Наверх
EUR 2.3094
USD 2.0625
RUB(100) 3.2251
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Як жыве завулак Максіма Багдановіча ў Слоніме

25 мая 2017 17:27
418
Поделиться:
25 траўня споўнілася 100 гадоў з дня смерці вялікага беларускага паэта Максіма Адамавіча Багдановіча. І хоць паэт пажыў зусім мала, але ж заняў сваё ганаровае месца паміж класікамі беларускай літаратуры.

 

У дзень памяці Максіма Багдановіча карэспандэнт «ГС» наведаў завулак, які носіць яго імя. Знаходзіцца ён на ўскрайку Слоніма, у мікрараёне Лабазоўка, і падобны на аўтэнтычную беларускую вёсачку: свежае паветра, недалёка лес, куры ганарліва ходзяць па дарозе, адсутнічае асфальт.

Пры ўваходзе ў завулак на траўцы сядзеў пажылы мужчына. Ім аказаўся мясцовы жыхар Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі, які прысеў адпачыць, ідучы з крамы дадому. На пытанне, ці ведае ён, што сёння дзень памяці Максіма Багдановіча і ці памятае што-небудзь з вершаў паэта, ён адказаў:

— Ой, забыўся ўсё, мне ж 77 гадоў ужо. А так добра наша вуліца жыве, вельмі харошы завулачак.

Тут падышла жонка Мікалая Мікалаевіча, Марыя Рыгораўна:

— Тое, што Максім Багдановіч памёр роўна 100 гадоў таму, я не ведала. А вершы раней чытала, і чытала шмат, але ўжо не памятаю. А завулак Багдановіча жыве добра, мне тут падабаецца.

Далей прайшоўшыся па завулку, заўважыў мужчыну, які працаваў на сваім надворку. Аляксандр Іванавіч на пытанне пра дзень памяці Багдановіча адказаў:

—  Я чалавек прыезджы, з Украіны, а ў гэтым завулку жыву з 1989 года. Пра дзень памяці чуў і ведаю, што такі паэт быў, але з творчасцю яго не знаёмы, бо ў школе ва Украіне я вывучаў іншых паэтаў. Сам я з Цэнтральнай Украіны, але за столькі гадоў абжыўся ўжо тут у Беларусі.

У дзённыя гадзіны, калі большасць людзей на працы ці занятках, у завулку можна сустрэць пераважна людзей старэйшага пакалення, якія ідуць па вуліцы ці робяць нешта каля хаты. Мясцовы жыхар Валерый Міхайлавіч рамантаваў сваё аўто:

— Я ведаю пра дзень памяці Багдановіча, памятаю, што ёсць такія вершы, як «Зорка Венера», «Пагоня». А вось тое, што ў нас завулак, а не вуліца імя Багдановіча, я лічу, што гэта прыніжае імя вялікага паэта. Вунь у Мінску ёсць вялікая вуліца імя Багдановіча ў цэнтры. Ды і акультурыць завулак наш таксама маглі б. А то з 1970 года ўсё тое ж самае: гравійку, бывае, падсыплюць, а так захалусце нейкае. У цэнтры Слоніма — вуліцы Леніна, Савецкая, а тут, на задворках, размясцілі вуліцы імя Багдановіча, імя Якуба Коласа. Гэта, я лічу, прыніжае нас, беларусаў.

Да размовы далучыліся дзве пажылыя кабеты, якія пажадалі не называцца, але трапна падсумавалі размову:

— Калісьці даўно мы пераязджалі з вёскі ў горад, а на самай справе так і засталіся дагэтуль у вёсцы, без якіх-небудзь асаблівых зручнасцей і камфорту…

Вось так і жыве завулак імя класіка беларускай літаратуры еўрапейскага ўзроўню. Але па камфортнасці пражывання тут да Еўропы яшчэ вельмі далёка.

Фота аўтара

Наш канал в Telegram Прислать свою новость на Viber
Читайте также
Обратите внимание