Наверх
Слоним
переменная облачность
17 °C
Зельва
переменная облачность
17 °C
Волковыск
небольшая облачность
16 °C
Мосты
ясно
16 °C
Дятлово
ясно
16 °C
Барановичи
переменная облачность
17 °C
EUR 2.6623
USD 2.5315
RUB(100) 4.7265
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 400 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 273,27 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 41 руб.
Базовая величина: 32 руб.
Ставка рефинансирования: 8,5%

«Хто ўцякаў — ніхто не ўцёк»: 75 гадоў аперацыі «Гамбург»

28 мая 2018 13:43
Поделиться:
75 гадоў таму немцы правялі «адну з найбольш паспяховых аперацый» у Беларусі.

Менавіта так паліцыя характарызавала аперацыю «Гамбург» на Слонімшчыне, у час якой было знішчана 1676 партызан, 1510 спачуваючых ім мірных жыхароў, а таксама 2658 яўрэяў і цыган, якія хаваліся ў вёсках ад акупацыйных улад. Згодна з адкрытымі архіўнымі дакументамі, акрамя нямецкіх падраздзяленняў, у яе ажыццяўленні ўдзельнічалі 15-ы літоўскі, 115-ы ўкраінскі і 271-ы латвійскі паліцэйскія батальёны. Таму нездарма сведкі ўзгадвалі і «рускі мат», і рускую мову з вуснаў удзельнікаў тых злачынстваў, у той час як немцы і іх бліжэйшыя паслугачы карысталіся польскай.
За месяц да ажыццяўлення аперацыі, 11 лістапада 1942 года, камандаванне Вермахта выдала сакрэтную «Інструкцыю пра абыходжанне з бандытамі і іх памочнікамі». Згодна з ёй, «сама жорсткасць мер і страх перад пакараннем павінны ўтрымаць насельніцтва ад дапамогі і са­дзейнічання бандам». У дадатак кіраўнік генштаба нямецкай арміі Вільгельм Кейтэль падпісаў загад, згодна з якім «гэтая барацьба не мае больш нічога агульнага з салдацкім рыцарствам або палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі… Таму войскі правамоцныя і абавязаныя без усякіх абмежаванняў выкарыстаць у гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта прынесла поспех». З нямецкіх салдат здымалася ўсялякая адказнасць за дзеянні ў адносінах мірнага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях.
Аператыўны загад аб правядзенні аперацыі «Гамбург» 7 снежня 1942 года выдаў начальнік СС і паліцыі Беларусі Готтберг, які, акрамя абраных для знішчэння партызанскіх лагераў, пазначыў «вёскі, прыязна настроеныя да бандытаў»: «Разведчыкі называюць наступныя вёскі, жыхары якіх асабліва добразычліва адносяцца да бандытаў: Васілевічы, Парэчча, Задвор`е, Ферадкі, Камлявічы, Паўлавічы, Ніз». Да таго ж акупанты праявілі ініцыятыву, знішчыўшы ў дадатак насельніцтва вёсак Гарадкі, Баравікі, Акунінава, Вялікая Воля. Пасля вайны большасць з іх так і не здолела аднавіцца. Цяпер жа іх, за выключэннем Васілевічаў і Парэчча, насяляюць рэдкія жыхары.
Аперацыі «Гамбург» прысвечаны цэлы раздзел кнігі «Я з вогненнай вёскі…», напісанай на падставе размоў з жывымі сведкамі той бесчалавечнай акцыі Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам яшчэ ў 1975 годзе. Пераважная колькасць носьбітаў тых успамінаў ужо сышла, а для цяперашняга пакалення беларусаў, на жаль, яны засталіся непатрэбныя.
У снежні 1942 года нямецкія сілы, аб`яднаныя ў баявую групу Готтберга, прыступілі да рэалізацыі аперацыі «Гамбург» з мэтаю ліквідацыі васьмі партызанскіх лагераў, размешчаных у Ліпічанскай пушчы на правым беразе ракі Шчары. Дзякуючы дзейнасці разведчыкаў, у тым ліку з саміх партызан, немцы мелі дакладную інфармацыю пра знаходжанне тых, каго яны называлі «бандытамі», і нават іх камандзіраў — палкоўніка Барысава, Булака і Максіма.
Колькасць партызан — амаль 3000 чалавек — была завышаная ў некалькі разоў. Гэта рабілася спецыяльна і ў выніку дазволіла немцам накіраваць для аперацыі 7 батальёнаў і яшчэ некалькі рот — у агульнай колькасці 3500-3800 чалавек пры падтрымцы артылерыі і бронетранспарцёраў.
Што было рабіць з імі, калі высветлілася: маштаб партызанскага руху на Слонімшчыне значна меншы, чым паведамляла разведка? Менавіта тады аперацыя «Гамбург» ператварылася ў карную. Напрыклад, у вёсцы Вялікая Воля засталося толькі 9 з 286 жыхароў. Людзей расстрэльвалі з кулямётаў. Іван Іосіфавіч Павачка ўспамінаў: «Першая кулямётная чарга прайшла па галовах ляжачых. Быў смяротна паранены мой сын Міхаіл, а мне куля на левай руцэ адарвала сярэдні палец, а безыменны і мезенец раздрабіла. Мой сын паспеў яшчэ сказаць: «Тата, мне баліць»,— і памёр».
Нямецкія падраздзяленні ўваходзілі ў вёскі, на падставе арганізацыі сходаў або праверкі пашпартоў збіралі ў адным месцы насельніцтва. Пры гэтым выкананне расстрэлаў адбывалася па-рознаму. Напрыклад,у вёсцы Гарадкі экзекуцыя пачалася пасля польскага слова-сігналу «бэндон», пра што ўспамінаў Пётр Іосіфавіч Саўчыц: «Немец хутка адступіў назад два крокі, а салдаты пачалі біць па ўсіх — і па людзях, і па солтысу. У немцаў так было дамоўлена паміж сабой».

Наш канал в Telegram