Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
14 °C
Зельва
облачно с прояснениями
14 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
12 °C
Мосты
облачно с прояснениями
12 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
12 °C
Барановичи
пасмурно
13 °C
EUR 2.2609
USD 2.0494
RUB(100) 3.2096
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

1500 дзён Таргонскага. Чым запомніўся старшыня за чатыры гады на сваёй пасадзе

20 марта 2018 10:40
Поделиться:
Якімі справамі і ўдзелам у якіх падзеях запомніўся Алег Таргонскі як старшыня Слонімскага райвыканкама, што ўдалося яму зрабіць, што не атрымалася, якія спадзяванні слонімцаў ён апраўдаў, якія не — прааналізавала «ГС».

У слонімцаў няма магчымасці выбіраць таго, хто будзе кіраваць горадам. Пры гэтым старшыня райвыканкама — пасада, якая найбольш падвяргаецца крытыцы, напэўна, яшчэ большай, чым прэзідэнцкая. На кіраўніка раёна вешаюць усіх сабак і вінавацяць яго ў многіх гарадскіх, раённых і не толькі бедах.

У навейшай гісторыі Слоніма было пяць старшынь — Алег Лакцюшын і Станіслаў Здановіч, Мечыслаў Касцюк, Іосіф Паўлюкевіч і Алег Таргонскі. Апошні прабыў на гэтай паса­дзе найменш з усіх — чатыры гады, прыйшоўшы на гэты пост 24 студзеня 2014 года. Да гэтага Алег Мечыслававіч узначальваў Свіслацкі райвыканкам і лічыў сваё прызначэнне ў Слонімскі раён як павышэнне па кар`ернай лесвіцы.

7 сакавіка 2018 года Алег Таргонскі ўзначаліў раённы Савет дэпутатаў. Якімі справамі і ўдзелам у якіх падзеях запомніўся Алег Таргонскі як старшыня Слонімскага райвыканкама, што ўдалося яму зрабіць, што не атрымалася, якія спа­дзяванні слонімцаў ён апраўдаў, якія не — прааналізавала «ГС».

Плошча, парк, набярэжная
Сур`ёзным баявым хрышчэннем для новаспечанага кіраўніка раёна стала падрыхтоўка ў 2014 годзе да абласнога фестывалю «Дажынкі», на які было накіравана каля 120 мільярдаў рублёў. Да свята горад моцна змяніўся. У ім з`явілася новая гарадская плошча каля райвыканкама, а на ёй памятны знак з гербам горада і блакітная мара слонімцаў — тры фантаны з падсветкай.

Была праведзена рэканструкцыя Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку, прычым як звонку, так і знутры. Адным з мінусаў той рэканструкцыі стала знішчэнне блакітных елак каля цэнтра культуры, на фоне якіх так любілі фатаграфавацца слонімскія маладажоны. Дарэчы, абяцаная старшынёй Алея маладажонаў, як і асобны будынак загса, дагэтуль у горадзе не з’явіліся.

Акрамя плошчы (якая яшчэ не атрымала да гэтага часу свайго імя), у горадзе правялі рэканструкцыю трох галоўных аб`ектаў — гарадскога парка, спарткомплекса і вуліцы Васі Крайняга, якая ў выніку стала пешаходнай. Быў праведзены вялікі рамонт пачатковай школы гімназіі. У мікрараёнах горада былі ўсталяваны кветкавыя кампазіцыі, некаторыя з якіх часткова дажылі да нашых дзён. Тэрыторыю каля цэнтра культуры ўпрыгожыў раяль, а цэнтральную плошчу Леніна — Эйфелева вежа, каля якіх любяць праводзіць фотасесіі слонімцы.

Колькі здароўя каштавала старшыні давесці да ладу ўсе гэтыя аб`еты ў сціслыя тэрміны, ведае, напэўна, толькі ён і яго блізкае акружэнне.
Таргонскі спрычыніўся і да ажыццяўлення яшчэ адной даўняй мары слонімцаў — добраўпарадкавання гарадскога парка. Распачатае ў 2014 годзе, яно працягнулася ў 2017 годзе — леташняй вясной у парку з`явіліся крэатыўныя клумбы, былі ўсталяваныя малыя архітэктурныя формы, дзіцячыя каруселі і арэлі, спартыўныя вулічныя трэнажоры. Разынкай парка стала кампазіцыя з русалкі і ката вучонага, якія пасяліліся на старажытным дубе.

Пры гэтым добраўпарадкаванне выйшла за межы парка, і сіламі працаўнікоў ГУП ЖКГ было акультурана Замчышча і выраўнены схіл, на якім усталявалі кампазіцыю ў выгля­дзе кветкавага ручая. У 2016 го­дзе каля гэтага знакавага месца дзякуючы мясцоваму скульптару Леаніду Богдану быў усталяваны камень з надпісам «Замчышча».

Старшыня райвыканкама падтрымаў ініцыятыву грамадскага аб`яднання «СлонімКаналАгінскага» па добраўпарадкаванні і асфальтаванні часткі малога канала Агінскага. Гэтыя працы, у тым ліку будаўніцтва лодачнай прыстані, працягнуцца і сёлета, на іх запланавана выдзеліць з бюджэту 60 тысяч рублёў.

Сінагога, помнік Сапегу
З прыходам Таргонскага значна павялічыліся і шанцы на стварэнне музея яўрэйскай культуры ў Вялікай сінагозе Слоніма. У 2016 годзе старшыня з`ездзіў у Ізраіль, дзе сустрэўся з кіраўніком слонімскага зямляцтва. Таксама ён правёў перамовы з прадстаўнікамі Слонімскай габрэйскай асацыяцыі ў Ізраілі і дамовіўся наконт іхняга ўдзелу ў рэстаўрацыі сінагогі. Адносіны мясцовай улады да справы рэканструкцыі сінагогі і іх зацікаўленасць у гэтым пытанні ўхваляў кіраўнік Беларускага дабрачыннага дыялогу і прадстаўнік плану «Разам» у Беларусі Артур Ліўшыц. У верасні 2017 года яны падпісалі з выканкамам мемарандум аб намерах.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі іудзейскай дэлегацыі, кастрычік 2017 года. Фота oirkm.by

Сёння ў праекце па рэстаўрацыі сінагогі ўдзельнічаюць уплывовыя людзі Англіі, на­прыклад вядомая тэлевядучая Наташа Каплінскі, дзед якой жыў у Слоніме, і яе дзядзька — вядомы інжынер-будаўнік Сайман Каплінскі. Ужо летам 2018 года, як плануецца, у Слоніме пройдзе міжнародны моладзевы яўрэйскі сімпозіум, які бу­дзе ў тым ліку прысвечаны архітэктурнай спадчыне.

Слонімская Вялікая сінагога ўвайшла ў спіс чатырох самых важных сінагог свету, якія будуць адрэстаўраваны ў першую чаргу. У 2018 годзе, як запланавана, будзе праведзена кансервацыя аб`екта, а сам праект павінен заняць не менш за пяць гадоў.

Яшчэ раз прыгадаем, што ў 2019 годзе ў Слоніме да Дня пісьменнасці павінен з`явіцца помнік Льву Сапегу. Як адзначаў у інтэрв`ю «ГС» Алег Мечыслававіч, ужо атрымана ўзгадненне Міністэрства культуры РБ на стварэнне і ўстаноўку помніка.

Свінарнік і запраўка
Летась пры Таргонскім быў пабудаваны на Слонімшчыне самы вялікі свінарнік — ЗТАА «Белдан» па вытворчасці зерня і дацкай беконнай свініны магутнасцю 6000 тон мяса жывой вагой у год. Летась на свінаводчым комплексе ўжо было атрымана 450 тон прадукцыі вырошчвання свіней. У 2018 годзе комплекс будзе запушчаны на поўную магутнасць, на ім запланавана атры­маць 3600 тон свініны. Будаўніцтвам комплексу і забаронай трымаць на сваіх падворках свіней асабліва былі незадаволеныя жыхары вёскі Новадзявяткавічы, ад якой «Белдан» знаходзіцца за чатыры кіламетры і якая ўвайшла ў буферную зону.

А ў 2015 годзе Таргонскі на Слонімшчыне дазволіў расійскай кампаніі «Лукойл» пабудову аўтазаправачнай станцыі. Менеджарам той запраўкі стаў сын старшыні Дзмітрый Таргонскі.
Суд на Брэсцкай вуліцы таксама будаваўся пры Таргонскім.

Вадаспад і сарціроўка
У 2016 годзе быў зачынены апошні кінатэатр у Слоніме — «Мір». Аднак без кіно слонімцы не засталіся — магчымасць глядзець сучасныя фільмы ў фарматах 2D і 3D з`явілася ў цэнтры культуры. Будынак былога кінатэатра і былой міліцыі пакуль што пустуюць.

У Альбярціне летась была пабудавана міні-гідраэлектрастанцыя на Ісе. У выніку славуты «вадаспад», які быў своеасаблівай слонімскай фішкай, быў ліквідаваны і слонімцы вельмі шкадавалі і выказвалі сваё незадавальненне з гэтай нагоды.

Напрыканцы 2017 года ў Слоніме на Брэсцкай вуліцы запрацавала лінія па сарціроўцы цвёрдых бытавых адыходаў. Яе будаўніцтва ў межах горада таксама выклікала вострую дыскусію слонімцаў у сацсетках. Пры гэтым здзіўляе яе кошт — 1 216,373 тыс. рублёў — пры ручной сарціроўцы смецця.

Кватэры, магазіны, трубы і свяцільнікі
За 2014-2017 гады на Слонімшчыне было ўведзена ў эксплуатацыю 1247 кватэр — гэта 118,8 тыс. м кв. жылля, адкрыта 168 новых аб`ектаў з гандлёвай плошчай 11784,5 м кв. Пабудавана чатыры новыя магазіны сучаснага фармату з гандлёвай плошчай 4270,8 м кв. Усяго цяпер у раёне функцыянуюць 459 магазінаў і павільёнаў.
У Жыровічах у гэтыя гады вялася рэканструкцыя трапезнай.

Летась у Слоніме была распрацавана схема цеплазабеспячэння Слоніма. Пры агульнай працягласці ў раёне цеплавых труб 146 км (у аднатрубным вымярэнні) было заменена 92,75 км цеплавых сетак, больш за палову. Сёлета плануецца замяніць 6100 пагонных метраў. У выніку за апошнія чатыры гады было зэканомлена 13644,59 тоны ўмоўнага паліва.

З 2014 года ў раёне мадэрнізуюцца кацельні.
Было заменена 2 089 свяцільнікаў вулічнага асвятлення, што дазваляе эканоміць электраэнергію, сёлета будзе заменена яшчэ 946 свяцільнікаў.

Мамаграфічны кабінет, рамонт бальніцы
У сферы аховы здароўя за апошнія чатыры гады было закуплена 4 аўтамабілі хуткай дапамогі, адзін аўтамабіль меддапамогі.
У 2014 годзе ў раённай паліклініцы быў уведзены ў строй мамаграфічны кабінет, пасля капрамонту адкрыта бальніца сястрынскага догляду ў Сялявічах, у 2015-м у горадзе з`явілася аддзяленне сястрынскага догляду, у 2016-м быў адрамантаваны тэрапеўтычны корпус (работы працягваюцца), у гарадской паліклініцы на Энцы ўстаноўлены рэнтгенапарат «Уніэксперт 2+».

На 1 студзеня 2018 года ў раёне функцыянавала 492 бальнічныя ложкі. З 2014 года іх зменшылася на 100.

Музейны пакой Лойкі, паўлаўскія караваі
У 2017 годзе ў Слонімскай раённай бібліятэцы адкрыўся музейны пакой імя Алега Лойкі, ураджэнца Слоніма, пісьменніка, доктара філалагічных навук.
У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны быў уключаны аб`ект нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці «Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне».

Чаго не стала пры Таргонскім
За гады кіравання Таргонскім Слонім пазбавіўся некалькіх прадпрыемстваў. Сярод асноўных — Слонімскі льнозавод, які ў 2016 годзе быў пераўтвораны ў вытворчы ўчастак Дварэцкага льнозавода.

На пачатку 2017-га Слонімскі вінна-гарэлачны завод стаў філіялам ААТ «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь».

Цяпер завяршаецца ліквідацыя Слонімскага камбіната бытавога абслугоўвання.

Футбол
Алег Мечыслававіч цікавіўся жыццём і гульнёй слонімскай футбольнай каманды, ведаў па імёнах усіх гульцоў, а таксама імкнуўся наведваць дамашнія матчы каманды. «Мы вельмі многа робім, каб каманда існавала», — выказваўся экс-старшыня пра падтрымку ФК «Слонім-2017».

Даходы і маёмасць
У пачатку года, калі Алег Таргонскі балатаваўся ў дэпутаты і былі абнародаваны даходы кандыдатаў, стала вядома, колькі зарабляе старшыня райвыканкама. Агульная сума даходу Алега Таргонскага за 2017 год склала 25937,58 рубля, у месяц гэта прыкладна 2160 рублёў.

Большы даход, чым у старшыні, летась меў дырэктар ААТ «Слоніммэбля» Уладзімір Маркушэўскі, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг №422 філіяла №402 ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк» Алена Кароль, намеснік начальніка філіяла «Слонімскае ўпраўленне магістральных газаправодаў» ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» Аляксей Лысуха, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Слонімскім раёне Алена Міско, начальнік Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам» Ігар Бялоў і начальнік Cлонімскага філіяла РУП «Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Святлана Іванова.

Экс-старшыня мае жылы дом і прапісаны ў вёсцы Бракава Слонімскага раёна.

Папулярнасць і вядомасць
Найперш для журналістаў «ГС» як кіраўнік раёна Алег Мечыслававіч запомніўся тым, што стаў ладзіць прэс-канферэнцыі для мясцовых СМІ, у тым ліку запрашаць на іх прадстаўніка нашага выдання. Падчас яго кіраўніцтва, пасля 10-гадовай забароны, хай сабе ён і не спрычыніўся да гэтага, «ГС» сталі прада­ваць у кіёсках і на яе стала магчымым падпісацца на пошце. Аднак дагэтуль існуе негалосная забарона чыноўнікаў райвыканкама на продаж газеты ў многіх магазінах, у тым ліку ў крамах «Еўраапта».

Усебеларускую вядомасць і найбольшую папулярнасць Алег Таргонскі здабыў, калі выйшаў 19 сакавіка 2017 года пагаварыць з удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі «Марш недармаедаў», на якую ў Слоніме сабралася каля 300 чалавек. Ва ўдзельнікаў маршу было вельмі шмат прэтэнзій да Таргонскага: адсутнасць працы, страта мясцовых прадпрыемстваў, маленькія заробкі і пенсіі. Пры гэтым шматлікія СМІ зазначалі, што Таргонскі быў адзіны кіраўнік раёна ў краіне, які выйшаў да пратэстоўцаў і, хаця ад яго яны не пачулі нейкіх нечаканых рэчаў, усё ж па-людску пагаварыў з людзьмі — з прыступак адміністрацыі гадзіну адказваў на пытанні, а пасля запрасіў ахвотных на перамовы да сябе ў кабінет. І ён не аднойчы паўтараў, што лю­дзі могуць прыходзіць да яго ў райвыканкам, нават у непрыёмныя дні.

Праз некаторы час на Радыё «Свабода» пра слонімскага старшыню выйшаў артыкул пад назвай «Ходзіць да касцёла, не балюе. Хто такі Алег Таргонскі — старшыня райвыканкама, які выйшаў да пратэстоўцаў у Слоніме».

Старонка гісторыі Слоніма з Таргонскім перагорнута. На агульным фоне апошніх гораданачальнікаў гэты старшыня запомніўся найперш адкрытасцю, дэмакратычнасцю і гатоўнасцю да дыялогу.

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание