Наверх
Слоним
ясно
8 °C
Зельва
ясно
8 °C
Волковыск
переменная облачность
9 °C
Мосты
облачно с прояснениями
10 °C
Дятлово
облачно с прояснениями
10 °C
Барановичи
небольшая облачность
8 °C
EUR 3.0029
USD 2.5399
RUB(100) 3.3212
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Сінічка за акном. Аповед ад Леанарды

8 апреля 2018 12:02
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Ужо над зямлёй кружылі белыя сняжынкі, ужо з поўначы павяваў ледзяны вецер, калі Таню Зубовіч паслалі працаваць у аграгарадок Вусцішны. Так ёй не хацелася зрывацца з месца, пакідаць утульную кватэру ў райцэнтры, але загадчык сельгасупраўлення Віктар Акунін вельмі прасіў:
— Таццяна Генрыхаўна, у вас жа ні сям`і, ні дзяцей, то выручце, калі ласка. Як тамашні бухгалтар Дзіна Дабрыян выйдзе з дэкрэтнага водпуску, то вернецеся назад. Да гэтага часу пасада галоўнага бухгалтара ў нас стане вакантнай, то вы яе і зоймеце. Згаджайцеся…
Яна згадзілася, бо і сапраўды была вольная як вецер. Да трыццаці шасці гадоў не выйшла замуж, не нарадзіла дзяцей… А ў сваё жыллё можна і кватарантаў пусціць, усё ж нейкая капейка будзе. Ды і пасаду галоўнага бухгалтара абяцалі…
Аграгарадок Вусцішны знаходзіўся на самым ускрайку раёна, можна сказаць, у глыбінцы. Пры лесе прытуліліся некалькі вуліц, нібыта за дрэвамі схаваліся ад халодных вятроў. Пераважна дамы былі драўляныя, але на адной вуліцы ў роўны радок выстраіліся сучасныя катэджы з усімі зручнасцямі.
Калі выйшла з аўтобуса са сваімі небагатымі пажыткамі, што змясціліся ў адзін чамадан, да яе падскочыў жвавы малады хлопец і хуценька перахапіў той чамадан, панёс да ўазіка, які стаяў непадалёку.
— Старшыня Максім Сяргеевіч загадаў даставіць вас на кватэру, ён там чакае, — сакатаў хлопец з чорнымі кучаравымі валасамі, у якіх заблыталіся сняжынкі. — А я ў яго вадзіцелем працую, можна сказаць, правая рука. Завуць Іван Кузьмянок.
Таня назвала сваё імя, залезла ў машыну і, калі тая пакаціла па ўмерзлай дарозе, міжволі падумала, што яе чакае ў гэтым богам забытым Вусцішным. Сама меней — тры гады ссылкі. Можа, не трэба было згаджацца? Але ж і тут людзі жы­вуць. Вось Іван Кузьмянок — малады, прыгожы, спецыяльнасць мае, а не ўцёк у горад, бо не ўсім шчасце ў тым горадзе…
Пад`язджаючы да невялікай хаты, памаляванай у жоўты колер, як і большасць хат у Вусцішным, Таня заўважыла старшыню.
— Вось тут і спынімся, — сказаў Іван. — Будзеце жыць у бабкі Зосі, з якой Максім Сяргеевіч дамовіўся аб кватэры для вас. Казаў: «Прывозь, няхай адпачне з дарогі, а заўтра ўжо прыйдзе у кантору».
Старшыня стаяў ля варот і, калі яны пад`ехалі, пайшоў насустрач. Быў ён высокі, таўставаты, але рухавы, з прыгожай белазубай усмешкай. Гадоў меў пяцьдзясят, не болей. Яны ўжо сустракаліся, калі той прыязджаў па справах у райсельгасупраўленне.
— У бабкі Зосі не харомы, канешне, але жыць можна, — сказаў, павітаўшыся. — Мы б вам і кватэру асобную не па­шкадавалі, ды цяпер не маем. Можа, прыжывяцеся ў нас назаўсёды, то з часам катэдж выдзелім.
— Думаю, што я тут ненадоўга, — мовіла Таня, бо перспектыва жыць у Вусцішным яе не радавала.
Бабка Зося тупала па хаце, збіраючы на стол пачастункі. Высокая, худая, у цёплым квяцістым халаце і белай хусцінцы. Сустрэла кватарантку з прыязнай усмешкай.
— Праходзь, дачушка, для цябе падрыхтаваны асобны пакой. Я хоць і старая, восемдзесят восем гадоў маю, але парадак люблю.
Старшыня з Іванам паехалі, а бабка, уключыўшы святло, бо за акном ужо пасыпаўся шэры прыцемак, запрасіла Таню за стол.
— Хораша ў вас, — пахваліла дзяўчына, бо неяк адразу адчула сябе па-дамашняму ўтульна. Убачыўшы на сцяне партрэт ужо немаладога прыгожага вайскоўца ў званні палкоўніка, спытала:
— Гэта ваш сваяк?
— Але, самы блізкі, — усміхнулася бабка. — Гэта мой сын Міша. Ён жыве на Далёкім Усходзе. Быў жанаты, але развёўся, бо жонка хацела дзетак, а яны ўсё ніяк не нараджаліся. То кінула майго Мішу і пайшла да другога. Але казаў, што і там маленькіх няма. Не суджана, значыць, ёй стаць мамай. Нічога не зробіш, такое бывае…
Зося расказала, што муж яе памёр даўно і Мішу гадавала адна, а Таня пажалілася, што таксама шчасця не мае. Бацька кінуў сям`ю, калі ёй быў годзік, а маці спілася і памерла, так што расла яна ў дзіцячым доме.
— Бедненькая, я табе вельмі спагадаю, — мовіла бабулька Зося і пагладзіла сваёй маршчыністай рукой Таніну руку. — Будзеш мне за дачушку, бо я таксама адзінокая. Дзе той Далёкі Усход, дзе той сын…
На другі дзень, прыйшоўшы з работы, Таня застала дома чужую жанчыну, якая мыла падлогу.
— Гэта сацыяльная работніца, — патлумачыла бабка. — Прыходзіць два разы ў тыдзень, каб справіцца з хатнімі клопатамі.
— А я тут навошта? Напішыце заяву, што адмаўляецеся ад яе паслуг. Я сама буду ўсё рабіць. Калі не згодзіцеся, то пакрыўджуся.
Зося згадзілася. Жылі яны дружна, не ўсякая мама з дачкой так жы­вуць.
А ў пачатку вясны здарылася бяда: бабка занемагла. Слабасць скавала ўсё цела, і яна не ўставала з пасцелі.
— Дачушка, не трэба маркоціцца, — супакойвала Таню, убачыўшы у яе прыгожых сініх вачах слёзы. — Ад старасці лекаў няма… Прыходзіла фельчарка, дала тут нейкіх таблетак, але толку? Я зранку папрасіла суседку, каб пазваніла сыну. Няхай прыедзе, мо яшчэ жывую застане…
Невысокая спрытная Таня стала ля ложка на калені і прыціснулася шчакой да бабчынай рукі:
— Усё будзе добра, вось пабачыце! Гляньце, на куст язміну за акном села такая прыгожая сінічка… Гэта яна прынесла нам радасную вестку…
— Добра, калі так…
З гэтымі словамі ў бабкі Зосі аднялася мова, а праз суткі яе не стала.
Паслязаўтра, калі старэнькую неслі на могілкі, насустрач пахавальнай працэсіі ішоў бравы вайсковец. Людзі пазналі ў ім Міхаіла.
— Нешта ж Таня не выбіраецца з Зосінай хаты? — сказала аднойчы ў магазіне Люба Забаўчык. — Колькі часу прайшло, а яна ўсё там. І Міхаіл не едзе на службу…
— Дык ён жа вярнуўся назаўсёды. Яны з Таняй заяву ў сельсавет падалі, распісвацца будуць, — паведаміла прадаўшчыца Зіна Купка. — Адсталі вы ад жыцця, бабанькі…

Наш канал в Telegram