Слоним
weather
24
Зельва
weather
24
Волковыск
weather
23
Мосты
weather
23
Дятлово
weather
23
Барановичи
weather
20
EUR 2.3327
USD 2.0152
RUB(100) 3.1437
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

На жыццёвых скрыжаваннях: Здарэнне ў Лагунцах

2 июня 2018 9:31
160
Поделиться:

Малюнак Яўгена Іванова

Гарачай ліпеньскай раніцай у сельсавет пазванілі з раённай бальніцы і паведамілі, што памёр Сымон Коўшык — адзінокі апоек шасцідзесяці трох гадоў.

— Трэба сказаць яго стрыечнай сястры Вандзе Яновіч, можа, зго­дзіцца пахаваць, а не то нам прыйдзецца, — разважыў старшыня сельсавета Пятрусь Вакульчык.

— Ага, Ванда жанчына прыстойная, набожная, не дапусціць, каб брата хавалі чужыя людзі, — зга­дзілася сакратарка Вера. — Можа, нават са сваёй хаты выправіць у апошні шлях, бо ў ягонай такі вэрхал, што не пераступіць. Я неяк заходзіла, даведку яму насіла. Вядома ж, апойкі там атабарыліся, пенсію ягоную прапіваюць.

Ванда пагаласіла па брату-недарэку і пабегла да суседкі Сабіны Купрык за парадай:

— Грошай у яго ні капейкі, мая ж ты галубка. Усё прапіваў як ёсць. Я іншы раз і прадукты купляла, якую апранатку. І ў мяне лішніх няма, у банку ляжаць толькі тыя, што сабе на смерць назбірала. Тых не крану, бо хто ведае, можа, хутка і мяне Бог да сябе пакліча, гады ж ужо немаладыя.

— А пахавальныя на яго? Павінны ж даць пахавальныя.

— Калі аб гэтым клапаціцца? На дварэ такая гарачыня, каб хоць ноч пераначаваў у хаце ды на могілкі. Трэба спяшацца як мага. Потым атрымаю тыя пахавальныя.

— Хату яшчэ трэба адкашарыць. Хоць людзей наймай.

— Хто яе будзе кашарыць, галубка? У сваю прывязу з морга. Але як забраць? І адзенне, і абутак, і труну трэба купіць, а грошай ні капейкі. Ой, я здурнею!

— Не бядуй, я табе пазычу, на новы тэлевізар сыну назбірала. Атрымаеш пахавальныя, то аддасі.

— Век табе буду ўдзячна, мілая суседачка!

Спачатку Ванда па сельсавецкім тэлефоне абзваніла радню: маўляў, прыязджайце развітацца з братам, бо які б ні быў, а ўсё ж родная кроў, не чужынец. Потым выпісала ў калгасе грузавік, і, папрасіўшы двух суседзяў, якія таксама былі на пенсіі, паехалі ў райцэнтр па нябожчыка. Спачатку купілі ўсё патрэбнае, каб забраць яго, а потым спыніліся ля рытуальнага магазіна, і кабета прыдбала вялікі вянок са штучных кветак.

— Няхай усё будзе як у людзей, мой ты браток, — шаптала скрозь слёзы. — Жыў абы-як, то хоць пахаваю дастойна…

Прыехаўшы, мужчыны паставілі на табурэткі труну і пайшлі, а Ванда насыпала ў шклянку жыта, уваткнула ў яго грамнічную свечку.

— Ну вось, усё хорашанька зрабіла, усё як належыць, так што крыўдзіцца на мяне не будзеш, браток.

Потым дастала з сумкі кашалёк з грашамі, палічыла:

— Хопіць і за рытуальную машыну заплаціць, бо заўтра хлопцы прыедуць у вызначаны час, і з бацюшкам разлічыцца. У царкву трэба цябе завезці, не хаваць жа нібы якога нехрысця. Бацькі твае набожныя былі, не тое што ты, недавярак, апоек няшчасны, — размаўляла з нябожчыкам, нібы ён мог пачуць. Потым спахапілася, што ўжо і дакараць яго пачала, папракаць, як гэта часта здаралася, калі піў і назаляў на душу.

Машынальна паклала кашалёк на стол пры свечцы, а сама пайшла ўпраўляцца па гаспадарцы. Якая там надта гаспадарка, куры ды каза, але ж і яны патрабуюць клопату. Сыпнула курам, узяла дайнічку ды пайшла ў хлеў даіць казу.

У гэты час мясцовыя апойкі Віцька Агнік і Дзяніс Капытка даведаліся, што іхняга сабутэльніка Сымона прывезлі з морга і паставілі труну ў сестрыной хаце.
— Пайшлі развітаемся са старым, бо пілі ж за яго пенсію, сваю толькі праз тры гады атрымаем, — сказаў Віцька.

— Ты праз тры, а я праз пяць, — удакладніў Дзяніс. — Каб якіх кветак…

— Не выдумвай, дзе тых кветак узяць? Не на выгане ж нарваць. І так добра будзе.

Яны былі цвярозыя, бо спонсар памёр, а больш не ведалі, дзе ўзяць грошай на выпіўку. Нясмела пераступілі парог і, глянуўшы на сабутэльніка, ажно вачам не паверылі:
— Ляжыць нібы які алігарх! Прыбраны, нават пад гальштукам! — з захапленнем мовіў Віцька.

— Не туды глядзіш… — шапнуў Дзяніс і кіўнуў на стол, на пухнаты чорны кашалёк.

— Ну і што?

— А тое. Трэба прыватызаваць ды зматвацца, пакуль гаспадыня ў хату не прыйшла. Я чуў, яна ў хляве.

— Я не буду… Не магу…

— Без цябе спраўлюся, — Дзяніс падышоў да стала і схапіў кашалёк. І якраз у гэты час Ванда затупала ў сенях. Злодзей са страху ўсунуў кашалёк нябожчыку пад падушку.

— Во, хлопчыкі, малайцы, што прыйшлі развітацца з Сымонкам. Вы ж сябравалі, вадой было не разліць, — заплакала Ванда. І тут парог пераступілі дзве стрыечныя сястры нябожчыка з суседніх Буркоў. Нахіліліся над Сымонам, загаласілі-заплакалі. А потым яшчэ людзі падышлі. Словам, колькі ні сядзелі апойкі з надзеяй дастаць запаветны кашалёк, нічога не атрымалася. Усталі і пайшлі.

Сёстры, ды і ўсе сваякі ды вяскоўцы, хто прыйшоў на пахаванне, прынеслі Вандзе грошы, так што пра кашалёк яна нават не ўспомніла.
Назаўтра, як прыехала рытуальная машына, нябожчыка панеслі на вуліцу. Неяк няўдала павярнулі труну, і з-пад падушкі выехаў чорны кашалёк.

— О, і грошы з сабой прыхапіў Сымонка! — мовіў дзед Антось Кубар. — Дарэмна, там магазінаў з гарэлкай няма…

Не толькі Ванда, але і ўсе навокал былі вельмі здзіўлены, як і дзеля чаго кашалёк апынуўся ў нябожчыка пад падушкай?
А сябрукі ягоныя на пахаванне не прыйшлі. Баяліся. Відаць, на донцы душы яшчэ засталася кропелька сумлення…

Scroll Up