У зале Слонімскага раённага краязнаўчага музея ў чацвер, 1 сакавіка, адбылося адкрыццё яго выставы запалак «Увесь свет у запалкавых карабках». На ёй прадстаўлены даваенныя экземпляры, запалкі розных краін, карабкі з гербамі гарадоў Беларусі і шмат іншых. Папаўняецца калекцыя дзякуючы яго знаёмым і сябрам. Па словах філуменіста, калі яны едуць за мяжу — абавязкова прывозяць у падарунак запалкі. Здзіўляе і разнастайнасць спецыяльных запалак: яны бываюць сувенірныя, паляўнічыя, гаспадарчыя і г.д.
Збіраць карабкі Сяргей Чыгрын пачаў з маленства. Тады ў яго было сабрана каля пяці тысяч карабкоў. Потым паехаў вучыцца, і карабкі недзе зніклі.
Прайшлі гады, і Сяргею Мікалаевічу трапілі ў рукі запалкі Слонімскай фабрыкі «ELEKTRA» 30-х гадоў. Варта адзначыць, што на тэрыторыі Слонімшчыны ў першай палове ХХ стагоддзя было тры запалкавыя фабрыкі. Гэтыя запалкі доўгі час у яго захоўваліся. З гэтага ўсё і пачалося. Карабок ёсць і на выставе.
Цяпер краязнаўца піша кнігу «Гісторыя беларускіх запалак», працэнтаў на 60 гэтая кніга ўжо напісана.
На выставе ёсць запалкі са сваёй гісторыяй, адну з іх і расказаў Сяргей Мікалаевіч.
Адны з запалак, якія былі выпушчаныя ў Таліне ў 1940 годзе, сямейны талісман, рэліквія, але, нягледзячы на гэта, іх перадалі ў калекцыю філуменісту.
— Адбылося гэта ў 1944 годзе ў Беларусі. Немцы адступалі, а Чырвоная Армія прасоўвалася наперад. Тады ўсіх, каму споўнілася 18, забіралі на фронт. Пад`язджае палутарка да адной хаты, дзе жыў такі хлопец, выбягаюць салдаты: «Збірайся, на фронт! Даем табе тры хвіліны, хутчэй!» На прыпечку ляжалі запалкі. І ён іх паклаў у кішэню. Ён не курыў. У запалак яшчэ нават сёння серка не счыркана. Хлопец з імі прайшоў да канца вайну і вярнуўся дахаты жывы-здаровы. Калі вярнуўся ў хату, паклаў іх там, дзе ўзяў, на прыпечак. Калі паміраў, аддаў дзецям і сказаў берагчы яго запалкі. А падарыў мне іх унук таго чалавека, — расказаў Сяргей Чыгрын.
На выставе Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што можа падараваць запалкі гораду, калі ў Слоніме будзе створаны музей запалак.
— Напрыклад, у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях можна адвесці пакой і зрабіць у ім музей запалак. Думаю, многім было б цікава пабачыць, якія бываюць запалкі, — адзначыў гаспадар запалкавай калекцыі.
Выстава запалкавых карабкоў Сяргея Чыгрына будзе доўжыцца месяц.
Фота аўтара
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь