
Калі праезд ад лесу больш-менш цярпімы, то супрацьлеглы — не праязны. А як ідуць дажджы, то і першы становіцца амаль такім жа. Людзям там праблематычна не толькі ездзіць, але і хадзіць на працу, а дзецям — у школу.
Жыхары вуліцы па гэтай праблеме напісалі ў райвыканкам зварот і сабралі пад ім подпісы. Райвыканкам (кіраўнік Юрый Валяваты) пераслаў яго сельгаспрадпрыемству «Мастаўчанка», быццам яна ёсць дарожная арганізацыя. Неўзабаве адзін з падпісантаў, Эдуард Кавалевіч, атрымаў адказ за подпісам антыкрызіснага ўпраўляючага Дзмітрыя Булака, датаваны 11 студзеня 2018 года. У ім паведамлялася, што рамонт адбудзецца ў першым квартале гэтага года.
Рамонт адбыўся. Толькі які? Было прывезена дзве машыны гравію ды зроблена падсыпка ў тых месцах, дзе не трэба. Праезды засталіся такімі, якія былі.
Незадоўга да мясцовых выбараў па гэтай вуліцы праехаў старшыня райсавета Валерый Табала, які балатаваўся ў райсавет па гэтай выбарчай акрузе. Тады быў мароз, і адпаведна зямля стала цвёрдай. Адказ яго пра стан дарогі быў такі: «Праехаў я, праедуць і яны».
Нягледзячы на такое некарэктнае стаўленне чыноўніка да людскіх праблем, ён быў абраны дэпутатам райсавета і зноў стаў яго старшынёй.
Непадалёку ад вуліцы Лясной, на вуліцы Школьнай, жыве Людміла Рагацэвіч, якая балатавалася ў Мастоўскі сельскі савет, стала дэпутатам і ўзначаліла яго. Відаць, што праблемы жыхароў суседняй вуліцы яе не хвалююць. Як не хвалюе народных абраннікаў яшчэ адна праблема тых жыхароў. Ужо каторы год тут сапсавана каналізацыя і наваколле «асвяжае» пах чалавечых спаражненняў. Асабліва гэта адчувальна летам.