Наверх
Слоним
облачно с прояснениями
16 °C
Зельва
облачно с прояснениями
16 °C
Волковыск
облачно с прояснениями
16 °C
Мосты
пасмурно
16 °C
Дятлово
пасмурно
16 °C
Барановичи
облачно с прояснениями
15 °C
EUR 3.057
USD 2.6264
RUB(100) 3.3365
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 256,10 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

Мова і Якуб Колас

21 апреля 2018 9:46
Поделиться:
У 1956 годзе народны паэт Якуб Колас, каб абараніць беларускую мову, звярнуўся з пісьмом у вышэйшую партыйную інстанцыю таго часу — у Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі.

Упершыню гэтае пісьмо было надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» (9 лютага 1990 года), а пазней яго змясціла газета «Народная воля» (3 лістапада 2017 года).
Хачу пазнаёміць з ім нашых чытачоў (у скарачэнні). Няхай прачытаюць і зробяць для сябе вывад: ці вырашаны ў нас тыя моўныя праблемы, якія паднімаў мужны пясняр?

З пісьма Коласа ў ЦК КПБ
«Найвялікшым духоўным багаццем народа з`яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў.
Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі — берагчы мову. Вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.
Ці ўсё добра ў нас у гэтых адносінах? Далёка не ўсё. На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур`ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Смешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкай шашы на працягу 30 кіламетраў, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова.
Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжанняў. Няўжо ж навуковая работа, калі яна ўдалая і цікавая, што-небудзь страціць ад таго, што будзе напісана па-беларуску?! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах свету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не ўладаюць мовай. Не, ні­хто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур`ёзных лю­дзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, і ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету.
Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Мова — важнейшы элемент нацыянальнай формы. Не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць аўладаць усімі духоўнымі багаццямі народа.
Беларускую мову можна па­чуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек з яе. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце.
Спевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуару няма. Няпраўда, ёсць і песні, ёсць і танцы, ёсць і творы для чытання. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.
Студыя «Беларусьфільм» здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не з`яўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.

«Найвялікшым духоўным багаццем народа з`яўляецца яго мова.
У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў.

Што ж мы маем у галіне народнай асветы?
У ВНУ, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, што супраць беларускай школы з`яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разабрацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа? Можа, сапраўды наш народ перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая, прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпа­дзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць з маленства. Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць і беларускую школу, і наогул выкладанне ў ёй.


У чым жа прычына сённяшняга становішча з мовай?
У пэўны час — ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? (Паэт нагадвае часы сталінізму. — А.Я.) — вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады — значыла зарабіць ярлык нацыяналіста. Баючыся быць пакаранымі без віны, лю­дзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах…
Не было зроблена ніякіх крокаў, каб паправіць гэты крэн ад сваёй мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў няправільна разумецца як наогул нелюбоў да яе народа, нежаданне ёю карыстацца. З гэтага неразумення і вынікла тое, што ўжыванне беларускай мовы паступова змяншалася. Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэння. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцей, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказвала павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пяройдзе ў вобласць, а затым і ў раён.
Само сабой зразумела, што ніякіх цяжкасцей не складзе і карыстанне мовай у творчых арганізацыях мастакоў, кампазітараў, у тэатрах. Укараненне мовы ў акадэміі зробіць уплыў на ўкараненне яе ў навучальных установах. Выкладанне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй справа не цяжкая. Кадры ёсць, падручнікі ёсць — трэба толькі паваротлівасць міністэрства. Вядома, што колькасць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.
Якуб Колас, 25.05.1956 г.»

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание