Наверх
EUR 2.3252
USD 2.0793
RUB(100) 3.2206
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Сапега не можа прапісацца ў Слоніме 17 гадоў

20 декабря 2015 10:38
443
Поделиться:
«У Слоніме будзе помнік Льву Сапегу. Гарвыканкам прыняў рашэнне падтрымаць ініцыятыву групы гараджан аб пабудове і ўстаноўцы помніка канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу»...

Паважаныя чытачы! Не спакушайцеся гэтымі словамі. Прыведзеная цытата ўзята з публікацыі ў «ГС» ад 24 сакавіка 1998 года. З таго часу мінула 17 гадоў, а помнік Сапегу ў нашым горадзе так і не з`явіўся.

На працягу гэтых гадоў «ГС» неаднойчы ўдзяляла ўвагу тэме ўсталявання помніка чалавеку, які быў старостам Слоніма з 1586 года і які спрыяў уздыму культуры і прамысловасці нашага горада, яго палітычнаму значэнню. З маленькага мястэчка Сапега ператварыў Слонім у важны палітычны цэнтр, дзе праходзілі генеральныя сеймікі ВКЛ. Пры Сапегу Слонім атрымаў свой герб — залатога льва з сярэбранай стралой з падвойным крыжам.

Ініцыятыва гараджан наконт помніка Сапегу 17 гадоў таму была ўхвалена. Помнік абяцаў зрабіць скульптар ураджэнец Слонімшчыны Іван Міско. Праз колькі гадоў пачалі нават збіраць грошы на ўсталяванне помніка. Аднак помнік, што называецца, і цяпер там — на паперы. Яго лёсам пачалі клапаціцца нават людзі, якія ніякага дачынення да нашага горада не маюць. Так, мінчанін Дзмітрый Курза, які даведаўся пра незайздросны лёс слонімскага помніка Сапегу, накіраваў зварот раённым уладам. У адказе за подпісам старшыні райвыканкама тлумачыцца, чаму помнік не з`явіўся.

Паводле адказу, напачатку райвыканкам разгледзеў эскіз помніка скульптара Івана Міско. І тут, як высвятляецца, крыецца першая перашкода на шляху ўсталявання помніка — эскізны праект павінен уключаць таксама фізічныя параметры, параметры яго прасторавага размяшчэння і прыкладны кошт твора манументальнага мастацтва. Каштарыс па ўсталяванні помніка не складаўся. Скульптар Іван Міско не даў дакладнага адказу датычна кошту выканання прапанаванага ім праекта помніка.

 

Такім атрымаўся помнік Сапегу ва ўяўленні супрацоўнікаў «ГС»


У гэтым выпадку хочацца спытаць людзей, якія маюць адносіны да ўсталявання помніка: няўжо за 17 гадоў нельга было высветліць фізічныя параметры помніка і дамовіцца наконт кошту са скульптарам, якога ўлады не адзін раз на год запрашаюць на розныя мерапрыемствы ў якасці ганаровага госця? Да слова, ужо і сабака, які, паводле задумы скульптара Івана Міско, павінен быў стаць упрыгажэннем помніка Сапегу і якога ўжо выляпіў майстар, некалькі гадоў таму прапісаўся ў Башкірыі,  стаўшы часткай помніка пісьменіку Сяргею Аксакаву, што вырабіў наш зорны зямляк.

Што да месцазнаходжання помніка, то не так у Слоніме многа месцаў, дзе можна было б усталяваць помнік Сапегу. Першапачаткова прапаноўвалася ўстанавіць яго на аднайменнай плошчы каля касцёла святога Андрэя, пасля месцам абралі гарадскі сквер на плошчы Леніна.

Акрамя таго, райвыканкам піша, што «рашэнне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб стварэнні і ўстаноўцы твораў манументальнай скульптуры прымаецца па ўзгадненні з абласнымі выканаўчымі камітэтамі і што эскіз помніка павінен быць узгоднены з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Патрабуецца стварэнне спецыяльнай камісіі і аб`яўленне конкурсу на лепшы эскіз помніка.

Патрэбна — значыць, патрэбна. Тут таксама ўзнікае пытанне: а чаму не была створана такая камісія і не аб`яўлены конкурс? Ці аблвыканкам і Міністэрства культуры не далі сваёй згоды?

Як паведамляецца ў адказе на запыт мінчаніна, з мэтай вывучэння агульнай думкі сярод насельніцтва горада праведзена сацыялагічнае апытанне аб жаданні прыняць удзел у зборы сродкаў на ўсталяванне помніка. Па яго выніках з 1 312 рэспандэнтаў толькі 325 чалавек (25%) згодны прыняць асабісты ўдзел у зборы сродкаў (ахвяраванняў) на стварэнне помніка Льву Сапегу.

Ну дык а чаго чакаць ад людзей, што жывуць на заробкі, якія, толькі па афіцыйных дадзеных, складаюць 4-5 мільёнаў рублёў? Ёсць мноства спосабаў, як папоўніць дзяржаўную казну. І адпаведны рахунак на будаўніцтва помніка быў адкрыты. Галоўнае — крэатыўна падысці да справы. Як паказальны прыклад — маці, якая, каб аплаціць лячэнне хворага сына, прыцягнула ўвагу нераўнадушных людзей тым, што стала разам з дзіцем рабіць на продаж снегавікоў, і неабходная сума была сабрана літаральна за некалькі дзён.

Палова апытаных — 666 рэспандэнтаў (51%) — выказалі думку, што ўсталяванне помніка мэтазгодна ў цяперашні час, зазначаецца ў афіцыйным адказе, а 812 апытаных слонімцаў (62%) лічаць, што ў горадзе годна ўшанавана памяць выдатных людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё Слоніма.

Хочацца ў сувязі з гэтым спытаць: каго з выбітных дзеячаў-землякоў ушанавалі ў Слоніме? На ўспамін прыходзяць толькі мемарыяльныя дошкі ў гонар Іосіфа Стаброўскага і Міхала Казіміра Агінскага. Можа, у спіс ганаровых постацяў уключылі помнікі Леніну, якіх у нас тры?

Карэспандэнт пацікавілася ў мінчаніна Дзмітрыя Курзы, што падштурхнула яго звярнуцца ў Слонімскі райвыканкам.

—Недзе ў кастрычніку у мінскіх кінатэатрах планаваўся пракат расійскага мультфільма «Шчыт і меч», я прачытаў, што той мультфільм пра аблогу маскоўцамі Смаленска, які тады быў пад ВКЛ, і што пры абароне Смаленска руку страціў Сапега. Пачаў гугліць і дазнаўся, што гэта розныя Сапегі. Пры гэтым наткнуўся на спасылку, што ў 2008 годзе Слонімскі райвыканкам збіраўся паставіць помнік Льву Сапегу, але на той момант бракавала грошай. Тады вырашыў заняцца гэтай справай і дазнацца, ці сабралі яны грошы за сем гадоў на помнік, якім чынам ідзе збор, колькі ўвогуле грошай трэба і г.д. — даслаў электронны зварот і атрымаў адказ, з якога зразумела, што райвыканкам падтрымлівае ўстаноўку помніка, але нічога не робіць для гэтага. На цяперашні момант старшыня райвыканкама спыніўся на тым, што трэба каштарыс і фізічныя параметры, — сказаў Дзмітрый Курза.

Сапраўды, у 2016 годзе райвыканкамам будуць разгле­джаны пытанні аб выдзяленні сродкаў на ўсталяванне помніка з раённага бюджэту, магчымасці правядзення раённага суботніка. Такія чарговыя абяцанні дае райвыканкам у адказе.

Вядомая ісціна: для таго, каб нешта зрабіць, трэба як мінімум тры рэчы — хацець, ведаць і рабіць. Як падаецца, нашыя ўлады толькі хочуць і ведаюць.

Фотакалаж Віталя ЕМЯЛЬЯНАВА

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание