
Анатоль Сідарэвіч у Слоніме

Падчас сустрэчы
У нядзелю, 6 траўня, у Слонім з лекцыяй пра стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі завітаў са сталіцы гісторык-навуковец, пісьменнік і палітык Анатоль Сідарэвіч. Лекцыя была прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння БНР.

Прыехалі…
Сустрэчу арганізавала слонімская суполка дэмакратычных сіл і сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі з Мастоў. Сам Анатоль Сідарэвіч — даўні чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада»), уваходзіць у склад яе рэвізійнай камісіі.
На сустрэчу са знаным гісторыкам сабралася поўная зала цікаўных слонімцаў не толькі з ліку грамадскіх актывістаў.
Анатоль Сідарэвіч пачаў сваю лекцыю пра станаўленне новай беларускай дзяржаўнасці, якая вянчалася дэмакратычным абвяшчэнне БНР 25 сакавіка 1918 года, здалёк.
— Словы Беларусь і беларускі да паўстання 1863-1864 гадоў мелі выключна этнаграфічны сэнс. Толькі ў 1864 годзе выдавец і аўтар «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі ўпершыню ўводзіць іх у палітычную катэгорыю, праз 20 гадоў пасля павешання Каліноўскага гэтымі паняццямі ў палітычным значэнні апелююць выдаўцы часопіса «Гоман», а яшчэ праз 20 — першыя сацыял-дэмакраты, якія ўрэшце і прывядуць беларусаў праз культурніцкую, выдавецкую і палітычную дзейнасць да Усебеларускага народнага сходу ў 1918 годзе, на якім будзе абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, — эмацыйна расказваў Анатоль Сідарэвіч гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя, раз за разам адхіляючыся ад тэмы лекцыі.

Думна
«Калі з`явіўся бел-чырвона-белы сцяг? З якой гаворкі ўтварылася беларуская мова? Адкуль у Беларусі ўзяліся стараабрадцы? Чаму БНР не падтрымалі шырока багатыя жыхары краю?» — гэтыя і шмат іншых пытанняў слонімцаў раз-пораз адводзілі лектара ў бок ад асноўнай тэмы. Анатоль Сідарэвіч стараўся па магчымасці адказваць на ўсе пытанні сваіх цікаўных слухачоў, хоць час сустрэчы быў абмежаваны.

Іван Бедка Віктар Марчык і Павел Севасцьян
— На момант пачатку Першай сусветнай вайны найбуйнейшымі землеўладальнікамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі палякі альбо габрэі.
Паміж панскім маёнткам і сялянскай хатай была прорва. Ідэя беларускай дзяржаўнасці была чужой, непрымальнай для чужародных паноў, якім належалі асноўныя беларускія землі ў гэтым сялянскім краі… Таму і не падтрымалі грашыма, — адказаў Анатоль Сідарэвіч на пытанне пра адсутнасць фінансавай падтрымкі БНР буйным капіталам.

Міхаіл Сашко і Алесь Масюк
Пытанняў да госця ў слонімцаў было больш, чым у яго часу на іх адказы.

Сумна не было
— Гэта добра, што я арыентуюся не толькі ў заяўленай тэме. У вашым Слоніме прагучала столькі пытанняў не па тэме дый проста наіўных, што непадрыхтаванаму вузкаму спецыялісту не проста было б на іх адказваць… У Баранавічах, дзе я выступаў напярэдадні, так далёка ад тэмы людзі не адыходзілі, — прызнаўся Анатоль Міхайлавіч у машыне па дарозе на вакзал.
Вось і думай, ці то пахваліў Сідарэвіч слонімцаў за цікаўнасць, ці штосьці іншае меў на ўвазе. Але адно дакладна — сумна на гэтай сустрэчы нікому не было.

Павел Севасцьян і Язэп Палубятка спяшаюцца заняць месцы ў зале
Фота аўтара