
Ігар Гайдук
— Калгасныя каровы з коласаўскай фермы рэгулярна пасуцца ў нашым аўсе. З`елі яго ўжо цалкам. А паколькі па правілах севазвароту бульбу мы пасадзілі паміж аўсамі, то калгасная скаціна з аднаго аўса на другі пераходзіць праз бульбяное поле. Так каровы патапталі, а дзе і паелі бульбу. Мы звярнуліся ў міліцыю. Міліцыя прыязджала са Слоніма тры разы: 14, 16 і 17 чэрвеня. Склалі тры пратаколы… — расказаў пра сваю сітуацыю ў рэдакцыі «ГС» адзін з арандатараў, Ігар Гайдук, 20 чэрвеня.
У той жа дзень карэспандэнт «ГС» звязаўся па тэлефоне з упраўляючай справамі Новадзявяткавіцкага сельскага выканкама Жаннай Шыпуль і пацікавіўся, як сельсавет можа дапамагчы арандатарам у такой сітуацыі.
— Ліст са Слонімскага РАУС мы атрымалі толькі ўчора, 19 чэрвеня. Накіруем яго у РУСП «Новадзявяткавічы». Там павінны прымаць нейкія захады па вырашэнні гэтай праблемы…. — пракаментавала тады сітуацыю Жанна Якаўлеўна. У той жа вечар гэта гісторыя была апублікавана на нашым сайце gs.by.
Ці мела нейкія практычныя вынікі для Віктара Крыштопчыка і Ігара Гайдука абнародаванне іх праблемы, аўтар гэтых радкоў пацікавіўся ў Гайдука 22 чэрвеня.
— Ноччу 21 чэрвеня саўгасных кароў упершыню не было на нашым полі. Справа зрушылася. Сёння я быў у сельсавеце і там сказалі, што яны пакуль атрымалі з міліцыі матэрыялы толькі па адным пратаколе. Калі прыйдуць паперы яшчэ па двух пратаколах, то сельсавет падрыхтуе і накіруе ў адміністрацыйную камісію райвыканкама дакументы аб устанаўленні і спагнанні шкоды з РУСП «Новадзявяткавічы» за патраву нашых пасеваў, — расказаў Ігар Іванавіч.
— Гэтая справа не хуткая. Дый не факт, што калі адміністрацыйная камісія райвыканкама вынесе пастанову ў адрас РУСП «Новадзявяткавічы» заплаціць вам за з`едзены іх каровамі авёс, саўгас-банкрут адразу і заплаціць?
— Ёсць яшчэ суд. Далей паглядзім, як нам дзейнічаць. Галоўнае, што ўлады заварушыліся. І кіраўнік гаспадаркі даў указанне, каб глядзелі за каровамі, не пускалі ў патраву. Так што ёсць яшчэ ў нас спадзяванне, што, можа, хоць бульба вырасце.
— А авёс сапраўды ўвесь цалкам з`елі каровы?
— Абсалютна. Чыстае поле засталося.
— Ігар Іванавіч, як самі лічыце, чаму ўсё ж так сталася, што работнікі фермы дапусцілі саўгасных кароў на вашы палеткі?
— Адназначна не скажаш. Магчыма, чалавечая зайздрасць. У саўгасе ўсё дрэнна, а вы тут, маўляў, такія разумныя знайшліся, зямлю ў арэнду ўзялі і на сябе працуеце… Не ведаю.
Перепечатка материалов GS.BY возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь