ў Слоніме. Сам жа Стаброўскі свядома выбраў вайсковую службу, скончыўшы Полацкі кадэцкі корпус, дзе пасябраваў з расійскім пісьменнікам Іванам Аляксеевічам Буніным.

За час службы Стаброўскі паспеў палавіць рыбу ў Каспійскім моры, прыняць удзел у складанні пяцівярстовай карты Расійскай імперыі, пісаў артыкулы па археалогіі, выступаў у складзе лектарскай групы з паведамленнямі ваеннага характару, асушаў балоты пад Масквой, быў назіральнікам будаўніцтва чыгуначнага моста праз Волгу, дзесяць гадоў узначальваў метэралагічную станцыю, уваходзіў у Яраслаўскае прыродазнаўча-навуковае таварыства, скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. Складаў даклады аб неабходнасці вывесці гарнізоны з магутных крэпасцяў у Варшаве і Брэсце, паколькі яны ва ўмовах вайны новага тыпу нічога не змогуць зрабіць. Пэўны час прысвяціў вынаходніцтвам, сярод якіх быў тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі для патрэб расійскай арміі.

Першую сусветную вайну сустрэў у чыне падпалкоўніка і ўжо ў першыя месяцы вайны атрымаў ордэн Святой Ганны другой ступені з мячамі: пры пераправе праз раку пад агнём немцаў прадухіліў паніку і аднавіў парадак. У час аднаго з баёў быў атручаны газам. Пад уражаннем гэтай падзеі ён стварае фотаальбом «Крывавым следам», які з`яўляецца прыкладам антываеннай прапаганды.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Стаброўскі ў чыне палкоўніка звальняецца з арміі і вяртаецца ў Слонім. У час савецка-польскай вайны паспеў патрапіць у бальшавіцкую армію, але пасля заключэня Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе канчаткова вяртаецца на радзіму — на Слонімшчыну.

Чалавек дзеяння, па вяртанні ў радавы маёнтак Орлавічы, Стаброўскі займаецца садаводствам і пчалярствам, право­дзіць археалагічныя раскопкі, збірае калекцыю старадрукаў, выставу якіх арганізаваў у Слоніме ў 1924 годзе, стварае этнаграфічна-археалагічнае таварыства, і, урэшце, 20 верасня 1929 года засноўвае Слонімскі музей. І калі на глебе даследавання роднага краю 20-я гады сталі для Стаброўскага найбольш плённымі, то ў асабістым жыцці — гэта была суцэльная чорная пляма: за некалькі гадоў паміраюць яго жонка і двое дзяцей — сын і дачка.

У 1931 годзе ва ўзросце 61 года ён ажаніўся другі раз — на Эльміры Байрашэўскай, якая падаравала Іосіфу Іосіфавічу дачку Дзіляру. У гэты ж час Стаброўскі перадае сялянам родных Орлавіч 65 га зямлі.

Пасля далучэння ў 1939 го­дзе Заходняй Беларусі да БССР Стаброўскі дорыць музей гораду. Самыя каштоўныя яго экспанаты, якіх было больш за паўсотні (у тым ліку аўтографы Пушкіна і Талстога) былі перададзеныя дзяржавай у іншыя музеі.

З прыходам немцаў у 1941 годзе Стаброўскі намагаецца ўсімі сіламі захаваць музейныя экспанаты ад рабавання, што паспяхова робіць. З вызваленнем Слоніма Стаброўскі наведвае шпіталь так званых «чемостников» (параненых у твар салдат), размаўляе з імі, раздае напісаную ім сумесна з супрацоўніцай музея Надзеяй Гайдук «Гісторыю горада Слоніма», некалькі соцень на­друкаваных на машынцы экзэмпляраў якой разносяцца па ўсім СССР.

Але ў 1948 годзе Стаброўскага са створанага ім музея звольнілі. Абвінавацілі ў растраце 22,5 тысяч рублёў, выдзеленых на арганізацыю аддзела Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым ён быў толькі захавальнікам музея і да грошай, якія да музея ўвогуле не дайшлі, не меў ніякага дачынення. Справа выйшла непрыгожая.

Стаброўскі шукаў справядлівасці: пісаў лісты на імя Сталіна, Жукава, кіраўніцтва БССР. Але нікому не было цікавасці да чалавека, які служыў у царскай арміі і быў «панам» пры паляках, нягледзячы на тое, што цяпер жыў у поўнай нястачы. Пасля звальнення з музея, ва ўзросце 79 гадоў Стаброўскі ўладкаваўся камісарам домаўпраўлення, дзе працаваў да 1956 года, пакуль здароўе канчаткова не пачало падводзіць.

Нягледзячы на ўзрост, ён штодзённа працаваў, чытаў, пісаў тэксты па гісторыі Слонімшчыны.

Памёр Іосіф Іосіфавіч 15 сту­дзеня 1968 года і быў пахаваны на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх Орлавічы, дзе яшчэ пры жыцці сам зрабіў сабе помнік, разумеючы, што ад нашчадкаў гэтага не дачакаецца.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание