
Сланімчанка Аляксандра Радковіч
— Пані Аляксандра, які ў Вас настрой пасля перамогі ў абласным этапе «Студэнт года – 2017» і далейшыя планы ў гэтай сферы?
— Вельмі шчаслівая і ганаруся тым, што менавіта я буду прадстаўляць Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе. Гэта вельмі адказна, і, што думкі хаваць, я вельмі хвалююся. Ну а настроена, канешне ж, рашуча. На сённяшні дзень актыўна і старанна рыхтуемся. Буду здзіўляць Мінск і журы сваёй беларускасцю, шчырасцю і арыгінальнасцю. Спадзяюся, што гэты конкурс стане яшчэ адным медалём у скарбонку майго жыцця.
— Калі адбудзецца фінал у Мінску?
— Конкурс будзе праходзіць з 6 да 8 снежня.

Аляксандра Радковіч
— Раскажыце, калі ласка, увогуле пра сабе.
— Мне 19 гадоў, і, як я лічу, за свае 19 я ўжо зрабіла шмат крокаў насустрач сваёй мары. Усё пачалося яшчэ з вёскі Кракотка, дзіцячага садка ў Сялявічах, калі мяне, як бы гэта смешна ні гучала, папрасілі заспяваць частушкі пад баян. У мяне атрымалася. Магчыма, маё імкненне да музыкі і творчасці перадалося ад маёй бабулі, якая спявала раней у гурце «Грымата». Пасля гэтага дзяўчынка з маленькай вёсачкі пачала ездзіць выступаць у Слонім і атрымлівала нават дыпломы.
Пасля я пераехала ў Слонім, дзе захацела пайсці у музычную школу №2 па класе скрыпкі, але на праслухоўванні мне сказалі, што лепш ісці на клавішны інструмент, таму я ў далейшым скончыла 9 класаў па фартэпіяна. У школе я не сядзела на месцы і была задзейнічана ўсюды: ва ўсіх чытаннях, і спевах, і танцах. Была вядучай на многіх імпрэзах. Калі я была ў шостым класе, мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Уладзіміраўна Захарчук адкрыла ўва мне яшчэ і аратарскія здольнасці, за што я ёй вельмі ўдзячная, гэты чалавек зрабіў шмат для майго станаўлення. Яна разам з настаўніцай рускай мовы Марынай Іванаўнай Епанешнікавай паспрыялі ў далейшым выбары майго жыццёвага шляху.

Узнагароджваюць Аляксандру Радковіч
Усяго гэтага б не было, калі б побач са мной не было маіх бацькоў. Яны мая апора і натхненне, гэта мая надзейная прыстань, да якой я кожны раз прыплываю, калі мой шлях блытаецца і карабель губляе курс. Яны заўсёды побач са мной, нават у тыя моманты, калі знаходзяцца ад мяне на вялікай адлегласці. Мая сям`я — гэта ўвесь мой свет.
— Вы таксама сёлета ўдзельнічалі ў конкурсе «Гарадзенская беларусачка», дзе занялі ганаровае месца. Адкуль гэткая цяга да роднай мовы?
— Я навучаюся па спецыяльнасці «беларуская філалогія», таму мне самой у плюс весці гутаркі на мове. Тым самым я пашыраю сваё кола слоў і выразаў. Люблю чуць мову ў магазінах, інтэрнэце, для вушэй прыемней нават. Пераважна маё асяроддзе складаецца з беларускасці, пачынаючы ад універсітэта. Яшчэ, напэўна, жыццё з маленства ў вёсцы такі зрабіла сваю справу.

На сцэне танчыць Аляксандра Радковіч
— Якія ў Вас улюбёныя кнігі на беларускай мове, беларускія гурты?
— Люблю кнігу, якую прачытала яшчэ ў школе. Гэта «Прынцэса з тусоўкі» Яўгена Хвалея, а так больш душа ляжыць да паэзіі, люблю Танка і Панчанку. Іх філасофія мяне цікавіць больш за доўгія паэмы і творы, буду шчырай. З музыкі гэта, канешне, «Соніка», «UZARI», «Ляпіс». Вельмі люблю гэтыя гурты.
— Каму прысвеціце сваю перамогу у конкурсе?
— Вядома, сваім бацькам. Кожная мая перамога — гэта і іх перамога.
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь