
Узнагароджваюць Аляксандру Радковіч
— Я вельмі шчаслівая, што менавіта я, сланімчанка і студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, буду прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу «Студэнт года – 2017», — шчыра сказала Аляксандра пасля сваёй перамогі ў размове з карэспандэнтам «ГС».
Аляксандра Радковіч скончыла слонімскую школу №2 і цяпер вучыцца на другім курсе філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «беларуская філалогія». Яна ўжо ўдала заявіла пра сябе на міжнародным конкурсе аратарскага майстэрства»Цыцэроній», з`яўляецца стыпендыяткай Фонду міру. Заняла трэцяе месца ў конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства «Гарадзенская беларусачка – 2017». Захапляецца чырлідынгам, спявае.


Чырлідынг — адно з захапленняў Аляксандры

Як расказала дзяўчына, яе супернікамі былі лепшыя студэнты гродзенскіх ВНУ — Яўгенія Бобніс, якая вучыцца на эканамічным факультэце аграрнага ўніверсітэта, і Уладзіслаў Шышко, студэнт лячэбнага факультэта медуніверсітэта.

Фіналісты
Перад заключным этапам конкурсу ўдзельнікі паказалі журы сваё партфоліа, дзе расказалі пра свае шматлікія поспехі, і відэаролік пра вясёлае студэнцкае жыццё. Падчас фіналу, які прайшоў напярэдадні Міжнароднага дня студэнта, 16 лістапада, студэнты спаборнічалі ў трох конкурсах.

Аляксандра Радковіч
У конкурсе самапрэзентацыі «Я — студэнт» удзельнікі расказвалі пра сябе, свае поспехі і планы.

Аляксандра Радковіч на сцэне
Другі конкурс быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, і падчас яго фіналісты дэманстравалі свае аратарскія здольнасці. Як расказала Аляксандра, яна свае веды параўнала з морам, па якім, як паруснікі, плывуць людзі ўсё свае жыццё. І першым беларусам, які адправіўся пакараць мора кнігадрукавання, быў наш славуты Францыск Скарына.
Творчы конкурс называўся «Беларусь — краіна натхнення». Да яго фіналісты падрыхтавалі вершы і прозу ўласнага сачынення, спявалі і танцавалі.

Група падтрымкі Аляксандры

Журы
У выніку тытул «Студэнт года – 2017» паводле рашэння журы было прысуджана студэнтцы філфака ГрДУ Аляксандры Радковіч, якая скарыла ўсіх прысутных сваёй душэўнасцю. Ды і выступленні дзяўчыны на роднай беларускай мове не пакінулі раўнадушных у зале.

Песні на роднай мове
— Усё маё жыццё складаецца з творчасці, і я твару, прысвяціўшы сябе беларускаму слову, бо Беларусь — гэта мая крыніца натхнення. Любоў да роднай мовы і да слова мне прывілі яшчэ ў дзяцінстве, калі я жыла ў вёсцы Кракотка, а потым у любімай школе №2, менавіта таму я паступіла ў ГрДУ на філалагічны факультэт. Першы курс прайшоў вельмі хутка, бо я не сядзела на месцы, а ўдзельнічала дзе толькі можна, пачынаючы ад імпрэз і чытанняў і заканчваючы фольк-конкурсам «Гарадзенская беларусачка» і конкурсам красамоўства «Цыцэроній».

Пераможцы з узнагародамі
На другім курсе я зрабіла для сябе важны крок і вырашыла прайсці праз чарговае выпрабаванне — на конкурс «Студэнт года-2017», але яно, канешне ж, для душы і мне ў радасць. Універсітэцкі этап прайшоў так, як хацелася, і вынікі мяне парадавалі. Адно імгненне, і вось я ўжо стаю на сцэне абласнога этапу конкурсу, і ведаеце, гэта лепшае, што можа быць у жыцці, калі ты робіш тое, што табе блізка, і тое, што табе прыносіць асалоду, у той момант, ты разумееш, што вось яны, цудоўныя старонкі твайго жыцця. Сам конкурс прайшоў насычана, лёгка, на адным дыханні. Дзякуючы сваёй надзейнай сям`і, маім сябрам і блізкім, лепшай групе падтрымцы, цудоўным выкладчыкам і Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, мы разам атрымалі гэтую запаветную перамогу, — у заключэнне размовы сказала Аляксандра.



Падчас узнагароджання


З групай падтрымкі
Фота grsu.by і grodnonews.by
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь