Слоним
weather
7
Зельва
weather
7
Волковыск
weather
10
Мосты
weather
10
Дятлово
weather
10
Барановичи
weather
24
EUR 2.45
USD 2.0788
RUB(100) 3.1389
Цены на жизнь
Минимальная з/плата: 305 руб.
Бюджет прожиточного минимума: 206,58 руб.
Тарифная ставка первого разряда: 34 руб.
Базовая величина: 24,5 руб.
Ставка рефинансирования: 10,5%

На жыццёвых скрыжаваннях: страціць і знайсці

16 сентября 2018 13:30
154
Поделиться:

Малюнак Яўгена іванова

Цягнік з Маладзечна ў Гудагай неўзабаве павінен быў адправіцца, як у вагон усцягнуўся п`яны мужчына сярэдніх гадоў. Хістаючыся, ён ішоў па праходзе і нарэшце плюхнуўся на сядзенне.

— Развялося іх як каларадскага жука ў бульбе, — незадаволена прабубніла бабулька, што сядзела насупроць мяне. Старэнькая, худзенькая, у чорнай куртцы і сіняй канаплянцы. І то сказаць: на двары быў лістапад, сыра і холадна.

— Каго развялося? — незразумела салідная дама гадоў шасцідзесяці, наша суседка па вагоне. Апранута ў дабротнае дэмісезоннае паліто, на галаве капялюшык, такі ж карычневы як і паліто. І вопратка, і манеры — усё ў ёй выдавала гараджанку.

— Каго-каго, ды п`яніц гэных! — патлумачыла старэнькая. — У нашай вёсцы таксама ёсць. Некалі паз`язджалі ў гарады, а як спіліся, то жонкі павыпіралі з кватэр. І куды едуць? Вядома, што да бацькоў у вёску.

— Ну, ад п`янства можна вылечыцца, калі вельмі захацець.

— Кажаш так, бо не ведаеш. Ніхто з нашых не вылечыўся!

— Ведаю… — гледзячы ў акно, за якім стаяў густы туман, мовіла дама. — Я сама некалі вельмі моцна піла.

— Няўжо?!

— Гэта праўда… Маладая тады была, працавала на спіртзаводзе лабаранткай. Неяк неўпрыкмет, глыток за глытком… Муж спачатку цярпеў, стараўся адвучыць, але алкагалізм горш, чым якая зараза. Урэшце-рэшт ён адсудзіў у мяне маленькага сыночка, звольніўся з работы і паехаў з ім у другую вобласць да сваіх бацькоў. А я засталася адна… Яшчэ два гады боўталася ў алкагольным балоце, а потым палячылася, узяла сябе ў рукі і вылезла.

— Маніш! — не паверыла бабулька. — Такая прыгожая пані і некалі была п`яніцай!

— Навошта мне маніць, самі падумайце. Кінула я той спіртзавод, паступіла ў педагагічны інстытут, закончыла і да самай пенсіі працавала настаўніцай хіміі.

— А сыночка свайго, што муж адсудзіў, ці знайшла потым? — ад цікаўнасці бабулька ажно заварушылася на сядзенні, паправіла на галаве канаплянку.

— Не знайшла, хоць і шукала. Потым даведалася ад яго сябра, што муж змяніў прозвішча і сабе, і хлопчыку. Шукай ветру ў полі…

— Дык а сябра ж той не сказаў?

— Ага, скажа ён, як жа! Таго хоць на гарачае вуголле стаў, то не дапытаеш. Нават не паглядзеў на тое, што я ўжо даўно не п`ю, што закончыла інстытут і маю добрую работу. На ўсе мае просьбы мовіў так:

— Алкагалізм — гэта назаўсёды. Варта табе выпіць чарку і зноў з галавой акунешся ў п`янства. Такім як ты веры няма.

— Паскудны чалавек, бязжаласны, — махнула рукой бабулька.

— Нічога не зробіш, што заслужыла…

— Так і пражыла адна?

— Чаму ж, не адна. Калі мне мінула за сорак, да нас у школу прыслалі новага дырэктара, старога халасцяка, крыху старэйшага за мяне. Прыгожы такі мужчына, прыстойны. Дабрадзейкі школьныя адразу ж данеслі пра мяне, так бы мовіць, расказалі ўсю біяграфію.

— А ён?

— А ён ні на што не паглядзеў і нікога не паслухаў… Праз паўтара года ўзяў мяне замуж.

— А дзеткі ёсць?

— Сынок у нас ёсць. Закончыў універсітэт, працуе ў Мінску фармацэўтам. Летась ажаніўся, неўзабаве ў мяне народзіцца ўнучак. Некаторыя жанчыны ў такім узросце ўжо прабабкамі становяцца, а я толькі бабкай буду. Мне ж ужо шэсцьдзесят шэсць.

— Добра выглядаеш на такія гады… Але ж глянь ты, як усё выйшла! — парадавалася чужому шчасцю спагадлівая бабулька. — А ў таго, першага сына, напэўна, ужо і свае ўнукі ёсць? Каб жа ведаць…

— А я ведаю, няма яшчэ, але дачушка яго ўжо дарослая, нявеста…

— Адкуль жа ты ведаеш? Хіба потым знайшла яго?

— Сам знайшоўся… У мінулым годзе, якраз напрадвесні, мая блізкая сяброўка ляжала ў абласной бальніцы, ёй рабілі аперацыю. Перад выпіскай пазваніла і кажа:

— Як прыедзеш забіраць мяне, купі хірургу прыгожы букет ружаў. Вельмі ж добры доктар і чалавек, хачу яму аддзячыць.

— Ну, я паехала ў абласны горад забіраць сяброўку, бо яна адзінокая, больш няма каму. Купіла ружаў і пайшла ў бальніцу. Іду па калідоры хірургічнага аддзялення і раптам нібы спатыкнулася, нібы зачапілася за што: насустрач крочыць высокі доктар, абліччам як мой былы муж у маладосці, нават рукамі гэдак махае і крокі шырокія, размашыстыя. Я стаю слупам і не магу паварушыцца. І ён спыніўся.

— Мішачка… Сынок… — шапчу здранцвелымі губамі. — Гэта ж ты, мацярынскае сэрца не можа памыліцца!

— Вы мая мама?! Гэта праўда?!

— Праўда, — кажу. — Як жа доўга я цябе шукала! Бывалі такія мінуты, што толькі ты трымаў мяне на гэтым свеце, толькі дзякуючы табе я стала такой, якая ёсць цяпер.

Ён абняў мяне, павёў у ардынатарскую і мы крышку пагутарылі, так, на хаду. Сказаў, што бацька неўзабаве аддаў яго ў дзіцячы дом, бо новая жонка і слухаць не хацела пра хлопчыка. Але потым усё склалася вельмі ўдала: Мішу ўсынавілі прыстойныя людзі, выхавалі, дапамаглі набыць адукацыю.
Завёзшы сяброўку дадому, я ў той жа дзень вярнулася ў абласны горад. У госці да сына, нявестачкі, унучкі. А праз тыдзень усе яны прыехалі да нас. І мой малодшы сын з сям`ёй прыехаў. Вось такая ў мяне цяпер вялікая радня!

Чуллівая бабулька заплакала, а потым устала і пацалавала суседку:

— Рада за цябе, галубка… Ёсць такі Бог на свеце!

Scroll Up