Слоним
weather
8
Зельва
weather
8
Волковыск
weather
6
Мосты
weather
6
Дятлово
weather
6
Барановичи
weather
7
EUR 2.46
USD 2.1177
RUB(100) 3.2257
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Алесь Сапега: «Беларусы не прагнуць лепшага жыцця»

20 января 2018 9:49
896
Поделиться:
Раней мы распавядалі пра велікадушнага беларуса Алеся Сапегу, які жыве ў Швейцарыі, але сам родам з Бабруйска. Алесь дапамог і дапамагае далей выбірацца сялянцы з Дзярэчына Наталлі Міхно з пазыковай ямы.

Алесь цалкам пагасіў запазычанасць за электраэнергію. Дзякуючы гэтаму шчодраму беларусу ў Наталлі Міхно з`явілася ў хаце святло. Больш за тое, ён аплаціў яшчэ 500 кВт энергіі і заплаціў за прычэп колатых дроў, якія ёй ужо прывезлі. Вырашаецца пытанне і з рамонтам вокнаў.
Мы звязаліся па тэлефоне з Алесем і зрабілі з ім інтэрв`ю.

— Алесь, раскажыце трохі пра сябе, пра сваю сям`ю? Як Вы апынуліся ў Швейцарыі?

— Я пазнаёміўся са сваёй жонкай швейцаркай Міленай пад Ракавам у скаўцкім летніку, дзе я працаваў інструктарам. Амаль пяць гадоў працягвалася наша дружба, а ў 2006 годзе мы пажаніліся. У нас падрастае чацвёра дзяцей: тры сыны і дачка.

— Часта бываеце на Радзіме?

— Амаль кожны месяц. У гэтым годзе на Новы год прыяз­джала мая жонка ў Беларусь адна.

— Як яна ставіцца да Ра­дзімы мужа, ці падабаецца ёй Беларусь?

— Ёй вельмі падабаецца Беларусь, але шмат чаго яна не можа прыняць. Напрыклад, бюракратычную сістэму, сіс­тэму медыцыны: тыя самыя талончыкі, падыход доктара да кліента. Таксама ёй не падабаецца глыбокая савецкая пазіцыя, што беларусы да гэтага часу жывуць яшчэ ў Савецкім Саюзе, жывуць Другой сусветнай вайной, і, каб не было ніякай вайны — лепей так, чым ніяк, не прагнуць лепшага жыцця.

— Алесь, а Вы згодны з меркаваннем жонкі?

— Вядома. Тыя людзі, якія жылі ў Савецкім Саюзе, ведаюць, якое было жыццё, таму нельга яго папулярызаваць.

— Ці заўважылі Вы якія-небудзь істотныя змены ў Беларусі?

— Пэўныя перамены ёсць. Напрыклад, калі параўноў­ваць з працэсамі, якія адбываюцца за мяжой, то гэта як два аўтамабілі: беларус едзе з хуткасцю 30 кіламетраў, а еўрапеец — з хуткасцю 60 кіламетраў у гадзіну. Мы з кожным годам адстаем ад глабальных працэсаў: гэта і эканоміка, і інавацыі, лад жыцця, свядомасць моладзі… Наша моладзь ведае, што такое кампутар, інтэрнэт-сеціва, як паехаць за мяжу, зрабіць візу і г.д. Але калі спытаеш сталага чалавека пра гэта, нават не ў вёсцы, а ў горадзе, то ён нават слоў такіх не чуў ніколі. І досвед у беларусаў такі сціплы, што часам з імі няма пра што пагаварыць.

Вядома, што перамены ў Беларусі ёсць, яны ёсць і ў думках людзей, але ўсё роўна з кожным месяцам і годам усё больш і больш адчуваецца разрыў, бо хуткасці няроўныя.

— Алесь, ці лёгка атры­маць грамадзянства ў Швейцарыі?

— Складаней, чым у Беларусі. Каб атрымаць грамадзянства ў Беларусі, трэба пражыць тут сем гадоў, а ў Швейцарыі — 12 гадоў. Трэба ведаць мясцовую мову, а ў некаторых раёнах і абласцях трэба прайсці іспыты і заплаціць падаткі той вёсцы, дзе вы жывяце. Потым бу­дзе агульны сход у вёсцы, дзе імігрант, каб атрымаць грамадзянства, павінен зрабіць даклад пра сябе, пра сваю працу перад усімі жыхарамі гэтай вёскі. І жыхары гэтай вёскі галасаваннем вырашаюць, даць яму грамадзянства альбо не.

— Ці ўсе ў Швейцарыі жывуць на шырокую нагу?

— Ніхто не жыве. Усе швейцарцы зарабляюць вельмі багата грошай, так багата, што на што б яны іх ні трацілі, у іх заўсёды застаюцца грошы. Але швейцарцы лічаць кожную капейку.

— А на што больш за ўсё швейцарцы трацяць грошы?

— На сябе. На добрае харчаванне, і гэта не абавязкова мяса: агародніна, садавіна. Яны трацяць грошы на свой вольны час альбо на трэніроўкі, вандраванні. І гэта тыпова для пенсіянераў, для сталых лю­дзей, якія не сядзяць дома і не глядзяць тэлевізар, не гаду­юць унукаў, бо гэта не іх справа. Швейцарскія пенсіянеры займаюцца спортам, ходзяць у басейн, займаюцца тэнісам, аквааэробікай, вучаць замежныя мовы, ездзяць адпачываць за мяжу, наведваюць сяброў. Вядома, пенсіянеры зарабляюць менш грошай, чым калі працавалі, але ім хапае на годнае жыццё.

Жонка Алеся Сапегі Мілена з сынам

— І не выжываць ад пенсіі да пенсіі…

— Так ці інакш, таму што ёсць мінімальная карзіна, і лю­дзі падчас свайго працоўнага жыцця зарабілі дастаткова, каб жыць нябедна. У Швейцарыі ёсць людзі, якія не працавалі, былі не так высокаадукаванымі, не мелі высокааплатнай працы, часта ім таксама дапамагаюць сацыяльныя службы. І яны тут адчуваюць сябе абароненымі ў сваіх правах. Я б не сказаў, што пенсіянеры жывуць тут кепска. Большасць пенсіянераў змаглі за ўсё сваё жыццё зарабіць столькі грошай, каб купіць сабе катэдж ці кватэру і добра жыць.

— Які сярэдні заробак у Швейцарыі?

— Сярэдні заробак прыблізна 5 тысяч долараў. Мінімальная карзіна складае 3 400 долараў.

— А колькі грошай ідзе на аплату камуналкі?

— Тут няма ўраўнілаўкі. Чалавек сам можа вырашыць, плаціць яму тысячу долараў ці сто тысяч долараў. І ведаеце, патраціць у Швейцарыі сто тысяч долараў можна вельмі хутка, таму што тут ёсць на што.

Што тычыцца платы за камуналку, то ўсё залежыць ад таго, у якім раёне вы жывяце. І ў Беларусі ёсць раёны, дзе жыллё каштуе даражэй.

Мы жывем за чатыры кіламетры ад Цюрыха, у нас 6-пакаёвая кватэра, за якую мы плацім 2 тысячы долараў. Але трэба разумець, што калі працуюць у сям`і і муж, і жонка, то заробак значна вышэйшы, чым 5 тысяч долараў. Каб пражыць месяц сям`і, трэба каля 4 тысяч долараў.

— Нейкую дапамогу на дзяцей Вам дзяржава выплачвае?

— Ніякай. Але мінімальная дапамога ўсё ж ёсць: на дзіця мы атрымліваем па 200 франкаў, гэта 200 долараў. Гэтых грошай хопіць на пяць упаковак памперсаў.

— Што можаце сказаць пра беларускія цэны?

— Я вам скажу, што цэны ў Беларусі — швейцарскія. Некаторыя прадукты нават даражэйшыя, чым у Швейцарыі. Больш гэта тычыцца імпартных прадуктаў. Напрыклад, ананасы, авакада, яблыкі каштуюць у Беларусі даражэй, чым у Швейцарыі. А яшчэ трэба задаць пытанне: а якасць якая? Напрыклад, калі браць авакада, то ім можна цвікі забіваць. Альбо калі ў краме ў Беларусі купляеш вінаград, то палову яго трэба выкінуць, бо ён гнілы. У Швейцарыі можна набыць прамысловыя тавары і бытавую тэхніку са зніжкай 40-50%, і калі тэрмін прыдатнасці на прадукты заканчваецца праз два дні, то можна іх купіць у краме са зніжкай 40-50%.

Швейцарыя — вельмі вядомая на садавіну: вялікі асартымент яблыкаў, але яблыкі мы ямо і беларускія, якія ідуць на выраб «чарніла», ад якога памерла шмат людзей.

— І ў Вас таксама ёсць гэта «чарніла»?

— Каб яно было, то тых лю­дзей, хто не толькі вырабляе яго, але і прадае, ужо даўно б пасадзілі. Такога пойла не тое што ў Швейцарыі, нават у Польшчы не будзе. У Швейцарыі любяць піць якаснае віно і піва.

— Алесь, чым Вы займаецеся ў Швейцарыі?

— Я сацыяльны педагог.

— Ведаю, што Вы займаецеся дабрачыннасцю: дапамагаеце беларусам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама дзіцячым дамам. Чаму Вы гэта робіце?

— Я б гэта і не рабіў, калі б мая дапамога нікому не патрэбна была ці калі б за мяне гэта рабіў іншы чалавек. Калі б я адчуваў, што маёй дапамогі на Радзіме не чакаюць, што яна не патрэбна, то я ніколі б гэтым не займаўся. Але я бачу, што шмат катэгорый грамадства нашага апынулася без дапамогі дзяржавы. Ні для каго не з`яўляецца сакрэтам, што наша дыяспара тут пазіцыянуе сябе як сацыяльна-дэмакратычная рэспубліка. Але на практыцы я не бачу гэтага. Таму, калі я бачу, што ёсць катэгорыі грамадзян, якія просяць дапамогі, то я не магу ім не дапамагаць. Хаця, можа быць, не на гэта трэба траціць свой уласны час, але мне гэта падабаецца, і пакуль гэта трэба будзе, я буду дапамагаць беларусам. Калі ў Беларусі будзе ўсё добра, я буду дапамагаць другім краінам. Калі я прыязджаю ў Беларусь, я не магу не заўважыць і прайсці міма чалавека, якому патрэбна дапамога. Так мяне выхавалі мае бацькі.

— Алесь, нядаўна Вы дапамаглі вясковай жанчыне з Дзярэчына, якую дзяржава, па сутнасці, зрабіла рабыняй: адабрала дзяцей, адключыла святло, абавязаўшы плаціць за ўтрыманне дзяцей амаль усю зарплату, і, такім чынам, пакінула без сродкаў для існавання. Скажыце, маглі б швейцарскія чыноўнікі так абысціся з адзінокім чалавекам?

— Дзяржава для такіх катэгорый людзей не з`яўляецца манапалістам. Грамадзянамі, якія апынуліся ў зоне рызыкі, займаюцца больш прыватныя ўстановы. Гэтыя арганізацыі не з`яўляюцца кантралюючымі органамі, у іх ёсць свой статут, яны працуюць па сваіх правілах. Але такая арганізацыя сама не можа самастойна сябе ўтрымліваць, таму ёй дапамагае фінансава дзяржава. Мэта гэтай арганізацыі — дапамагчы чалавеку, а не пакараць яго. І дапамагаць павінен не мясцовы чыноўнік, а спецыялісты, профільныя людзі — сацыяльны работнік, псіхолаг, лагапед і іншыя, якія ведаюць сітуацыю ў сям`і, з чаго яна пачыналася, прычыну праблемы, бо ўжо ёсць нейкая сумесная праца з гэтай сям`ёй.

Раз у месяц да сям`і прыходзіць сацыяльны педагог, але не рабіць кантроль, а весці размову. І калі спадзяванні не спраўдзіліся, не атрымалася дасягнуць чагосьці, то гэта значыць, што мэты сацыяльнага работніка ў адносінах да гэтай жанчыны былі пастаўлены памылкова. І гэтыя мэты трэба перафармуляваць або зрабіць новыя. Мэты павінны быць рэалістычныя і тэрміновыя. І прафесіянал вырашае, якую ўжываць методыку, як вырашаць гэту праблему, а дзяржава толькі дапамагае фінансава, таму што чыноўнікі не маюць адукацыі сацыяльнага работніка ці псіхолага. І дзяржава не вырашае далейшы лёс такіх людзей.

І тое, што гэта жанчына не зрабіла тое, што ёй сказалі, значыць, што мэта была пастаўлена памылковая.

— Пасля таго, як Вы пагутарылі са старшынёй Дзярэчынскага сельсавета, яна ўпершыню за пяць гадоў ужо некалькі разоў пераступіла парог яе дома, пацікавілася, як адзінокая жанчына жыве. Вы, па сутнасці, чыноўніцу павярнулі тварам да простага чалавека.

— Я павінен падзякаваць Святлане Канстанцінаўне за дапамогу. Яна дапамагала мне, хоць у яе абавязкі гэта не ўваходзіць рабіць. Яна ішла на кантакт са мной, спрыяла мне. Таму я лічу, што лепш пазней, чым ніколі. Хачу адзначыць, што там, дзе я дапамагаю, куды я звяртаюся да высокіх чыноўнікаў, яны пачынаюць паварочвацца да мяне тварам. І я не ведаю, чаму гэтак адбываецца. Я не чыноўнік, не кантралюючы орган, я просты беларус.

— Цяпер у Беларусі людзям жывецца вельмі цяжка. Як Вы думаеце, што чакае беларусаў наперадзе?

— Калі скасаваць гэтыя папулісцкія лозунгі, выключыць тэлевізар, то, зразумела, лепш не стане ў апошнія пару гадоў. Гэты снежны камяк ляціць уніз. Мы зайшлі ўжо так далёка ў балота, што выбірацца з яго будзе вельмі цяжка. І я лічу, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца. І калі ўзяць апошнія дзесяць гадоў, то мы відавочна бачым, што няма перспектывы на развіццё: жыццё ўсё пагаршаецца. Палітычныя і эканамічныя справы ніхто разварочваць не будзе, а будзе проста ісці да апошняга, і мы ўвапромся ў гэтае акно. І мне гэта бачыцца як тройка коней, якая ляціць галопам і якую не спыніць, не развярнуць і якой цяжка кіра­ваць. І беларусам нельга думаць і верыць тэлевізару, што там паказва­юць, што ў іх бу­дзе лепш: павышаецца пенсійны ўзрост, паніжаюцца заробкі, расце кошт на камунальныя паслугі і г.д. Гэта фактары, які паказваюць, што не ўсё добра, што мы ідзем далей у балота і выправіць сітуацыю хутка не атрымаецца.

— Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб сітуацыя змянілася ў лепшы бок?

— Я не думаю, што наша ўлада наўмысна робіць, каб было кепска: яна робіць так, як можа. Трэба пачынаць са здаровай, непапулісцкай аналітыкі і праў­дзівай статыстыкі. Напрыклад, калі мы ў гэтым годзе сабралі 100 тон збожжа, то ў наступным годзе павінна быць 120 тон. Ці калі чалавек памірае ў бальніцы, то яго хуценька адпраўля­юць дахаты, каб ён не памёр у шпіталі, каб статыстыка была несапсаваная… І такія статыстыкі ўсюды. Але каб праўдзіва падыходзіць да гэтых праблем, трэба праўдзіва пра іх казаць — толькі тады мы пачнём іх вырашаць. Нават калі ў Дзярэчыне зменяць старшыню сельсавета, то сітуацыя не памяняецца. Чыноўнікі будуць хлусіць, каб застацца ў сваіх крэслах. У нялёгкія часы беларусам трэба трымацца разам, і не важна — гэта чыноўнік ці просты чалавек. Ёсць праблемы, не трэба на іх крыўдзіцца. Напрыклад, у жанчыны адбіраюць дзяцей, таму што яна п`яная ці дзеці брудныя альбо галодныя. Гэта трэба прымаць, бо гэта можа быць праўда. Але гэта не значыць, што ты мой вораг, бо ты мне гэта сказала. Трэба думаць, як гэтай жанчыне дапамагчы, нават калі яна гэтага не хоча. Трэба беларусам трымацца разам, бо часы цяпер зусім не лёгкія.

anna@gs.by

Scroll Up