Слоним
weather
7
Зельва
weather
7
Волковыск
weather
10
Мосты
weather
10
Дятлово
weather
10
Барановичи
weather
24
EUR 2.45
USD 2.0788
RUB(100) 3.1389
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

На жыццёвых скрыжаваннях: Кастусёва любоў

2 сентября 2018 13:34
165
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Назапасіўшы на зіму варэнняў ды саленняў, Антаніна Сувойка вырашыла з`ездзіць у родную вёску Міхайлаўку да стрыечнай сястры Ванды. Прынамсі, вёскі ўжо не было, дакладней, людзей не было. Адна Ванда і засталася, бо на згон зімы памёр яе Кастусь. І то сказаць, абое пражылі нямала: па восемдзесят шэсць гадоў. Антаніна была нашмат маладзейшая, але памятае і іхняе вяселле, і як нажывалі гаспадарку, будавалі хату на ўскрайку вёскі. Потым за імі ніхто і не будаваўся, вёска стала расці ў другі бок, бліжэй да рэчкі Ясянкі.

Ехаць было недалёка, у суседні раён. Але гэта калі маладыя гады, а тут няпроста. Ад аўтобуса да Міхайлаўкі трэба ісці тры кіламетры па палявой дарозе. Перакладваючы з рукі ў руку сумку з пачастункамі, кабета крочыла няспешна: не надта паспяшаешся на хворых нагах. Пасля летняй засухі шчодра палітая дажджамі трава адпівалася, зелянела.
— Усё адно як вясной, — з­дз­і­­вілася Антаніна. — Трава адап`ецца, а вёскі ўжо ніколі… У нашай Міхайлаўцы больш як пяцьдзясят хат было. Колькі дзяцей у школу бегалі праз гэта поле і недалёкі лясок у суседнюю Кастромку! Усё змыў час…

Яшчэ здалёк убачыла на лаўцы пры плоце адзінокую постаць сястры. Паклаўшы абедз­ве рукі на кіёк, яна ўглядалася ўдалечыню, пазнавала, хто ідзе па дарозе. Пазнала толькі тады, як Антаніна параўнялася. З упалых старэчых вачэй пакаціліся слёзы.

— Здарова, Адоля! — весела павіталася Антаніна. Не па імені назвала, а па прозвішчы, якое было нязвыклае для гэтых мясцін. Казалі, што Кастусёў бацька Іван Адоля некалі прыйшоў сюды ў прымы з чужой старонкі, нават называлі якой, але яна забылася.

Антаніна села на лаўку, паставіла побач сумку. Хацела абняць сястру, але тая адхілілася:

— Я злая на цябе! — сказала, выціраючы зморшчанай рукой слёзы.

— Авохці! Чаго ж гэта?!

— Авохці-і… — перадражніла. — А таго, што на пахаванне Кастуся не прыехала. Званіла ж табе яго пляменніца ажно два разы.

— Званіла, канешне, але я сама была хворая, толькі што з бальніцы выпісалася. Сэрца зноў лячыла, ды хіба яго вылечыш, старое?

— То пойдзем у хату, госцечка мая.

— Давай крышку пасядзім, так цёпла і хораша ў прыродзе, а на душы сумна. Вунь і маю хату амаль праглынула кустоўе, ледзь страха відаць… — заплакала Антаніна.

— І адкуль яно, паганае, бярэцца? Хай толькі не стане гаспадароў, так і лезе, так і прэ.

Памаўчалі, потым Ванда загаварыла зноў:

— Цяжка мне без Кастуся, ой цяжка! І гадзінкі няма, каб не ўспомніла яго, не паплакала. Залатое сэрца было ў чалавека!

— О, бачыш! А некалі ж так не хацела ісці за яго замуж. Ледзь не сілай бацькі выперлі. Усё крычала: «Не люблю! Як жыцьму з нелюбімым?!» Усё з суседа вачэй не зводзіла, з Антося Смарскага, пустадомка чубатага. А Кастусь быў добры, працавіты.

— І добры, і працавіты, і любіў мяне. Перад вяселлем, памятаю, сказала яму: «Раз ужо так бацькі хочуць, то пайду за цябе, але ведай: не люблю!» — «Ну і што? — смяецца. — Адной маёй любові хопіць на дваіх!» Як гляну, бывала, на яго васпаваты гарбаносы твар, чырвоныя, як усё адно сонца на ўзыходзе, валасы… Здаецца, бегла б куды вочы глядзяць. А ён усё прасіў: «Нарадзі мне, Вандачка, сыночка! Можна і дачушку, але сыночка лепш. Вельмі я дзетак хачу!» І хату для дзетак пабудаваў, і ўсё стараўся рубель зарабіць, на цагельні высільваючыся…

— Так і не даў Бог вам дзетак…

— Бог даў, ды чорт забраў! Як зразумела, што цяжарная, то ўсяляк старалася пазбавіцца ад плода. І камяні ў полі за выганам падымала, і ў пуні з сена скакала. Дабілася-такі свайго, скінула…

— Ну і дурная! І навошта?

— А, думаю, як народзіцца дзяўчынка ды такая брыдкая, як Кастусь, як жыцьме? Хто яе замуж возьме?

— Ой, якая ж ты дурная!

— Потым, як пажыла з Кастусём, як сама яго палюбіла, ужо і хацела дзіцяткі, ды Бог пакараў за тую жорсткасць: не даў другой цяжарнасці. Я тады ўжо зразумела, што не на твары прыгажосць чалавека, а ў душы, у дабраце ягонай. Ды позна…

— І што Кастусь? Змірыўся, што ты бяздзетная?

— Ну я ж напляла, што некалі вельмі застудзілася, як зімой правалілася ў палонку, маўляў, таму і не магу мець дзетак…

— А ён?

— Нічога, кажа, Вандачка, як не лёс нам з табой стаць бацькамі, то і так жыцьмем. Што ж зробіш, супроць лёсу не папрэш…

Я слухала яго, а самой выць хацелася, галавой аб сцяну біцца. Усяляк праклінала сябе… Жыць не хацела… Ды бачыш, ніякая халера не ўзяла! Ён першы лёг у магілу, а я ся­джу тут адна як сава ў дупле… На мінулым тыдні прыходзілі з сельсавета, хацелі ў дом састарэлых аформіць. Не зга­дзілася… Яшчэ сама што-кольвечы раблю ў хаце, сацыяльная работніца памагае. Няшмат ужо мне засталося зямлю таптаць, бо колькі ж можна…

Яны ўсталі з лаўкі, і Ванда павяла госцю ў хату, што некалі будавалася для дзетак, ды так і не пачула дзіцячага галаска…

Scroll Up