Платное объявление

Comments

Платное поздравление

Слоним
weather
-1
Зельва
weather
-1
Волковыск
weather
-1
Мосты
weather
-1
Дятлово
weather
-1
Барановичи
weather
-1
EUR 2.4136
USD 2.1204
RUB(100) 3.2021
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Наша інтэрв`ю Галоўны рэжысёр Слонімскага драмтэатра: «Патрабую ад артыстаў адданасці прафесіі…»

14 сентября 2018 12:33
226
Поделиться:
Напярэдадні адкрыцця тэатральнага сезона карэспандэнт «ГС» у гутарцы з галоўным рэжысёрам Слонімскага дзяржаўнага драматычнага тэатра Васілём Сяўцом даведаўся, што чакае мясцовага гледача ў бліжэйшы час і чым сёння жыве тэатр у Слоніме

— Васіль Васільевіч, найперш хочацца запытацца, чым парадуе сваіх гледачоў наш тэатр у новым тэатральным сезоне?

— Тэатральны сезон мы адкрываем новым спектаклем для дарослых «Вяселле дазваляецца» з класічным сюжэтам пра стасункі паміж мужчынам і жанчынай. Для дзяцей пакуль пакажам «Зялёны атрад», які ўжо ёсць у нашым рэпертуары. Аднак для дзетак на падыходзе новы спектакль — гэта казка «Чырвоная шапачка» Сяргея Астраханцава па матывах казкі Шарля Перо. Гэта будзе такое крыху незвычайнае сучаснае ўвасабленне гэтай класічнай казкі. Спадзяюся, прэм`ера «Чырвонай шапачкі» адбудзецца ўжо ў канцы верасня, альбо ў пачатку кастрычніка.

— А яшчэ якія прэм`еры чакаюцца?

— Да канца года плануем зрабіць яшчэ адну прэм`еру для дзяцей «Падарунак для Зорачкі» — гэта зімовая, навагодняя казка. Для дарослых, мяркую, будзе пастаўлены «Дыяген» Барыса Рацара. Гэтая п`еса была напісана і пастаўлена ўжо даўно, але, мне здаецца, не страціла сваёй актуальнасці і цяпер. Яшчэ са студэнцкіх гадоў я планаваў паставіць яе, але ўсё не выпадала. Я папрасіў загадчыка літаратурнай часткі нашага тэатра Сяргея Чыгрына, каб знайшоў гэтую п`есу, ён знайшоў, дзе яна надрукавана. Цяпер застаецца толькі яе адтуль забраць. Мяркую, што ў наступным, 2019-м годзе, «Дыягена» Барыса Рацара мы ўсё ж паставім на нашай сцэне. Яшчэ ў планах на наступны год значацца некалькі новых казак для дзяцей. Зараз да нас просяцца на пастаноўку сваіх спектакляў маладыя рэжысёры. Каб былі магчымасці, было чым аплаціць, то я б з задавальненнем іх запрашаў хаця б для таго, каб разбавіць нашы з Міхальчык спектаклі. Бо новае заўсёды можа быць цікавым. Але такіх магчымасцяў амаль няма. Праўда, цяпер мы разглядаем варыянт, каб узяць на пастаноўку спектакль маладога рэжысёра, слонімскага хлопца, які скончыў Акадэмію мастацтваў і аспірантуру, вучыўся ў мастацкага кіраўніка Рыгора Іванавіча Баравіка, у якога ў свой час вучыўся і я. Рыгор Іванавіч вельмі добрай пра яго думкі і рэкамендаваў нам даць яму працу.

— Давайце крыху адыдзем цяпер у нашай гутарцы ад рэпертуару. Скажыце, калі ласка, як наогул працуецца сёння работнікам тэатра і як вам працуецца ў новым будынку?

— Ведаеце, мы працуем для людзей, і наша праца вельмі моцна, ці нават наўпрост залежыць ад становішча ў краіне. Калі становішча было лепшым — у нас былі поўныя залы. Калі становішча пагаршаецца — і ў нас назіраецца спад, спад і спад. У нас бываюць бясплатныя паказы да нейкіх святаў — Дня Перамогі, ці Незалежнасці, напрыклад. На такіх паказах зала заўсёды поўная, што б мы не ставілі. Яшчэ прыходзіцца і адмаўляць людзям, бо ўжо ўсе месцы занятыя. Гэта кажа пра тое, што чалавеку і 10-12 рублёў складана выдаткаваць на квіткі, каб схадзіць з жонкай, ці сяброўкай у тэатр… Радуе, што ў тэатр прыходзіць шмат моладзі… А што датычыць працы ў новым будынку, то тут, канечне, працуецца лепш, чым раней. Калі параўноўваць, то гэта як жыць у сваёй новай кватэры. А раней жылі як на здымнай кватэры.

— І колькі ўжо гледачоў наведалі тэатр у новым будынку?

— Пераехалі мы вясной 2014 года. За гэты час нашы спектаклі тут паглядзелі каля 46 тысяч чалавек. Найбольш гледачоў было ў першыя гады пасля наваселля. У тым жа 2014 годзе было прададзена больш за 10 тысяч білетаў, у 2015-м — 14 тысяч. А потым пайшоў спад. У мінулым годзе наш тэатр наведалі 8 458 чалавек.

— Як лічыце, хто сёння ваш самы адданы глядач?

— Слонімцы — нашы самыя адданыя гледачы. І сярод іх хапае розных катэгорый людзей па ўзросту і роду заняткаў. Глядзець спектаклі да нас ходзяць як сталыя людзі, так і моладзь, што, паўтаруся, нас вельмі радуе. Некаторыя ходзяць па пяць разоў на адзін і той жа спектакль. Гледачы ёсць самыя розныя, але, зразумела, хацелася б, каб іх было больш.

— На якіх акцёрах сёння трымаецца рэпертуар тэатра? Ці хапае ў тэатры артыстаў?

— У трупе сёння працуюць 15 чалавек артыстаў, і гэтага мала, вельмі мала для такога горада як Слонім. Для нашага тэатра патрэбна хаця б 20, а лепш 22-25 акцёраў. Але мы не маем для гэтага цяпер фінансавых магчымасцяў. А маем 15 чалавек, і на іх, літаральна ўсіх, і трымаецца сённяшні рэпертуар, бо задзейнічаны і іграюць у спектаклях усе артысты трупы. Яе ж аснову, касцяк складаюць сталыя артысты, якія даўно ў нас працуюць — гэта Ірына Яцук, Віка Міхальчык, Наталля Шугай, Уладзімір Навумік, Сяргей Фурса, Сяргей Яўменаў. З маладых магу наз­ваць, хіба, толькі Галіну Ерамейчык. Іншыя з маладых альбо нядаўна прыйшлі, альбо сышлі з прафесіі на большыя заробкі, ці з`ехалі працаваць за мяжу.

— Васіль Васільевіч, што Вы як рэжысёр найперш патрабуеце і чакаеце ад артыстаў у сваёй працы?

— Найперш чакаю і патрабую ў працы ад артыста адданасці гэтай прафесіі. Калі пасля каледжа, ці ВНУ да нас прыходзіць малады артыст, пачынае працаваць і бачыць, што заробкі тут ніякія, пачынае шкадаваць, што пайшоў вучыцца на артыста, а на працы толькі адбывае тыя два гады, якія дзяржава адмерала яму пры размеркаванні — такія людзі мне не цікавыя, я з імі не займаюся і імі не пераймаюся. І ёсць іншыя маладыя, якія шукаюць варыянты, каб недзе зарабіць яшчэ, але стала і творча працуюць тут, у тэатры. Апошнія — і ёсць наш патэнцыял і будучыня тэатра. Так, прыходзіцца працаваць на двух, ці нават трох працах, каб выжы­ваць. Нехта ў музычнай школе падпрацоўвае, нехта вяселлі вядзе, яшчэ недзе працуе па начах і ў свае выхадныя. Канечне, гэта не нармальна, гэта дрэнна. Але я спадзяюся, што наша краіна дарасце ўрэшце да разумення таго, што людзі мастацтва, творчыя людзі павінны атрымліваць за сваю працу варты заробак. Гледзячы на сённяшняе жыццё, баюся, што сам я не дажыву да гэтага часу, хоць хацелася б, канечне. Але я вельмі хачу і спадзяюся, што моладзь, якая сёння прыходзіць да нас працаваць, да гэтага часу дажыве… Я не рэжысёр-дэспат, ці тыран у працы з артыстамі, на жаль. Магчыма, патрэбна быць такім, але такім я быць не магу. А патрабую ад артыста толькі адданасці прафесіі, сапраўднай творчай супольнасці ў калектыве, каб трупа была — сапраўдная прафесійная каманда.

Обратите внимание
Scroll Up