Слоним
weather
6
Зельва
weather
6
Волковыск
weather
10
Мосты
weather
10
Дятлово
weather
10
Барановичи
weather
24
EUR 2.4488
USD 2.082
RUB(100) 3.1507
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

Імгненні лета-2018.Частка другая

15 сентября 2018 9:57
161
Поделиться:
Мінаецца хутка ўсё. Час няспынны, а з яго імгненняў складаецца наша жыццё. Адны такія імгненні хутка забываюцца, іншыя помняцца доўга, некаторыя застаюцца ў памяці назаўсёды. Сёння прапаную вашай увазе замалёўкі з нашага тутэйшага жыцця, якія падаліся найбольш яркімі сярод імгненняў адыходзячага лета.

АртБУШ
Упершыню ў жыцці сёлета пабываў на адкрыцці прыватнай мастацкай галерэі. Адбылося гэта 26 ліпеня ў вялікім доме мастака Міколы Бушчыка і яго жонкі паэткі Святланы Бушчык на вуліцы Войкава, 88.

«Дом Бушчыкаў трэба шукаць ад бальніцы бліжэй да горада», — патлумачыў Сяргей Чыгрын, які пасля адкрыцця галерэі «АртБУШ» у Бушчыкаў чытаў у той вечар свае вершы з будучай кнігі «Апалінэр».

Аднак адразу трапіць ад аўтобуснага прыпынку каля бальніцы па патрэбным адрасе не атрымалася, хоць у настаўніцкім інтэрнаце на Войкава, 21 у Слоніме я пражыў калісьці шэсць гадоў. Толькі ўбачыўшы купку слонімскіх мастакоў на чале з Андрэем Сідаравым, зразумелі мы з жонкай, што ідзем у правільным кірунку. А далей — як у казцы. З вуліцы адразу падымаешся па вонкавай лесвіцы на другі паверх трохпавярховага дома і адразу трапляеш у карцінную галерэю. Палотны мастака тут вісяць не толькі ў вялікай зале, дзе пачалося мерапрыемства, але і ў калідоры, і на лесвічных пляцоўках, і на трэцім паверсе, дзе знаходзіцца майстэрня Міколы Бушчыка.

— Мікола, чаму жанчыны амаль на ўсіх Вашых карцінах ляжаць? — пытаюся ў мастака.

— Тут усё вельмі проста. Я люблю, калі жанчына ляжыць, — адказаў майстра.

А перад тым яго жонка Святлана патлумачыла гасцям, што галерэю «АртБУШ» яны з мужам вырашылі адкрыць у сваім доме, каб тут без нейкага афіцыёзу маглі збірацца творчыя людзі са Слоніма, Гародні, Мінска ці нават з замежжа на культурніцкія імпрэзы, каб гучала музыка, чыталіся вершы ды ладзіліся мастацкія выставы. «А яшчэ я хачу звярнуць увагу на тое, што працоўнай мовай нашых сустрэч будзе беларуская», — дадала гаспадыня і кіраўнік Слонімскай суполкі Таварыства беларускай мовы.

Далей, пасля эмацыйнага выступлення Сяргея Чыгрына, чытаў свае вершы па-беларуску Уладзімір Лабко, а пасля яго мастак і паэт Аляксандр Сцяцэнка выступіў з паэтычнымі творамі на беларускай, украінскай і рускай мовах. Так што моўная дэмакратыя вытрымлівалася.

Падобна, што Бушчыкі адра­­джаюць у Слоніме колішнюю Сядзібу муз у сваёй хаце, думаў я пасля развітання з гаспадарамі.

«І як яны так адважыліся пусціць у свой дом чужых людзей?» — выказала, напэўна, не толькі сваю думку Вольга Шынкевіч. Але чужых, здалося мне, там не было.

Петрыкевічы
Ёсць такія знакавыя беларусы, якія з часам становяцца пэўным сімвалам канкрэтнага месца не ў гістарычным кантэксце, а ў часе сённяшнім.
У суседнім Дзятлаве для мяне такім чалавекам з`яўляецца Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч.

Вось жа, пажылы дзядзька, з хворымі нагамі, а колькі ў ім энергіі, таленту і ўмення зла­дзіць добрую справу, думаў я, стоячы на пляцоўцы каля Дзятлаўскага краязнаўчага музея 4 жніўня, калі Валерый Міхайлавіч адкрываў мемарыяльную шыльду ў гонар свайго бацькі, стваральніка і першага дырэктара гэтага музея Міхаіла Петрыкевіча. Такая патрэбна нам, беларусам, пераемнасць пакаленняў, яшчэ думалася ў той дзень. Адзін Петрыкевіч стварыў найлепшы ў свой час у рэспубліцы раённы краязнаўчы музей, а другі спрычыніўся ці не да ўсіх мясцовых ініцыятыў па ўшанаванні памяці выбітных землякоў у час найноўшай гісторыі. Толькі ўсталяваць у Зачэпічах камень-валун у гонар трох мясцовых паэтаў — Праменя, Струменя, Граніта ды арганізаваць (хай сабе і з дапамогай Саюза беларускіх пісьменнікаў) абласное свята беларускай паэзіі ў гэтай вёсцы, куды ўжо другі год едуць творцы з усёй Гарадзеншчыны і не толькі — гэта трэба ўмець і трэба пастарацца.

Дзіўнае гэта пачуццё — раптоўная павага да амаль незнаёмага табе па асабістых стасунках чалавека. У Дзятлаве за два апошнія леты такое пачуццё абудзіў у мяне Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч, сапраўдны грамадскі актывіст і няўрымслівы руплівец на ніве беларушчыны.

Калі ж параўноўваць са Слонімам, то і ў нас не пуста на лю­дзей. Тыя ж Бушчыкі прыемна здзівілі сваёй галерэяй. Яшчэ раней выклікаў павагу Віктар Марчык, які пайшоў сядзець суткі пасля «Маршу недармаедаў», як казалі тады, адзін за ўсіх.

Працяг будзе

Фота аўтара і з архіва «ГС»

Scroll Up