
Віктар Новік са Слоніма, электрык КПФ, 52 гады: «І на КПФ справы не вельмі добра ідуць…»
— Падзеяў ніякіх у жыцці не адбывалася. Няма чым пахваліцца. Працую на камвольна-прадзільнай фабрыцы электрыкам. Апошнім часам і на КПФ нашай справы не вельмі добра ідуць, бо, кажуць, няма нармальнага збыту прадукцыі, — распавёў Віктар Эдуардавіч.
Людміла Райко са Слоніма, кухарка духоўнага вучылішча, 59 гадоў: «Жыццё праходзіць бурна»
— Апошнім часам маё жыццё праходзіць бурна. Патрэбна на працу хадзіць, усё там паспяваць рабіць. Таксама патрэбна дапамагаць дзецям гадаваць унукаў, якія, бывае, хварэюць. Дый для сябе імкнуся выкраіць час, каб адпачыць крыху, паляжаць, пачытаць газету. Такое вось маё бурнае жыццё, — зазначыла Людміла Пятроўна.
Соф`я Шчарбакова са Слоніма, пенсіянерка, 76 гадоў: «Унук, як ніхто, падымае нам настрой і тонус жыццёвы…»
— Хварэем мы цяпер з мужам. Ужо другі тыдзень хварэем. Добрага нічога няма. Сядзім у хаце. Калі зусім дрэнна бывае, выклікаю «хуткую дапамогу» — уколы, таблеткі. Лечымся. Муж мой цяпер не выходзіць зусім на вуліцу, нават з сабакам не гуляе. У гэтым годзе яму, колішняму артысту Слонімскага драмтэатра, споўніцца 90 гадоў. У тэатры яго не забываюць, запрашаюць на мерапрыемствы. Галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец нават на сваёй машыне падвозіў нас у тэатр і назад, бо цяжка ўжо хадзіць хворым. Дый жыццё ў мужа было не лёгкім. Адна блакаду ў Ленінградзе перажыць — чаго варта было… А цяпер нам абодвум ногі баляць, хадзіць цяжка. Чакаем вясну. Пацяплее, то і жыццё весялейшае, можа, стане і здароўе наладзіцца. А найбольш чакаем лета. Летам прыедзе ў госці ўнук з Расіі, як вучобу скончыць. Унук, як ніхто, падымае нам настрой і тонус жыццёвы, — прызналася Соф`я Іванаўна.
Ніна Шухно са Слоніма, пенсіянерка, 65 гадоў: «Унучку нядаўна замуж за міліцыянера аддала.»
— Усё ў мяне нармальна. Унучку нядаўна замуж за міліцыянера ў Віцебску аддала. Яна там вучылася, там замуж выйшла, там і засталася. А яшчэ ў мяне ў Віцебску дзве пляменніцы жывуць. То цяпер, калі ехаць у Віцебск да іх у госці, патрэбна не менш як на тыдзень з дому выбірацца, — разважала Ніна Іванаўна.