Наверх
Слоним
weather
0
Зельва
weather
0
Волковыск
weather
4
Мосты
weather
4
Дятлово
weather
4
Барановичи
weather
3
EUR 2.4432
USD 2.1666
RUB(100) 3.2497
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 330 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 214,21 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 35,5 руб.
Базовая величина: 25,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10%

Імгненні лета-2018

26 августа 2018 12:00
223
Поделиться:

У Востраве з юбіляркай

Мінаецца хутка ўсё. Час няспынны, а з яго імгненняў складаецца наша жыццё. Адны такія імгненні хутка забываюцца, іншыя помняцца доўга, некаторыя застаюцца ў памяці назаўсёды. Сёння прапаную вашай увазе замалёўкі з нашага тутэйшага жыцця, якія падаліся найбольш яркімі сярод імгненняў адыходзячага лета.

Юбілей

На сваё 80-годдзе маці папрасіла зрабіць ёй падарунак — разам сабрацца ў Востраве сем`ямі дзяцей, унукаў і праўнукаў. Юбілей у маці быў у траўні. Сабрацца спачатку вырашылі ў чэрвені. Два разы мянялі дату. Нарэшце нядзеля, 15 ліпеня, падышла для ўсіх. Сабраліся. Усіх разам апынулася 17 чалавек. Накрылі святочны стол. Гучалі шматлікія віншаванні і тосты. Потым грала музыка. Мы танцавалі, размаўлялі, весяліліся, фатаграфаваліся. Асабліва старалася моладзь.

Маці ў хаце і на надворку сядзела падчас гулянкі на сваёй табурэтцы, як каралева на троне. Дзень хутка перайшоў у вечар. Нам патрэбна было развітвацца ды вяртацца дамоў.

— Вось сёння я бачу — не дарэмна пражыла жыццё. Паглядзіце, якая ў мяне вялікая сям`я, і ўсе прыехалі павіншаваць, падарункаў надарылі, добрых слоў нагаварылі. І вам, мае дзеці і ўнукі, я жадаю быць такімі ж багатымі і шчаслівымі ў вашы 80 гадоў, як я сёння, — пажадала нам маці на развітанне.

«Багатымі і шчаслівымі…» — шаптаў мне матчынымі словамі асфальт пад коламі швагравай машыны па дарозе ў Слонім.

Зальвянка

За Востравам, Старой Перавалокай, Засімавічамі, Смаўжамі і Вялікім Балотам на Слонімшчыне цячэ рака майго дзяцінства Зальвянка. Там бацька навучыў мяне вудзіць рыбу. На Зальвянцы мы з Валерыкам Скуратом у дзяцінстве дваіх налоўлівалі рукамі цэлае вядро ракаў, тут жа на беразе варылі іх на вогнішчы і потым паціху з`ядалі. На Вялікім Балоце часам калгас выдзяляў вяскоўцам дзялкі сена. Іх касілі, траву сушылі, а потым везлі сена трактарамі, машынамі і коньмі праз Смаўжы ці Кракоцкі лес дамоў у Вострава. Праехаць на прычэпе з утрамбаваным і ўвязаным вяроўкамі і драўляным рублём сенам для нас, дзяцей, было за шчасце. Тыя шчаслівыя імгненні я помню і цяпер. Вялікае Балота забяспечвала мясцовых сялян сенам, а Зальвянка рыбай. Але ўсё цячэ і ўсё змяняецца. І не заўсёды ў лепшы бок.

Так здарылася, што ў Вялікім Балоце і на Зальвянцы апошні раз я быў больш як 15 гадоў назад. Тады мы ў жніўні даехалі да самай рэчкі на старым савецкім «Масквічы». І вось сёлета ў ліпені я на ровары паехаў раніцай парыбачыць на раку свайго дзяцінства.

За гэты час наш мясцовы калгас «Рассвет» далучылі да калгаса «Міжэвічы» — цяперашняе КСУП «Міжэвічы». Але сёлета Вялікае Балота (як і землі каля вёскі Лапухова) перадалі ўжо калгасу ім Дзяржынскага. Але вернемся да майго роварнага падарожжа на Зальвянку.

Рака Зальвянка

Мінуўшы Смаўжы, я паехаў палявой дарогай да лесу і далей праз лес — да Вялікага Балота. У лесе пясчаная дарога некалькі разоў прымусіла спешыцца, хоць шлях і ляжаў з гары. Адзін раз прыйшлося прадзірацца з роварам праз прыдарожны хвойнік, бо дарогу перагарадзіла вывернутая з коранем сасна. Было бачна, што па гэтай дарозе даўно ўжо ніхто не ездзіў, а тутэйшы лес зусім не чысцяць ад вываратняў і буралому. Але самы цяжкі адрэзак шляху чакаў, калі я выехаў з лесу на балота. Цэнтральную арашальную канаву, пры якой раней заўсёды была добра выезджаная дарога да самай рэчкі, сёлета наогул ніхто не касіў і не чысціў. Колішняя дарога пры ёй зарасла не на шмат менш, як і ўсё Вялікае Балота. Калі б траву, якая там буяе, скасіць ды закласці ў сіласныя ямы, то, напэўна, усю зіму можна было б карміць ёй скаціну на міжэвіцкім жывёлагадоўчым комплексе. Але Вялікае Балота ўжо не належыць міжэвіцкай гаспадарцы, а новыя гаспадары туды, відаць, таксама яшчэ не даехалі.

Рухацца на ровары па траве амаль у пояс было цяжка, таму часта злазіў і вёў ровар у руках. Раней шлях ад лесу да рэчкі здаваўся такім блізкім, але гэтым разам ён здоўжыўся як ніколі. Наскрозь прапацелае адзенне ліпла да цела, прыцягваючы сваім пахам аваднёў. Я то ішоў, то спрабаваў ехаць, а рэчкі ўсё не было. Візуальна ж сцяна прыбярэжнага трыснягу здавалася блізкай, а жаданне хутчэй убачыць раку свайго дзяцінства ўпарта гнала мяне наперад. Да самай рэчкі дайшоў з роварам у руках ужо па вадзе, асцерагаючыся набраць вады ў боты праз халявы — Зальвянка выйшла з берагоў і разлілася па прыбярэжных трыснягах і зарасніку кустоўя так, што цяжка дайсці да адкрытай вады, каб закінуць вуду. Прычына такога паўнаводдзя пасярод сухога лета — міні-электрастанцыя, якую пабудавалі на рэчцы вышэй па цячэнні гадоў каля пяці, напэўна, назад. Калі на станцыі працуюць дзве турбіны, як цяпер, то рэчка выходзіць з берагоў, а бывае, станцыя скідае ваду і тады рэчка мялее, расказвалі мне раней мясцовыя рыбакі. Але гэтай раніцай з рыбакоў, як вокам акінуць, на Зальвянцы быў толькі я адзін. А рыбы, як і вады, была поўная рэчка. І лавілася яна добра. І добрая. Тры плоткі — і поўная патэльня. Ды разам з тым запусценне і адчуванне закінутасці гэтага месца (быццам патрапіў у нейкія беларускія джунглі) з адначасовым сумам па той іншай, выкашанай і абтаптанай людзьмі па яе берагах рацэ дзяцінства, не прынеслі чаканай радасці ад рыбалкі. Вяртаўся я з Зальвянкі, як калісьці ў дзяцінстве з бацькам, з добрым уловам, хоць і дрэннай цяпер дарогай. Ды ў галаве свярбела адна думка: калі я выберуся туды наступны раз і ці выберуся наогул?.. Да рэчкі цяпер лепш за ўсё ехаць на трактары ці якім магутным джыпе, але такой тэхнікі я не маю.
Што да ракаў, то з-за перападу ўзроўню вады ў нашай Зальвянцы яны больш не водзяцца.

Фота з архіва аўтара

Комментарии