
Архітэктурныя макеты беларускіх замкаў Ігар Адасік робіць для гродзенскіх музеяў. Гэтае яго захапленне прывяло да стварэння праекта Belzamki.by.

«Распрацоўваем папяровыя макеты замкаў і знакамітых будынкаў, праводзім майстар-класы з дзецьмі, знаёмім іх з нашай архітэктурнай спадчынай», — распавядае мадэліст, а таксама калекцыянер і музыка ў адной асобе. Калі захапленне замкамі прыйшло ў дарослым узросце, то мадэлі аўтамабіляў, прызнаецца Ігар, ён збірае з самага дзяцінства.


У калекцыі яго больш за 500 экспанатаў, і значная колькасць з іх зроблена ўласнымі рукамі. Гэта і аўтамабілі часоў Вялікай Айчыннай вайны, савецкія аўто, конныя павозкі і іншыя. «Дарэчы, на выставе паказаны каля сотні мадэляў аўтамабіляў часоў вайны, а таксама інструменты і матэрыялы, з якіх гэтыя мадэлі і ствараюцца», — адзначае Ігар.




А вось музыкант Ігар Адасік грае на ўдарных інструментах з рознымі выканаўцамі і гуртамі. У іх рэпертуары — музыка ад фолку да джазу.

— Прымаў удзел у запісах сямі музычных альбомаў, выступаў на шматлікіх фестывалях, у тым ліку замежных. Збіраю калекцыю ўдарных інструментаў розных народаў свету, а таксама вырабляю інструменты сваімі рукамі, — расказвае Ігар пра сваё яшчэ адно захапленне.

А дапагаюць Ігару і падтрымліваюць яго ў захапленнях яго родныя — бацькі, жонка Ксенія і дочкі Ксенія з Эмількай.

Паглядзець на выставу замкаў, а таксама на іншыя захапленні творцы са Слоніма можна будзе на працягу месяца.
На выставе таксама можна пабачыць керамічныя вырабы сланімчанкі Аксаны Чайкоўскай і драўляныя вырабы разьбяра Сяргея Равінскага.
Чытайце таксама: «Инженер из Слонима создаёт бумажные замки для детей»
Фота з уласнага архіва Ігара АДАСІКА