Наверх
Слоним
пасмурно
3 °C
Зельва
пасмурно
3 °C
Волковыск
пасмурно
3 °C
Мосты
пасмурно
4 °C
Дятлово
пасмурно
4 °C
Барановичи
пасмурно
3 °C
EUR 2.3479
USD 2.1154
RUB(100) 3.3195
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Заступнік Слоніма Леў Сапега

28 февраля 2016 11:50
Поделиться:
З 1586 года Слонім стаў уласнасцю будучага канцлера літоўскага Льва Сапегі, з імем якога звязаны росквіт горада, чым цяперашнія жыхары вельмі ганарацца

Слонім у часы Льва Сапегі

Леў Сапега 47 гадоў быў слонімскім старастам, атрымаўшы гэтую пасаду ў 1586 годзе і, нягледзячы на актыўную агульнадзяржаўную дзейнасць, знаходзіў магчымасці і час, каб садзейнічаць развіццю Слонімшчыны. У часы яго папярэднікаў Слонім быў шараговым горадам Вялікага княства, які 20 студзеня 1532 года ад князя Жыгімонта Старога атрымаў права на самакіраванне (так званае Магдэбургскае права), у якім некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы. Але менавіта ў часы Льва Сапегі ён перажыў свой першы «залаты век», працягнуты ў часы Міхала Казіміра Агінскага.

Леў Сапега ўдзяляў асаблівую ўвагу нашаму краю, ра­зумеючы яго стратэгічнае, палітычнае і эканамічнае значэнне. На яго сродкі ў горадзе праводзіцца добраўпарадкаванне існуючых сістэм камунікацый (вуліц, дарог, мастоў) і распачынаецца актыўнае будаўніцтва: ля ракі ўзводзіцца прыгожы прызамкавы каменны палац, у якім размясцілася багатая біблія­тэка і архіў, а на Замосці ў 1595 годзе аднаўляецца драўляны касцёл святога Андрэя, які толькі ў 1775 годзе стаў мураваным. Таксама Леў Сапега аказвае дапамогу Жыровіцкаму манастыру, для якога ўфундаваў знакамітае Жыровіцкае Евангелле — 400-старонкавы твор мастацтва, падораны манастыру ў 1616 годзе. На жаль, сёння яно знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Як і асабістая шахматная дошка канцлера, якая ў ХХ ст. належала Іосіфу Стаброўскаму і была ў часы Вялікай Айчыннай вайны выкрадзена са слонімскага музея.


Леў Сапега разбудаваў слонімскі замак, а каля Шчары пабудаваў цудоўны прызамкавы каменны палац і аднавіў касцёл святога Андрэя. У горадзе вядзецца актыўнае будаўніцтва, а Слонім становіцца важным палітычным цэнтрам княства, дзе напярэдадні сойма Рэчы Паспалітай ладзяцца генеральныя соймікі ВКЛ. Леў Сапега асабіста распрацаваў герб Слоніма, зацверджаны каралём Жыгімонтам Вазам у 1591 годзе, і ўфундаваў знакамітае Жыровіцкае Евангелле.


4 студзеня 1591 года кароль Жыгімонт ІІІ Ваза ў знак павагі да асобы Льва Сапегі аднавіў у Слоніме Магдэбургскае права, а горад атрымаў герб, распрацаваны самім канцлерам — на блакітным полі залаты леў з падвойным крыжам, што нагадваў герб Ліс (страла з падвойным крыжам). Герб Ліс належаў да роду Сапегаў, а сам леў, напэўна, паходзіў ад імя падканцлера Льва Сапегі. На жаль, дакумент аб аднаўленні ў горадзе права на самакіраванне да нашага часу не захаваўся, хутчэй за ўсё, ён быў знішчаны ў 1655 годзе, калі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча спустошылі горад.

Магдэбургскае права ахоўвала мяшчан ад свавольства княскіх ураднікаў і садзейнічала вызваленню ад цяжару княскага права, паколькі горад плаціў князю толькі арэнду грашамі. У выпадку ж неабходнасці мяшчане павінны былі пастаўляць ваенныя вазы ці ўзброеных збраяносцаў.

У Слоніме дзейнічала выбарная гарадская рада (магістрат), якую ўзначальваў войт, пасада якога была спадчыннай. Войт ведаў судом і быў залежны толькі ад князя. Ён не нёс ніводнага пабора, за выключэннем нясення рыцарскай службы. А свой даход атрымліваў з грашовых штрафаў, якія накладаліся на злачынцаў, і з аплаты з мясной лаўкі, корчмаў і млыноў. Не менш важнай з`ўлялася пасада бурмістра, які кіраваў гаспадарчымі, грашовымі, гандлёвымі і культурнымі пытаннямі.

Памятная манета ў гонар Льва Сапегі

Слонімскія мяшчане вылучаліся ў прававым плане і даюць прытулак у горадзе шматлікім нявольным людзям, якія шукаюць тут паратунку. Так, у 1586 годзе шэсць слонімцаў выступаюць у гродскім судзе ў абарону Тамаша Пётравіча, пра якога ўзгадвае Ян Кунцавіч, называючы яго нявольным чалавекам, які свавольна пакінуў яго зямлю.

Дзякуючы Льву Сапегу, з Ваўкавыска было перанесена месца правядзення генеральных соймікаў з мэтаю абмеркавання спраў і выпрацоўкі пытанняў, якія ў далейшым выносіліся з боку княства на сойме Рэчы Паспалітай. У Слонім прыязджаюць вышэйшыя асобы дзяржавы, сенатары і паслы ваяводстваў: віленскага, троцкага, навагрудскага, мінскага, віцебскага, полацкага, смаленскага, лівонскага. Гэта станоўча ўплывала на эканамічнае развіццё горада, садзейнічаючы прыцягненню сюды не толькі вялікай колькасці людзей, тавараў, але і спрычыняючыся да развіцця шляхоў зносін і будаўніцтва ў горадзе корчмаў, аўстэрый, а таксама ўласных магнацкіх рэзідэнцый.

Адзін з генеральных соймікаў адбыўся ў Слоніме 27-30 студзеня 1597 года. На яго з`ехаліся прадстаўнікі з усяго княства. На ім абмяркоўвалася пытанне прызначэння асобы на віленскі епіскапат, дзе было падкрэслена, што «епіскапства Паляку не дазваляць», а яно павінна быць прызначана мясцоваму — ліцвіну, жыхару княства. Слонімскі пасол Стаброўскі галасаваў за тое, каб «Рэч Паспалітая парадкам, правам і дабрачыннасцю была ўмацавана». Акрамя гэтага, на сойміку абмяркоўваліся казацкая справа і маскоўскі мір, а таксама, што «ўсе небяспекі ўнутраныя і знешнія не могуць быць адхілены», што неабходна казаць аб агульных патрэбах усёй Рэчы Паспалітай. Віленскі пасол падкрэсліваў, што «мінулі тыя часы, калі мячы перакоўвалі на аралы, што краіне павінна даць спакойна ўзараць, патрэбны перапіс, таму што лепшай абароны чым перапіс няма».

На пачатку ХVII стагоддзя супраць караля Жыгімонта ІІІ узнікае шляхецкая канфедэрацыя. Леў Сапега выступае на баку караля і збірае ў ваколіцах Слоніма 2000 чалавек.

Восенню 1604 года жудасная эпідэмія (паморак) абрынулася на горад і яго ваколіцы. У выніку да вясны была спынена дзейнасць суда ў замку. Ратуючыся ад пошасці, слонімскія габрэі беглі ў суседнія Жыровіцы, дзе дагляд за імі ўзяў трымальнік маёнтка Я. Солтан. Аднак, вандруючы па ваколіцах у пошуку ежы, тыя разнеслі хваробу па суседніх вёсках. У дадатак да эпідэміі горад быў ахоплены пажарамі. У 1613 годзе, пры заступніцтве Льва Сапегі, рашэннем сойма Слонім быў вызвалены ад грашовых збораў на карысць дзяржавы на чатыры гады, каб за гэты час аднавіцца. Але ў 1615 годзе ваколіцы Слоніма былі спустошаны казацкімі атрадамі Чэлаткі і Каробкі. І толькі дзякуючы сумесным дзеянням гараджан Слонім не быў захоплены, а наступ на яго адбіты. У выніку казакі вымушаныя былі адступіць на поў­дзень, пакінуўшы вялікую колькасць палонных: «жалнірыа і казакі і Слонімскі павет ваявалі і в Слоніме на посаде, за рекой многіе дворы пожглі; і на ніх де прыходзілі мешчане і іх многіх побілі і жівых поймалі челавек з 70, а в воду посажівалі, а іных вешалі; а которыя де з бою отошлі жівы і оне де пойшлі ку Подолу».

Нягледзячы на вялікія цяжкасці, горад здолеў аднавіцца дзякуючы супольнай працы слонімцаў і заступніцтву Льва Сапегі — патрона Слоніма. У 1605 годзе ён атрымаў права «склада», дзякуючы чаму ўсе купцы, якія праязджалі праз Слонім, павінны былі спыняцца і гандляваць з мясцовым насельніцтвам. А ў 1609 годзе Леў Сапега арганізаваў першы ў Слоніме цэх — ткачоў.

Яго наступнік, сын Казімір Леў, працягнуў справу бацькі і садзейнічаў стварэнню новых цэхавых аб`яднанняў, да якіх з 1644 года павінны былі належыць і слонімскія татары.

Асоба гэтага слыннага чалавека, заступніка нашага горада, заслужыла павагі ад нашчадкаў. І, магчыма, мы ўрэшце дачакаемся, што ў Слоніме, для якога Леў Сапега зрабіў так шмат, з`явіцца помнік у яго гонар.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание