Наверх
Слоним
ясно
8 °C
Зельва
ясно
8 °C
Волковыск
ясно
4 °C
Мосты
ясно
4 °C
Дятлово
ясно
4 °C
Барановичи
ясно
8 °C
EUR 2.7943
USD 2.5846
RUB(100) 3.3569
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 239,87 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Стрэмка ў сэрцы

6 марта 2018 15:35
Поделиться:

Мама, тата, вы не перажывайце, Алеська ўжо самастойная, усё адно як дарослая, так што клопату з ёй вам не будзе, — суцяшала Вера бацькоў. — Восенню ў школу пойдзе, у першы клас, а лета няхай правядзе ў вас, бо мы з Максімам на мора паедзем, а потым і на работу трэба, і дачу рамантаваць…

Маленькая бялявая дзяўчынка ў ружовай сукеначцы з кароткімі рукавамі калупала зялёным шкельцам пясок каля ганку і нават брывом не павяла, калі машына з бацькамі папыліла па вясковай вуліцы.
— Ну, Сцяпан, уваткнулі яны стрэмку ў маё сэрца, — горка ўздыхнула баба Казя. — Самастойная… Дарослая… — перадражніла дачку. — Ды яна і ў горадзе, як я была ў іх перад Калядамі, мяне не слухалася. Дык то ў горадзе: замкну дзверы і нідзе не дзенецца, а тут паспрабуй упільнуй. І лес побач, і сажалка, хоць за нагу яе прывязвай, не раўнуючы як курыцу-квактуху.
— Чаго ты бядуеш, упільнуем, абое ж на пенсіі.
Алеська нахмурыла светлыя бровы і пазірала з-пад лобіка на старых:

— Як захачу, то і не ўпільнуеце, пільнавальшчыкі такія. Я хутка бегаю, а вы ледзь калываецеся…
— Во, чуў?! — ажно прысела Казя. — І дзяцей тут няма, каб з кім пагуляла, адна будзе бэрсацца.
Алеська кінула зялёнае шкельца і села на ганак каля дзеда, які зашываў дратвай бабін тапак.
— А чаму яблыня з чырвонымі яблычкамі, што за вуліцай, сібіркай называецца? Га, дзед?
Сцяпан, лысы, сутулы, трымаў у роце дратву і шылам стараўся прапароць дзірку ў тапку. Нешта прагугнявіў у адказ.

Малюнак Яўгена Іванова

— Што ты мыкаеш, скажы талкова!
— Бачыш, дзед заняты, не перашкаджай, — мовіла Казя.
— А я хачу ведаць!
— Некалі ён ездзіў будаваць БАМ і адтуль прывёз жменю яблычных зярнят. Вось з аднаго і вырасла яблыня. Як яна правільна называецца — не ведаем, але кажам сібірка.
— А дзе той бам?
— Далёка…

— Бам-бум, бам-бум! — скакала Алеська на адной назе. Яна пакруцілася па надворку, а потым збегала ў хату і ўзяла кавалак батона. Баба якраз крышыла свінням бурачнік і за ёй не назірала. Маленькая паціху адчыніла брамку ў агарод, потым прашмыгнула на дарожку, якая вяла да лесу, што быў непадалёку. Яна хацела пакарміць птушак.
— У заапарку-то вас кормяць, а ў лесе няма каму, — разважала. — Я кожны дзень буду насіць вам батон.
Ішла па дарожцы, спрэс усеянай бялюткімі парашуцікамі маргарытак, і крышыла батон. Дарожка павярнула ўлева, і дзяўчынка не заўважыла, як з вачэй знік бераг лесу. Спахапілася толькі тады, калі закончыўся батон. Але не павярнула назад, а ішла далей.

— Зараз праверу, ці сапраўды ў лесе жыве баба-яга, бо ўсё можа быць, — казала сама сабе.
Дзед Сцяпан закончыў сваю работу і пайшоў у хату напіцца. І баба Казя, тоўстая, як качка, усчарэпкалася на ганак.
— А дзе ж Алеська? — гукнула мужу з сяней.
— А я ведаю? Усё тут круцілася…
Яны сталі клікаць малую, шукаць ва ўсіх кутках двара, але яе нідзе не было.

— Усё, у мяне зараз сэрца спыніцца! — Казя пабялела і схапілася за грудзіну. — Можа, у лес паперлася ці ў сажалку правалілася?!
Сцяпан хоць і меў вытрыманы характар, ды таксама ўстрывожыўся не на жарты. Але супакойваў жонку:
— Не хвалюйся, выпі сардэчных кропель, а я абыду ваколіцу.

Не паспеў выйсці за вароты, як убачыў, што ад лесу едзе на ровары ляснік Міхась Лабарчык і вязе на раме іхнюю ўнучку. У ручцы дзяўчынка трымала букецік белых маргарытак.
— Во, забірайце сваю прынцэсу. Кажа, птушак карміла ў лесе. Заблудзілася і хоць каб спалохалася, заплакала, — Міхась ссадзіў малую на зямлю.
Сцяпан і Казя не спускалі з унучкі вачэй. Але хіба ўпільнуеш? Аднойчы раніцай, калі ўпраўляліся па гаспадарцы, убачылі, што Алеська стаіць на вуліцы побач з вялікім чорным сабакам. Гэты сабака ба­дзячы, амаль роўны з ёй. Абедз­вюма рукамі гладзіла па клыкастай мордзе. Казя подбегам прывалюхала да іх і хацела схапіць малую за руку, але сабака ашчэрыўся і загырчаў.
— Бачыш, баба, ён цябе баіцца. Ідзі дадому!

Баба з дзедам ледзь адцягнулі яе ад сабакі, ледзь угаварылі.
— Нейкая ненармальная дзяўчынка расце, — з горыччу сказала Казя, калі вечарам паклала Алеську спаць. — Колькі цацак панавозілі, то і ўвагі на іх не звяртае, а ўсё нешта выдумляе. Ужо і не ведаю, што рабіць…
— Не цікава ёй з цацкамі… А па-мойму, цудоўная дзяўчынка, дапытлівая.
Чэрвеньскім поўднем, калі баба з дзедам варочалі на абмежку мурог, Алеська бегла па вуліцы і дубчыкам барабаніла па штыкетніку. Дабегшы да хаты Мані Бурачэўскай, убачыла, што гаспадыня ляжыць каля хлява, а побач вядро, з якога толькі што выліўся сырадой. Алеська зразумела: бабулі дрэнна. Хуценька забегла ў хату, убачыла на стале тэлефон і маленькім дрыготкім пальчыкам набрала нумар хуткай дапамогі:

— Прыязджайце, чужая бабуля памірае ў нашых Букатоўцах! У двары ляжыць. Хутчэй!
Вёска была ўсяго за два кіламетры ад райцэнтра, і хуткая прымчала за некалькі хвілін. Убачыўшы яе, па вуліцы ўслед беглі людзі.
Маню адратавалі.
— Дзяўчынка нам пазваніла, — сказала пажылая фельчарка. — Ты, напэўна? — зірнула на Алеську.
— Я…
— Малайчынка, каб не ты, то бабуля памерла б, а так забяром у бальніцу, палечым, і ўсё будзе добра.
— Вось табе і стрэмка ў сэрцы, — сказаў Сцяпан, калі яны з Казяй вялі маленькую дадому. — Вось табе і ненармальная… Сама ты ненармальная! — ён узяў Алеську на рукі, прытуліў да сябе і панёс у двор…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание