Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
9 °C
Зельва
облачно с прояснениями
9 °C
Волковыск
пасмурно
8 °C
Мосты
пасмурно
8 °C
Дятлово
пасмурно
8 °C
Барановичи
пасмурно
9 °C
EUR 2.2613
USD 2.0458
RUB(100) 3.2083
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

«Мы як заўзелі за «Камунальнік», так і працягваем заўзець»

20 марта 2018 11:34
Поделиться:

Андрэй Панасеня з дачкой

Зусім хутка пачнецца новы футбольны сезон на Беларусі. У Слоніме футбольны сезон пачнецца не толькі ў футбалістаў і трэнераў "Слоніма-2017", але і ў фан-сектара клуба, якія называюць сябе футбольнымі фанатамі, альбо Ультрас.

Фанацкая субкультура зарадзілася ў Англіі ў 50-х гадах XX стагоддзя. У Слоніме першыя парасткі з`явіліся ў 2000 годзе, калі слонімскі «Камунальнік» гуляў у вышэйшай лізе. Але сапраўдны фанацкі рух у Слоніме зарадзіўся ў 2004 годзе, а ў 2005-м з`явілася і яго назва, якая існуе дагэтуль — Yellow — blue lions. Ёсць людзі, хто з той пары і да цяперашняга часу ў руху. Адзін з такіх ветэранаў, слонімец Андрэй Панасеня, якому нядаўна споўнілася 30 гадоў, падзяліўся ўспамінамі пра часы зараджэння фанацкага руху і параўнаў гэта з цяперашнім часам, а таксама расказаў пра Татарашвілі і чаму ён сам дагэтуль ў тэме.

2004 год

— Андрусь, як даўно ты захапляешся футболам і каляфутболам?

— Гульнёй нумар адзін я пачаў захапляцца з ранняга дзяцінства, дакладна сказаць, з якога ўзросту, не магу, але памятаю, што ў першым класе, а ў школу я пайшоў з шасці гадоў, ужо секся з аднакласнікамі ў футбол і вельмі марыў, каб бацькі падарылі мне мячык, як у сяброў. У класе ў нас было каля 20 хлопцаў, з якіх у футбол не гулялі толькі чалавекі два-тры, усе астатнія заўсёды былі не супраць паштурхаць мяч. Палова з гэтых хлопцаў хадзіла на футбольную секцыю ў ДЮСШ да Абзалiмава Валерыя Іванавіча, у пятым класе туды запісаўся і я. Напачатку гуляў за пачаткоўцаў і ў самых слабых камандах, часта на замене, але з часам, палепшыўшы свае гульнявыя якасці, стаў гуляць часцей і лепш. Не ведаю чаму, але да класа восьмага я стаў наведваць заняткі ўсё радзей і радзей, часцей аддаючы перавагу таму, каб паганяць мяч у дварах з хлопцамі. Там я адчуваў сябе адным з лідараў на футбольным полі і гуляў столькі, колькі хацелася. Сам я вырас на вуліцы, дзе не было аднагодкаў, і таму пастаянна блукаў па розных футбольных дварах па ўсім горадзе, заводзячы ўсё новыя і новыя знаёмствы па футболе. Летам заўсёды быў у вёсцы. Там у нас з хлопцамi было сваё футбольнае поле, лавачкі, на варотах сеткі, разметка, вуглавыя сцяжкі, будан. Увогуле, выдатная паляна, на якой мы бавілі шмат часу.

Што тычыцца «Камунальніка», то ўпершыню пабываў на іх гульні ў годзе 98-м, але, скажу шчыра, у той час я не быў моцным прыхільнікам нашай каманды. Я радаваўся перамогам і галам, але глядзець футбол мяне моцна не прыцягвала. Іншая справа — гуляць! У той час мы з басотай хадзілі на матчы ў асноўным з-за бізнесу. Шклотара была асноўным прыбыткам для хлапчукоў таго часу, бо многія жылі, мякка кажучы, не вельмі добра, і на кішэнныя расходы бацькі грошай асабліва не давалі, як цяпер. Таму даводзілася рухацца.

2005 год

Мэтанакіравана хадзіць на футбол я пачаў з 2002 года, не прапускаў амаль ні адной хатняй гульні, збіраў выразкі з газет, ведаў ўсіх гульцоў той каманды, вельмі перажываў за вынікі паядынкаў і марыў, што наш лепшы бамбардзір Георгій Татарашвiлi калі-небудзь вернецца назад у каманду і мы зноў выйдзем у вышэйшую лігу. Георгій вярнуўся праз некалькі гадоў, але гэта быў ужо далёка не той Гога, пастарэлы, які набраў вагу.

У той час, як памятаю, я стаў праяўляць ініцыятыву, і да падтрымкі нашай каманды на гульнях вельмі хацелася намаляваць якія-небудзь плакаты на матч, але прыяцелі з двара чамусьці не падзялялі маіх інтарэсаў.

І вось у 2004 годзе тое, што не атрымалася зрабіць мне, замуцілі газаўскія хлопцы, да якіх у хуткім часе далучыўся і я. З тых часоў і да гэтага дня я ў тэме, падтрымліваю любімую каманду так, як мне падабаецца, часта езджу на выязныя матчы, якіх за гэты час набралася за сотню (дарэчы, за адзін сезон можна наведаць 16-17 выездаў — не больш).

— Многія, хто стаяў на сектары ў дзяцінстве і юнацтве, з часам, становячыся больш дарослымі, сыходзяць з каляфутбольнага руху, табе ж вось-вось будзе 30, у цябе жонка, праца, дзіця. Чаму ты да гэтага часу ў тэме?

— Напэўна, справа ў тым, што я вельмі моцна люблю футбол і не ўяўляю свайго жыцця без яго. Асабістае жыццё не павінна станавіцца перашкодай у падобнай сітуацыі, а наадварот, трэба прывіваць любімы занятак сваім блізкім і праводзіць гэты час усім разам.

2008 год

Вядома, праца часам перашкаджае і не дазваляе вырвацца на матчы, але калі моцна захацець, то патрапіць на любую гульню можна, прыклаўшы крышачку намаганняў. Што да мноства тых людзей, якія прыходзілі на фан-сектар і лічылі сябе нібыта фанатамі, а потым кудысьці падзеліся, дык справа ў тым, што сама гульня і сам футбол іх мала хвалявалі, яны папросту прыходзілі патусіць, правесці прышпільна час. Некаторыя з іх нават правілаў футбольных не ведаюць, не кажучы ўжо пра гісторыю клуба і гульцоў каманды. Былі і талковыя хлопцы, і нямала, але яны чамусьці вырашылі, што фанацкая дзейнасць можа перашкодзіць іх асабістаму жыццю і працы. Вядома, сітуацыі бываюць усякія, але, думаю, гэта не падстава цалкам завязваць з гэтай справай, і, вядома, па магчымасці трэба наведвацца на трыбуну да старых сяброў, дзе бывалым заўсёды рады!

— Шмат яшчэ з табой на сектары такіх жа «алдовых чувакоў», як ты сам, хто з таго самага 2004 года там?

— На жаль, не. Тых хлопцаў, з якімі мы пачыналі рух, засталося ўсяго нічога, і то яны рэдкія госці на сектары. Але калі яны прыходзяць, асабіста мне вельмі прыемна ў тую хвіліну бачыць іх побач. І наогул, з 2000-х мала каго засталося, можна на пальцах адной рукі падлічыць. У асноўным цяпер хлопцы па малодшай ходзяць, але назваць іх пачаткоўцамі нельга, бо некаторыя ў тэме гадоў пяць знаходзяцца, а то і больш. Шмат тых, каго я не ведаю ці ведаю толькі ў твар, не больш. Да такіх людзей, як правіла, у мяне насцярожаныя адносіны. Іх сапраўдныя інтарэсы незразумелыя. Для чаго яны сюды ходзяць? Дзеля каманды або дзеля нейкіх асабістых перакананняў? Невядома. З часам становіцца зразумела, хто і што ўяўляе з сябе, але да гэтага для мяне яны знаходзяцца ў нейтральнай зоне, і асабліва ў кантакт з імі ўступаць не спяшаюся.

2011 год

— Чаму каляфутбольная субкультура ў Слоніме дагэтуль жывая? Ужо няма масавага руху — тых жа металістаў, готаў, рэпераў у класічным разуменні (якія ў шырокіх штанах) няма, а футбольныя фанаты ёсць?

— На мой погляд, гэта трохі розныя полюсы. Справа ў тым, што ўсе гэтыя субкультуры былі модныя ў свой час. Магчыма, і цяпер ёсць людзі , якія жывуць падобным чынам, але, думаю, іх не так шмат. Асновай для іх была музыка і людзі, якія яе выконвалі. З фанатызмам справы ідуць трохі інакш. Музыка тут адыгрывала не ключавую ролю, а пабочную. У нас у краіне фанацкі рух пачаў зараджацца ў канцы 90-х, спачатку ў буйных гарадах, потым паволі дайшло і да правінцыі. Асноўнай масай футбольных сектараў таго часу былі лысагаловыя хлопцы з ультраправымі поглядамі ў бомберах, вайсковых чаравіках. З часам гэтая мода адышла, і ўсе сталі Кэжуалс, прыхільнасцю якіх стала вопратка еўрапейскіх марак. Таксама змянілася і музыка, з цяжкай усе перайшлі спачатку на ска-панк, а потым і зусім на рэп. Фанатызм як бы перарадзiўся, але ніяк не знiк. Гэта ў апошні час ён стаў, шчыра кажучы, не вельмі, але віной таму сталі жорсткія рэпрэсіі з боку сілавых органаў і судовай улады. Людзям літаральна за неістотныя бойкі давалі па 10 гадоў зняволення. Па такім прынцыпе можна перасадзіць палову краіны, зайшоўшы на дыскатэку або ў той жа рэстаран.

Андрэй Панасеня разам са слонімскімі заўзятарамі на выездзе ў Бабруйску

Быў час, калі ў Слоніме рух перажываў не лепшыя гады, але былі і гады, калі фанатызм быў на ўздыме. А ў цэлым ён прыкладна на адным узроўні, пакуль ёсць каманда — будуць і фанаты!

— Якія галоўныя атрыбуты фанацкага руху былі раней і цяпер?

— Зараз у каляфутбольным асяроддзі стаў як бы модны беларускі нацыянальны накірунак. Усё больш і больш людзей праяўляюць цікавасць да роднай мовы, вопраткі з нацыянальнай сімволікай. На сектарах сталі з`яўляцца банэры i гучаць крычалкi на беларускай мове. Не прайшло бокам гэта і Слонім. Хоць раней такога не было, усё больш раўнялiся на Расею, усе крычалкі былі запазычаныя адтуль, нават некаторыя спрабавалі вывешваць імперскія сцягі, што для нашых шыротаў зусім не прымальна.

Канец сезону-2017

Што тычыцца адзення, то моладзь наша больш адукаваная стараецца апранацца па модзе, набываючы вядомыя еўрапейскія брэнды. Як па мне, гэта вялікай ролі не грае, хто што носіць, галоўнае тое, як ты ставішся да справы, а не тое, у што ты апрануты. Так што да пазёраў у мяне негатыўнае стаўленне. Прыходзіць на трыбуну ў пiнжаках ці туфлях не рэкамендаваў бы. (Смяецца.)

— Чаму вашы песні і сімволіка адрасаваныя менавіта ФК «Камунальнік», а не ФК «Слонім-2017»?

— Тут усё проста. Мы тая частка верных заўзятараў, якая вырасла на «Камунальніку», якая пачынала заўзець менавіта за каманду пад гэтай назвай. Але не так даўно каманда аб`ядналася з «Белтрансгазам» у ФК «Слонім», а пасля зусім у «Слонім-2017″… Такое становішча спраў нас зусім не задавальняла, так што мы як хварэлі за «Камуну», так і працягваем хварэць, хоць каманда працягвае выступаць пад іншай назвай. Але верым, што ў светлай будучыні клубу ізноў вернуць гістарычную назву. Таму, як ва ўсім цывілізаваным свеце, усе каманды ўшаноўваюць свае даўнія традыцыі і стараюцца выступаць пад адной сімволікай. Таму што гэта брэнд, а частыя змены назвы ні да чаго добрага не прыводзяць!

2017 год

— Якія планы ў слонімскага фан-сектара на новы сезон?

— Як такіх планаў няма, тут усё проста: наведаць максімум матчаў каманды.

— Колькасць людзей на слонімскім сектары цяпер і, напрыклад, 10 гадоў таму моцна адрозніваецца?

— Асаблівага адрознення не бачу. Што тады хадзіла, што цяпер, проста людзі змяніліся. Раней хлопцы хоць і былі маладыя, але па іх ніколі не пазнаеш, што малалеткі, а цяпер хлопцам як бы па 18-20 гадоў, а на выгляд як школьнікі. Спортам займацца не хочуць, паляць, п`юць, вядома, не ўсе. Асабіста я прыхільнік спартыўнага ладу жыцця. Не палю, а алкаголь, калі і ўжываю, то вельмі рэдка і ў невялікіх колькасцях, каб заўсёды знаходзіцца ў адэкватным стане.

Андрэй Панасеня разам з жонкай (стаіць побач з ім) на выездзе ў Баранавічах

— Апошняе пытанне, ці верыш ты, што слонімскі футбольны клуб калі- небудзь вернецца у вышэйшую лігу?

— Вядома, пра гэта марыць кожны заўзятар у Слоніме, у тым ліку і я. Але трэба быць рэалістам. Каб выйсці ў вышэйшую лігу — патрэбны добрая база і фінансаванне. Мы пакуль да гэтага недацягваем. На дадзены момант хацелася б, каб каманда паказвала добры футбол у першай лізе, а там, глядзіш, можа, што i адбудзецца.

Фота аўтара і з асабістага архіва Андрэя Панасені

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание