Дата была адзначана з шырокім размахам. У гэты дзень на магіле Мацвея Ануфрыевіча пабывалі намеснік старшыні райвыканкама Марына Давыдзік, ідэолаг раёна Сяргей Дэйкала, начальнік Мастоўскага РАУС Эдуард Шастак з намеснікамі. Настаяцель храма святога прарока Іллі Уладзімір Мазгоў адслужыў малебен. Мерапрыемства праводзілася як мітынг памяці дзеля фармавання ў моладзі пачуцця патрыятызму, таму прысутнічалі прадстаўнікі грамадскага аб`яднання БРСМ.
Шмат гадоў таму назад на будынку РАУС была вывешана мемарыяльная дошка ў гонар загінуўшага міліцыянера. Аднак з нейкай нагоды яе не стала. Гэта заўважыў карэспандэнт «ГС» і мінулым летам звярнуўся ў дзяжурную часць, каб высветліць яе лёс. Дзяжурны па аддзеле шчыра прызнаўся, што не ведае, дзе яна, але паабяцаў высветліць. І слова сваё стрымаў. У той жа дзень патэлефанаваў і сказаў, што мемарыяльная дошка знаходзіцца на складзе ў заўгаса і будзе вывешана пасля заканчэння рамонту.

Эдуард Шастак
Рамонт новага будынка РАУС закончаны ўласнымі сіламі, і, як сведчаць міліцыянты, ім застаўся задаволены намеснік міністра МУС, які сёлета прысутнічаў на падвядзенні вынікаў года. Аднак карэспандэнт «ГС», які ў мінулым месяцы па справах наведаў РАУС, дошкі ні на старым, ні на новым будынку не пабачыў. І таму ў чарговую гадавіну народзінаў Шаройкі вырашыў зноў высветліць яе лёс.
Тэлефанаванне начальніку міліцыі палкоўніку Шастаку не дало вынікаў. Ён, як толькі пачуў, што яго турбуе карэспандэнт, стаў скардзіцца на сувязь і паклаў трубку. Далей на званкі не адказваў.
Тэлефанаванне ў дзяжурку гэтым разам было менш паспяховым. Памочнік параіў звярнуцца да намесніка начальніка міліцыі па выхаваўчай працы Андрэя Лучко, але яго тэлефон на працягу двух дзён маўчаў.
Тады прыйшлося змяніць тактыку, патэлефанаваць з другога нумара тэлефона. На гэты раз начальнік міліцыі адказаў, выслухаў, з кім размаўляе, і на пытанне, дзе цяпер знаходзіцца мемарыяльная дошка, прамовіў так: «На гэта пытанне я вам не ўпаўнаважаны адказваць».
Упаўнаважаны ці не ўпаўнаважаны начальнік мастоўскай міліцыі адказваць на гэтае пытанне карэспандэнту — яго асабістая справа, а вось шанаваць памяць загінуўшага таварыша — маральны абавязак.