Наверх
Слоним
ясно
8 °C
Зельва
ясно
8 °C
Волковыск
ясно
8 °C
Мосты
ясно
8 °C
Дятлово
ясно
8 °C
Барановичи
ясно
8 °C
EUR 2.7943
USD 2.5846
RUB(100) 3.3569
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 375 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 239,87 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 27 руб.
Ставка рефинансирования: 8,75%

На жыццёвых скрыжаваннях. Што пасееш…

30 июня 2018 18:56
Поделиться:
Чарговую жыццёвую гісторыю паведаміла журналістка з Дзятлава Леанарда Юргілевіч.

Малюнак слонімскага мастака Яўгена Іванова

Калі па вёсцы Андолі пайшла навіна, што будзе жаніцца Ігнат Карольчык, суседка Хрысціна Шамянок сказала бабам у магазіне:

— Бедная дзеўка, трапіць нібы ў нерат — ні ўзад ні ўперад. Ігнат-то добры хлопец, памяркоўны, працавіты. І бацька яго Сцяпан такі ж. Затое маці Алена… Не дай Бог з ёй па суседстве жыць, не тое што ў адной хаце! За ўсё-ўсякае поедам есць і мужа, і сына. Дачка Рыта замуж пайшла ў другі раён, яе не дастане, а то хапіла б і дачцэ, і зяцю.
— Ого, зяць ёй спуску не дасць! — умяшалася ў размову прадаўшчыца Каця. — Жалілася тут аднойчы, што не слухаецца, усё робіць па-свойму. Ездзіла ж да іх у госці, то праз тыдзень вярнулася.
— Ну, тая дзяўчына, што за Ігната замуж сабралася, з далёкай вёскі, не ведае, які ў будучай свякроўкі паганы характар, а так, можа, і не пайшла б, — выказала сумненне Ванда Буранок.
— Пайшла б, мая ты кветачка, — запэўніла Хрысціна. — Ёй, кажуць, за трыццаць пераваліла, тут за каго заўгодна пойдзеш. Ды і данеслі, напэўна, пра сям`ю Карольчыкаў. На свеце шмат добрых людзей.
Ніхто не сумняваўся, што такім добрым чалавекам была сама Хрысціна, бо яе сын Віцька пазалетась пайшоў у прымы ў тую вёску, дзе жыла будучая жонка Ігната Тоня.
З самых першых дзён пасля вяселля Алена, так бы мовіць, ўзялася за перавыхаванне Тоні, хоць маладзіца была і працавітая, і ўмелая. Ды хіба такой свякроўцы дагодзіш?
— Ты як сарочкі мыеш, га?! — стаяла яна ля балеі і каршуном накінулася на бедную нявестку. — А палошчаш як, каб цябе вадой выпаласкала з маёй хаты, каб ты прапала пропадам, няўмека!
Тоня паласкала сарочкі вадой, у якую градам каціліся слёзы.
— Чаго ты да яе чапляешся як кароста?! Чаго бузуеш усякі раз?! І тое табе не так, і гэта не гэдак! — заступаўся свёкар. — Нас з Ігнатам загнэмбіла, а цяпер і за Тоню ўзялася.
— Заглухні! Усе вы аднаго поля ягады, усе недарэкі бязрукія! Вучыць вас трэба і перавучваць!
Ігнат ніколі не заступіўся за жонку, бо ведаў, што карысці не будзе. Маўчала і Тоня. На гэта была важкая прычына: яна насіла дзіця.
— Цярпі, дачушка, — казала ёй на скаргі мама. — Як народзіцца маленькае, то свякроўка паможа гадаваць. Усё ж родная кроў, шкадаваць будзе ўнучаня.
Алеську, якая нарадзілася пасля Пакроваў, старая любіла. Пусціла ў сваю душу і блізнятак Ваню і Пецю, што з`явіліся на свет праз паўтара года. Але да нявесткі па-ранейшаму літасці не мела, між іншым, як і да іншых сямейнікаў.

Аднойчы за вячэрай Ігнат сказаў:
— Нам з Тоняй калгас можа даць асобны дом, з тых, што пабудавалі на цэнтральнай сядзібе. Старшыня сам прапанаваў, маўляў, ты лепшы трактарыст у гаспадарцы, табе і ключы.
Тоня ажно пасвятлела ў твары, на ім упершыню за доўгі час з`явілася ўсмешка.
— Згаджайся, Ігнатка! Свой дом — гэта шчасце!
— А як з дзецьмі будзеце спраўляцца? — астудзіў іхні запал свёкар. — Тут і маці паможа, і я іншым часам.
— Мо, думаеце, што я туды буду бегаць? — злосна мовіла свякроўка. — То не дачакаецеся. Гэта па-першае. А па-другое, я старэю, спіна пачала балець, з гаспадаркай адной упраўляцца цяжка. Так што нават і не рыпайцеся!
Алеська, Ваня і Пеця пайшлі ў школу ў адзін год. Бацькі захацелі, каб разам. І з падручнікамі лягчэй, і з урокамі.
Ігнат працаваў на трактары, Тоня ў калгаснай канторы. Некалі яна прыйшла замуж квітнеючай ружай, а за няпоўных дзесяць гадоў, што пражыла са свякроўкай, ператварыла ў худую зняможаную кабету.
— Давай адпор старой, — параіла аднойчы каляжанка Ліда, бо адносіны ў сям`і Карольчыкаў не былі сакрэтам ні для каго ў ваколіцы. — Дзеці падраслі, можаш аддаць у групу падоўжанага дня, вечарам пасля работы забіраць. У яе дапамозе ўжо няма патрэбы… Жывеш як пад гнётам, не раўнуючы нібы ў якім канцлагеры.
Аднойчы вечарам свякроўка накінулася на Тоню за тое, што не так паставіла вядро на кухні. Гэта было звычайнай з`явай, бо не гарланіла яна толькі тады, як спала, і прычын для прыдзірак знаходзіла мноства.
— А табе ўсё не падабаецца! Не так паставіла, не так паклала! Хопіць, папіла ты маёй крыві за столькі гадоў, больш не будзеш! — крыкнула Тоня. — Не так паставіла, то папраў!
У Алены заняло дух. Яна і ў страшным сне не магла ўбачыць, што нявестка адважыцца пярэчыць. Ды яшчэ гэдак рэзка і нечакана.
— Асмялела… — толькі і змагла выдыхнуць.
— А ты як думала? Век будзеш нас грызці? — Ігнат заступіўся за жонку.
Сцяпан задаволена пасміхаўся:
— Так табе і трэба, старая! Хутка мы ўсе вызвалімся ад твайго прыгнёту.
— Асабліва ты… — буркнула жонка, маючы на ўвазе тое, што муж заляцаецца да ўдавы Настассі.
— Асабліва я! Заўтра ж збяру свае рэчы і перайду жыць да другой кабеты, ты нават здагадваешся да якой. А вы, дзеці, пераязджайце ў катэдж на цэнтральнай сядзібе. Годзе тут марнець. Там і школа блізка, Алеська ды хлопчыкі пасля ўрокаў змогуць хадзіць у розныя гурткі. І наогул вам будзе цікавей і весялей.
На згон зімы Ігнатава сям`я справіла наваселле. Было шмат гасцей, толькі Алена не прыйшла, хоць яе і запрашалі.
— Цяжка мне, Хрысціна, ой цяжка, з якога боку ні вазьмі… — жалілася яна суседцы. — Адзінота загрызае…
— А што ты думала? Што пасееш, тое і пажнеш. Так у народзе кажуць. Ідзі да дзяцей, папрасі прабачэння, то возьмуць у сваю сям`ю, бо яны добрыя, спагадлівыя. Толькі адразу як пераступіш парог іхняга дома — рот на замок! Хопіць ужо, накамандавалася, камандзірка такая…

Наш канал в Telegram
Читайте также
Обратите внимание